Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Данілаў: 17 верасьня – дата, калі варта адчуць хлусьню


Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Іван Данілаў. Яму дзявяты дзясятак, нарадзіўся ў Драгічынскім раёне. Вэтэран Вялікай Айчыннай: быў партызанскім сувязным, на фронце, мае раненьні. Ганарыцца ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені, мэдалём “За баявыя заслугі”. Аўтар кніжак “Запіскі заходняга беларуса” і “Роздум заходняга беларуса”. Лекар: гематоляг і тэрапэўт, практыкуе дагэтуль.


– Мне ўжо 85…

– Ніколі не дасі!

– Ну…

– А сакрэт?

– Ніякага: жыву, як усе. Справа ў генэтыцы. Заходнебеларускай.

– Адкуль вы менавіта?

– Драгічанскі раён, вёска Ляжыткавічы.

– Памятаеце жыцьцё пад Польшчай? Як яно складвалася ў вашых краях?


– Выразнае ўражаньне, што палякі прамарудзілі з хутарызацыяй краю. Правялі яе толькі ў 1934-м. Аднак адразу пасьля гэтага нашы людзі сталі жыць лепей. І, паверыце, маральны клімат зьмяніўся ў лепшы бок. Прычым значна!

– Як складваліся дачыненьні з палякамі?


– Тады пыталіся не пра нацыянальнасьць, а – канфэсію.

– Вы з праваслаўных ці каталікоў?

Дык мы кпілі, што нават у гаспадарцы, названай імем Сталіна, коні былі вельмі кастлявымі…
– З праваслаўных.

– Свая царква за тым часам была?

– Так. Палякі ў гэтым пляне нікога і нічога не чапалі.

– Дарэчы, ва Ўсходняй Беларусі да вайны практычна не засталася ніводнай царквы…


– А ў нас у школе нават “Закон Божы” выкладалі – бацюшкі праваслаўныя. Само сабой у бліжэйшых ваколіцах працавалі два касьцёлы.

– А якой мовай тады карысталіся?

– Лічу, што палякі зрабілі ў гэтым пляне вялікую памылку. У 36-м годзе закрылі беларускія школы – усё перавялі на польскую мову.

– Людзі нейкім чынам супраць гэтага пратэставалі?

– Мужыкі – не, а беларуская інтэлігенцыя – так.

– Ці хацелі ў вас яднаньня з усходнікамі?


– Адзін з нашых нават мяжу савецка-польскую перабег, бо думаў, што там рай, аднак пабачыў іншае. Вельмі бедных людзей.

– Нават у параўнаньні з вашымі вяскоўцамі?

Ячэйкі КПЗБ вельмі добра паставілі агітацыю, тым і тлумачыўся настрой паваенны – за Саветы, супраць палякаў. Дарэчы, ніколі яны не казалі пра тое, што робіцца ва ўсходніх калгасах…
– Ды якое там параўнаньне! Проста жабракамі яны выглядалі. Наш Макар расказваў, як папрасіў у адной з кабет нешта паесьці, а яна ў адказ: “Зараз будзем пячы бульбу, дык кіну, бо хлеба ня бачым ужо паўгоду. Так што ты, Макар, вялікі дурань: прыйдзе ноч – уцякай назад!” Аднак Чырвоную армію мы ўсё ж сустракалі зь вельмі вялікай надзеяй. Аднак калі прыйшла нарэшце, то пабачылі галодных жаўнераў і вельмі худых каней, якія цягнулі гарматы. Цікава: да кожнага конскага хваста была прычэплена фанэрная таблічка з назвай калгасу, адкуль сівак бралі. Дык мы кпілі, што нават у гаспадарцы, названай імем Сталіна, коні былі вельмі кастлявымі…

– Такім чынам, узьяднаньне адбылося – і што?

– Ды якое там узьяднаньне, калі насамрэч мяжа захоўвалася яшчэ вельмі доўга – каб мы не маглі празь яе бегаць, ацэньваць жыцьцё. Там жа яно прайгравала нам, далучаным!

– Калі гітлераўцы напалі на Польшчу, як рэагавалі беларусы?


– Абыякава. А некаторыя, як мой бацька, нават радаваліся.

– Патлумачце!

– Дык ўваходзіў у заходнюю кампартыю, таму гарой стаяў за бальшавікоў, чакаў іх, ведаў, што прыйдуць… Ячэйкі КПЗБ вельмі добра паставілі агітацыю, тым і тлумачыўся настрой паваенны – за Саветы, супраць палякаў. Дарэчы, ніколі яны не казалі пра тое, што робіцца ва ўсходніх калгасах…

– Ці не таму, што й самі нічога ня ведалі пра тое…


– Так, бо бацька сваю агітацыю будаваў на прапагандысцкай літаратуры, якой у КПЗБ было вышэй даху… Усё ішло, прасочвалася празь мяжу з савецкага боку.

– А да прасавецкіх палітычных арганізацый ставіліся з прыязнасьцю?

– Народ ім верыў…

– Ці вядомыя вам нейкія выпадкі рабаўніцтва падчас прыходу чырвоных?


– У каго было два кані – аднаго забіралі. А далей пачалося ўжо і раскулачваньне.

– Забіралі – гэта экспрапрыіравалі?

– Дакладная формула. І вельмі яшчэ прыціскалі польскіх асаднікаў. Нават калі яны былі бедныя – траплялі пад раздачу.

– А народ як да таго ставіўся: маўляў, цяпер на нашай вуліцы сьвята? Або спачувалі?


Аднак да вясны 41-га ўсе адчулі, што ўяўляе сабой гэта сыстэма. І ў нас ужо ніхто у калектывісты не рваўся
– У нашых мясьцінах наагул някепска адносіліся да асаднікаў. І раптам – над імі пачалі чыніць зьдзек: мужыкоў адразу арыштавалі, улучна да 15-гадовых.

– І куды іх?

– Ня ведаю. Лічу, папросту пазабівалі ўсіх. У Курапатах ды іншых такіх мясьцінах…

– Ну а як у вас прайшла калектывізацыя?


– Хуценька арганізавалі калгас у суседняй вёсцы, Язьвінах, бо там была моцная партячэйка. Аднак да вясны 41-га ўсе адчулі, што ўяўляе сабой гэта сыстэма. І ў нас ужо ніхто у калектывісты не рваўся…

– А сілай?

– Рыхтаваліся прымяніць яе, ды не пасьпелі – 22 чэрвеня набегла…

– Як сустрэлі вайну?

– З надзеяй, што ня будзе вялізных падаткаў, прымусовай працы… А шмат народу бралі на будаўніцтва аэрадромаў – тры ці чатыры ад Пінску да Берасьця.

– Рыхтаваліся?

– Так-так. Прычым да нападу. Толькі не пасьпелі…

– А што пры саветах стала з мовай?

– Толькі расейская.

– А людзі – зьмірыліся?

– Зьмірыліся. Аднак ціхія-ціхія, а з 44-га па пачатак 50-х у нас не было ніякіх калгасаў. Бо ў лясах дзейнічалі антысавецкія партызанскія фармаваньні.

– Вы ж, дарэчы, былі ў вайну партызанам савецкім?

– Мы мелі дзьве тады заставы: адну супраць немцаў, а другую – супраць так званых бандэраўцаў. Аднак з апошнімі не ваявалі.

– Ну а пасьля вайны якое было стаўленьне да іх?

– Нашы ў калгасы тыя самыя не хацелі, таму партызаны доўгі час знаходзілі сярод тамтэйшых падтрымку.

– Яна трымалася на страху перад зброяй ці мелася нейкая ідэйная матывацыя?

– Страх ні пры чым – быў антысавецкі настрой.

– А што з тымі, хто трапляўся на падтрымцы “бандэраўцаў” ці калі нехта зь сям’і сыходзіў у лес?


– Дэпартацыя – вывозілі…

– Наперадзе 17 верасьня – што для вас гэты дзень? Сьвята ці дата, якая наадварот прымушае задумацца?

– Дата, калі варта задумацца.

– Пра што?

– Пра тое, што пойдзе зараз новая хлусьня…



XS
SM
MD
LG