Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка гатовы сябраваць зь любым, хто падтрымлівае яго форму праўленьня”


У “Званках на Свабоду” — дыскусія пра ваенна-палітычныя стасункі Беларусі й Расеі: слухачы выказваюць меркаваньні пра вайсковыя вучэньні “Захад” і ўдзел у іх на беларускай тэрыторыі расейскіх вайскоўцаў. Слухачы “Свабоды” актыўна абмяркоўваюць нядаўні візыт у Беларусь вэнэсуэльскага лідэра Уга Чавэса, прапануюць беларускаму кіраўніку не агітаваць “Купляць беларускае”, а самому паказаць прыклад і пераапрануцца ў беларускае.

Пачынаем з падборкі тэлефанаваньняў пра вайсковыя вучэньні:

Спадар: “Свабода”, добрай раніцы! У мяне меркаваньне. Я раю прыпыніць працу на заводах, вучобу ў навучальных установах, пакуль расейцы-інтэрвэнты ня выведуць свае войскі зь Беларусі. Дзякуй!“

Спадар Алег Мікалаевіч, Жодзіна: “…Чаму вы так на Лукашэнку і на Расею так гаворыце? Вы ж жывяце ў Беларусі! Нам трэба, каб спакойна ўсё было. А калі Расея і Беларусь арганізоўваюць манэўры, дык вы супраць. Чаму так?”

Спадар: “Добры дзень, „Свабода“! Вельмі абурылі словы спадара Казлоўскага, якія казаў наконт вучэньняў Беларусі і Расеі, наконт тых 6 тысяч чалавек, якіх заслалі салдат расейскіх, ён казаў, што ёсьць нейкая дамоўленасьць саюзнай дзяржавы і г.д. Але ёсьць і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, артыкул 18, дзе прапісана, што мы дзяржава нэўтральная, мы ня можам ваяваць ні з кім, ніякіх войскаў ні ўводзіць, ні выводзіць ня можам”.

Слухачы Радыё Свабода актыўна абмяркоўваюць і нядаўні візыт старога сябра беларускага кіраўніка, прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса:

Спадарыня: “Лукашэнка гатовы сябраваць зь любым, хто падтрымлівае яго форму праўленьня. Не дарма кажуць: пакажы свайго сябра, і я скажу, хто ты. Чавэс, як і Лукашэнка, настолькі аднастайны, што нікога практычна як чалавек не цікавіць. Штогадовыя ягоныя паездкі па адным і тым жа маршруце зьяўляюцца нібыта забаўлянкай у ягонай палітычнай дзейнасьці. Я асабіста заўважаю толькі адну зьмену ў ім — мяняецца камплекцыя. Яна павялічваецца з кожным годам настолькі, што няцяжка ўявіць, што будзе зь ім гадоў празь дзесяць”.

Слухачы “Свабоды” актыўна выказваюць свае заўвагі і вельмі крытычна ставяцца да перадач. Ёсьць і такое тэлефанаваньне:

Спадар: “Добры вечар, „Свабода“! Такое меркаваньне. Толькі што праслухаў чарговае эсэ Сяргея Дубаўца. Я б сказаў, гэтага вашага маралізатара. А цікава, ці ён сам хоць дзе ў якім пікеце ўдзельнічаў? Хоць нават на пляцоўцы да суседа заходзіў у госьці, пра тую змову гутарыў? Добра так вось выступаць з маральнымі пасланьнямі. Хай бы сказаў, дзе ён удзельнічаў, хай бы падзяліўся сваім досьведам, можа, дзе пад дубінкі патрапляў”.

Даць адказ на гэтае тэлефанаваньне мы папрасілі грамадзкага рэдактара тыдня, літаратарку Натальлю Бабіну:

“Я лічу Сяргея Іванавіча Дубаўца сапраўды нашым вялікім беларусам. Яго веліч, яго — не пабаюся гэтага слова — геніяльнасьць для мяне менавіта ў тым, што ён у 1991 годзе аднавіў выданьне газэты „Наша Ніва“. Менавіта адтуль, у Дубаўцоўскай „Нашай Ніве“ дасюль віруе беларушчына. Разам з тым, як на маю думку, найвялікшай памылкай Дубаўца было тое, што ён зьехаў на сталае жыхарства ў Вільню і загітаваў зьехаць разам з сабой яшчэ некалькі вядомых, харызматычных, сьвядомых і таленавітых беларусаў. Я нават думаю, што прычына нашых шмат якіх няўдач — гэта ад’езд Дубаўца. Ці перакрэсьлівае гэты ад’езд, гэтая памылка ўсё тое пазытыўнае, што прынёс ці можа прынесьці Дубавец Беларусі? Канечне, не. Таму што жыцьцё не сканчаецца ў 50 год. І, карыстаючыся нагодай, я б хацела павіншаваць спадара Дубаўца зь юбілеем, які будзе хутка, і пажадаць, каб мы і далей лічылі яго нашым беларускім геніем, нашым беларускім гуру, нашым беларускім Дабралюбавым і яшчэ шмат кім нашым беларускім”.

Да такіх шчырых словаў літаратаркі Наталкі Бабінай трэба дадаць, што Сяргей Дубавец быў узнагароджаны летувіскім мэдалём “За адвагу”, а пры абароне Віленскага тэлецэнтру і парлямэнту ў 1991 годзе савецкія жаўнеры былі ўзброеныя ня толькі дубінкамі, але і аўтаматамі. Сяргей Дубавец — ляўрэат прэміі Беларускага ПЭН-Цэнтру. Ён — аўтар кніг “Практыкаваньні” (1991), “Русская книга” (1997), “Дзёньнік прыватнага чалавека” (1998), “Вострая Брама”. А на наступным тыдні, 16 верасьня, адбудзецца прэзэнтацыя ягонай новай кнігі “Як?”.

І на заканчэньне — тэлефанаваньне нашага слухача з парадай кіраўніку дзяржавы.

Спадар: “Прывітаньне ўсім! Яшчэ раз прачытаўшы, убачыўшы такі ці то тост, ці то пажаданьне „Купляйце беларускае“, хацеў бы адзначыць: хай бы галоўны наш чалавек памяняў строі ад Брыёні на „Камітэрн“, таксама купіў бы гарадзенскай фабрыкі туфлі „Нёман“ і клюшку хакейную „Целяханы“, а ня „Хака“ фінская. Вось тады і мы задумаемся”.

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG