Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Лявонаў сумняваецца, што да 8 кастрычніка завершаць “справу Аўтуховіча”


Мікалая Аўтуховіча перавялі з турэмнай лякарні ў агульную камэру. Юры Лявонаў пакуль не бачыць канца сьледзтва. Лісты ад актывіста Арцёма Дубскага не даходзяць “з-за карантыну”?

На гэтым тыдні Мікалая Аўтуховіча, якога пасьля 90-дзённай галадоўкі яшчэ амаль месяц трымалі ў турэмнай лякарні пад мэдычным наглядам, перавялі ў агульную камэру менскага сьледчага ізалятару. Адвакат Павал Сапелка, які бачыўся з прадпрымальнікам, мяркуе, што Аўтуховіч патрапіў ва ўмовы, якія не адпавядаюць ягонаму стану здароўя.

Мікалай Аўтуховіч
“Яго зьмясьцілі ў камэру, дзе людзей болей за колькасьць ложкаў. Лічу, што знаходжаньне Аўтуховіча, якому патрэбны мэдычны нагляд, у такіх умовах фактычна можна назваць катаваньнем”, — сказаў “Свабодзе” адвакат Павал Сапелка.

Паводле адваката, Мікалай Аўтуховіч выглядае значна схуднелым. “Есьць ён толькі садавіну і гародніну, турэмную ежу не ужывае”, — паведаміў адвакат. Камэнтаваць справы сьледзтва Павал Сапелка адмовіўся.

Юры Лявонаў
Ужо болей за 7 месяцаў Мікалай Аўтуховіч, а таксама жыхар Ваўкавыску Ўладзімер Асіпенка знаходзяцца за кратамі. Іх абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта. Паводле МУС, Мікалай Аўтуховіч таксама падазраецца ў падрыхтоўцы тэракту. Вядома, што сваёй віны яны не прызнаюць. Яшчэ аднаго фігуранта справы Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, якога ў жніўні вызвалілі пад падпіску пра нявыезд, 10 верасьня выклікалі да сьледчага на допыт.

Юры Лявонаў: “Быў допыт, але нічога істотнага. Удакладнялі некаторыя моманты. Пакуль не магу сказаць, калі будзе суд. Мяркую, да 8 кастрычніка сьледзтва закончыць не пасьпеюць, бо тады трэба было б пачынаць азнаямленьне са справай, але мяне пра гэта яшчэ не інфармавалі”.

Шмат хто ў Беларусі і сьвеце мяркуе, што Аўтуховіча і ягоных саўдзельнікаў перасьледуюць паводле палітычных прычын. Гэтак сама як і маладзёвага актывіста Арцёма Дубскага, асуджанага на год калёніі за парушэньне ў адбыцьці папярэдняга пакараньня.

Арцём Дубскі
Маці Арцёма пакуль не дачакалася ліста сына з калёніі, у якім той абяцаў паведаміць пра дзень спатканьня. Алена Дубская тлумачыць перапынак ў ліставаньні тым, што сын знаходзіцца ў карантыне.

Адвакат Дубскага Тамара Сідарэнка паведаміла, што на наступным тыдні падасьць скаргу на рашэньне Магілёўскага абласнога суду, які пагадзіўся з пакараньнем актывісту ў выглядзе аднаго году пазбаўленьня волі.

Праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Арцёма Дубскага вязьнем сумленьня па гэтак званай “справе 14”. Менавіта за парушэньні ў адбыцьця пакараньня паводле гэтай справы актывіста засудзілі зноў.
XS
SM
MD
LG