Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапікі замянілі на гандаль зь зямлі


Віцебскія прдпрымальнікі абураныя: у свой час паводле распараджэньня гарадзкіх ўладаў былі зьнесеныя шапікі, якія гандлявалі гароднінай, садавіной, кандытарскімі вырабамі ды гаспадарчай драбязой.

Тлумачэньне было такое: шапікі ўздоўж вуліц псуюць зьнешняе аблічча “культурнай сталіцы Беларусі”. Гаспадары былі вымушаныя ліквідаваць свае гандлёвыя пункты, але зусім нядаўна на гэтых самых месцах ізноў распачаўся гандаль. Так званы “гандаль зь зямлі”, калі гандляры ня маюць на яго дазволу, а тавар раскладаецца ў антысанітарных умовах.

Віцебскіх прадпрымальнікаў дужа ўстурбавала гэтая сытуацыя. Вось як камэнтуе яе старшыня аргкамітэту па стварэньні недзяржаўнага прафсаюзу “Разам” Ірына Яскевіч:

Ірына Яськевіч
“Да мяне зьвярнуліся прадпрымальнікі, што ў тых месцах, дзе ім гандляваць забаронена, цяпер стаяць іншыя людзі, якія гандлююць і садавіной, і цукеркамі, і печывам без усялякіх дакумэнтаў. І гэта чамусьці не хвалюе ні санстанцыю, ні міліцыю. Ні нават падатковую інспэкцыю: аказваецца, гандляваць і плаціць падаткі нельга, а гандляваць без дакумэнтаў і не плаціць падаткі дзяржаве можна. Ці нейкія грошы ўсё ж плацяць некаму іншаму…”

Як высьветлілася, віцебская міліцыя цалкам у курсе гэтай справы: падчас рэйду, на які Ірына Яскевіч выехала разам зь міліцыянтамі, выявілася, што людзей у форме гандляры ведаюць выдатна і зусім не баяцца:

“Відовішча было непрыемнае. Да нас выйшаў падпіты мужчына, ... з бутэлькай у кішэні. Спытаў спачатку: “Чаго вы сюды прыйшлі?” А потым, калі мяне заўважыў, зь вялікім зьдзіўленьнем кажа: “Гэта ў нас міліцыянэр новы?” Больш красамоўна, здаецца, сказаць ужо нельга”.


Супрацоўнікі міліцыі цьвердзяць Ірыне Яскевіч, што ня маюць у дадзенай сытуацыі ніякіх сродкаў уплыву. Маўляў, у новым кодэксе аб адміністрацыйных парушэньнях больш няма артыкула пра канфіскацыю тавару за незаконны гандаль. У адказ вынаходлівая прадпрымальніца прапанавала міліцыянтам іншы варыянт:

“Можна, напрыклад, папярэдзіць усіх зранку, што яны парушаюць правілы гандлю, а праз гадзіну, скажам, прыехаць ізноў — і гэта ўжо будзе непадпарадкаваньне патрабаваньням работнікаў міліцыі. Я не разумею, чаму нельга зрабіць нейкія захады!”

Ірына Яскевіч разам з калегамі напісала шэраг лістоў у адпаведныя арганізацыі — у МУС, Дзяржкантроль, Дэпартамэнт прадпрымальніцтва і ў падатковую інспэкцыю і чакае адказаў на пытаньне, чаму раней супраць “гандлю зь зямлі” абвяшчаліся цэлыя кампаніі, а цяпер ён нібыта ўзаконены. Яна кажа, што цалкам разумее пазыцыю мясцовых жыхароў, якім зручна, каб гародніна або нейкія прысмакі прадаваліся недалёка ад дому ды па таньнейшых, як у краме, коштах. Аднак незразумела, чаму гандляваць усім гэтым не дазваляюць прадпрымальнікам і на законных падставах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG