Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Данілаў. Яму дзявяты дзясятак, нарадзіўся ў Драгічынскім раёне. Вэтэран Вялікай Айчыннай: быў партызанскім сувязным, на фронце, мае раненьні. Ганарыцца ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені, мэдалём “За баявыя заслугі”. Аўтар кніжак “Запіскі заходняга беларуса” і “Роздум заходняга беларуса”. Лекар-гематоляг і тэрапэўт, практыкуе дагэтуль.


Што для вас свабода?


Мажлівасьць выяўляць свае думкі.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Пакуль нішто, і спадзяюся на лепшае. У жыцьцёвым — хутка прыйдуць праблемы старасьці (memento mori).


Што для вас шчасьце?

Вельмі сьціпла: добрыя адносіны дома і на працы.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Цяпер пакуль нічога.


Які талент вы хацелі б мець?

Музыканта, на дадатак да маёй прафэсіі


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Прэзыдэнтам Украіны Віктарам Уладзімеравічам Юшчанкам.


Што вы найбольш любіце рабіць?


Займацца сваёй прафэсійнай справай і пісаць свае ўспаміны.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Памылак у жыцьці было многа, але ж лёс свой ня зьменіш.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Ад свайго камандзіра партызанскага атраду, калі ў Чонках пад Гомелем у 1944 годзе, дзе мы знаходзіліся пасьля злучэньня з Чырвонай Арміяй і дзе я запісаўся ў нейкі “польскі” атрад спэцназначэньня i панёс яму на подпіс характарыстыку. Ён яе парваў і сказаў: “Ня лезь у польскае пекла”.


Які ваш улюбёны дэвіз?

“Праца!”


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У дэмакратычнай.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У сваёй вольнай Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У постсавецкую.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Вярнуў бы наш гістарычны бел-чырвона-белы сьцяг.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Добрыя, дзелавыя.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Добрасуседзкія.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Ня ведаю. Я на сабе пакуль дыктатуры — той ранейшай, савецкай — не адчуваю.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?


Ня ведаю. Яна ўжо трошкі мяняецца ў лепшы бок.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Тады, калі па-беларуску загаворыць эліта.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Тады пра нас, як пра тых прусаў, будуць казаць: зьніклыя беларусы.
XS
SM
MD
LG