Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбылася прэзэнтацыя чарговай справаздачы па рэфармаваньні ўмоў для бізнэсу, складзенай паводле стану на 1 чэрвеня 2009 году адмыслоўцамі Міжнароднай фінансавай карпарацыі Ўсясьветнага банку. Аўтары справаздачы паставілі Беларусь на 4 месца ў сьвеце паводле тэмпаў рэфармаваньня.

У чацьвёрцы лепшых Беларусь стаіць пасьля Руанды, Кіргізіі і Македоніі. Між тым, у агульным рэйтынгу спрыяльнасьці ўмоў вядзеньня малога і сярэдняга бізнэсу Беларусь займае 58 радок, значна саступаючы сваім суседзям Літве і Латвіі (26 і 27 месцы), але апярэджваючы Польшчу (72 месца) і Расею (120 месца). Зь незалежных краін былога СССР найлепшы паказчык мае Грузія — 11 месца. Год таму Беларусь была на 82 пазыцыі.

“Мы ўбачылі вялікія адрозьненьні паводле 10 паказчыкаў, якія мы дасьледавалі. Паводле некаторых Беларусь займае дастаткова высокае месца: 7, 10, 12. Але ў той жа час ёсьць 4 індыкатары, паводле якіх Беларусь не ўваходзіць нават у першую сотню. Мяркую, гэта падкрэсьлівае неабходнасьць шырокіх рэформаў, каб палепшыць бізнэс-асяродзьдзе”, — зазначыў на прэзэнтацыі справаздачы “Вядзеньне бізнэсу 2010” кіраўнік дэпартамэнту Міжнароднай фінансавай карпарацыі Ўсясьветнага банку Ніл Грэгары.

Усяго адмыслоўцы дасьледавалі сытуацыю ў 183 краінах сьвету. У Беларусі знайшлі прагрэс у справах рэгістрацыі прадпрыемстваў, атрыманьня дазволу на будаўніцтва, найманьня працоўнай сілы, рэгістрацыі маёмасьці, падаткаабкладаньня і міжнароднага гандлю.

“Шмат прадпрымальнікаў скардзяцца на тое, што рэальных зьменаў да лепшага сёлета яны не адчулі. У прыватнасьці, не паменела неабгрунтаваных праверак”, — прагучала ад карэспандэнта “Свабоды”, калі зьявілася магчымасьць задаць пытаньні. Вось як пракамэнтавала становішча Сьвятлана Багаўтдзінава, якая працавала над справаздачай:

“Мы заўсёды падкрэсьліваем, што індыкатары вядзеньня бізнэсу не ахопліваюць усяго. Мы звычайна робім такое параўнаньне, што калі вы зьвяртаецеся да лекара, то не абсьледуецеся цалкам, а спачатку вымяраеце ціск”, — адказала дасьледчыца з Усясьветнага банку.

Намесьнік старшыні Дзяржаўнага камітэту маёмасьці Андрэй Гаеў запэўніў, што праверак будзе меней.

“Зараз вядзецца праца па ўпарадкаваньні дзейнасьці правяраючых органаў і на заключнай стадыі знаходзіцца падрыхтоўка адпаведнага заканадаўчага акту, які ўсё паставіць на свае месцы”.

Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Андрэй Тур сказаў на прэзэнтацыі, што, “нягледзячы на крызіс, у Беларусі ёсьць магчымасьць неўзабаве апынуцца сярод 30 краін сьвету, дзе найбольш спрыяльныя ўмовы для вядзеньня бізнэсу”.

Вось як пракамэнтаваў такую заяву незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

“Мяркую, гэтага не адбудзецца. Бо, каб увайсьці ў трыццатку, трэба правесьці сапраўдную лібэралізацыю эканомікі. Гэта значыць, дзяржава ня будзе ўмешвацца ў цэнаўтварэньне, і, па-другое, ніхто вытворцам ня будзе зьверху казаць, што ім вырабляць, колькі і якія тавары выпускаць і каму іх прадаваць. А таксама ня будзе лімітаў на імпарт. Дык вось, мяркую, такіх рэформаў у нас ня будзе, бо яны пагражаюць беларускай мадэлі наагул і небясьпечныя для ўлады Аляксандра Лукашэнкі”.
XS
SM
MD
LG