Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля вёскі Красны Беражок Вялейскага раёну мясцовыя ўлады зьнішчылі крыж на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага — удзельніка антысавецкага беларускага супраціву ў паваенныя гады. Адначасна былі зьнішчаныя яшчэ два крыжы — Усім ахвярам рэпрэсій і Героям Беларусі. Мясцовыя чыноўнікі ня здолелі патлумачыць, хто гэта зрабіў і зь якой прычыны.


Сябры партыі БНФ, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і іншыя актывісты ўсталявалі крыжы 1 верасьня, у дзень нараджэньня Расьціслава Лапіцкага. 9 верасьня іх асьвяціў праваслаўныя сьвятар, айцец Леанід зь Менску, а 10 верасьня крыжы былі зьнішчаныя, паведамляе старшыня Вялейскай суполкі БНФ Аляксей Сюдак:

“На наступны дзень пасьля асьвячэньня мне патэлефанаваў знаёмы і сказаў, што старшыня Асіповіцкага сельсавету паехаў нішчыць крыжы. Мы селі на машыну, паехалі туды, але не пасьпелі — крыжы ўжо зьнішчылі. Потым мы даведаліся, што старшыня сельсавету ўзяў участковага, узялі калгасную тэхніку — мужыкі побач у полі працавалі, яны іх забралі — і паехалі зьнішчылі. Сёньня прыехала сястра Расьціслава Лапіцкага Алена, мы хацелі паказаць ёй крыжы. На месца тое мы яе звозім, а крыжоў ужо няма”.

Мэмарыяльныя знакі былі ўсталяваныя на тэрыторыі Асіповіцкага сельскага савету. Абставінамі зьнішчэньня крыжоў цікаўлюся ў старшыні Мікалая Гіля:

Карэспандэнтка: “Мікалай Іосіфавіч, скажыце, калі ласка, чаму быў зьнішчаны крыж у памяць Расьціслава Лапіцкага?”
Гіль: “Ня ведаю”.
Карэспандэнтка: “Хто быў арганізатарам гэтай акцыі?”
Гіль: “Ня ведаю”.
Карэспандэнтка: “Вы старшыня сельскага савету і нічога ня ведаеце?”
Гіль: “Так, ня ведаю. Кепскі, відаць, старшыня сельсавету”.
Карэспандэнтка: “Відаць што так. Чаму не цікавіцеся ў праваахоўных органах?”
Гіль: “Калі трэба будзе, пацікаўлюся, а пакуль у мяне няма такой патрэбы. І не зьвяртайцеся да мяне з такімі пытаньнямі. Ёсьць органы МУС, выканкам — туды зьвяртайцеся, у вышэйшыя інстанцыі”.

Участковы міліцыянэр Мікалай Мячкоў, у сваю чаргу, паведаміў наступнае:

Мячкоў: “Крыжы гэтыя прыбіраў старшыня сельскага савету, наколькі я ведаю. У яго і пытайцеся, што, як і чаму”.
Карэспандэнтка: “Вы самі былі на гэтым месцы і бачылі, як і што там адбывалася?”
Мячкоў: “Так, быў”.
Карэспандэнтка: “Як участковы, як вы да гэтага ставіцеся?”
Мячкоў: “Па ўсіх гэтых пытаньнях зьвяртайцеся да старшыні сельскага савету. Наконт крыжоў гэтых я ніякіх думак выказваць вам ня буду”.

Намесьнік старшыні Вялейскага райвыканкаму Мікалай Кароткі пракамэнтаваць здарэньне адмовіўся:

Карэспандэнтка: “Каля вёскі Красны Беражок зьнішчаныя тры крыжы. Мікалай Ціханавіч, ці ведаеце, хто гэта зрабіў і на чый загад?”
Кароткі: “Размаўляйце пра гэта зь людзьмі, якія іх усталёўвалі”.

Нагадаю, што гэта ня першы выпадак зьнішчэньня памятнага знаку на месцы расстрэлу Расьціслава Лапіцкага. Летась увосень тут быў усталяваны валун з мэмарыяльнай шыльдай, якую невядомыя зьнішчылі напярэдадні праваслаўнай Радаўніцы. Намесьнік начальніка Вялейскага райаддзелу міліцыі Андрэй Дударчык сьцьвярджае, што па гэтым факце праведзена расьсьледаваньне, але пра ягоныя вынікі не паведаміў. Зьнішчэньне памятнага знаку і крыжоў, якія вырабілі сябры Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, камэнтуе адзін зь лідэраў партыі Павал Севярынец:

“Нават на нямецкіх могілках, па жаўнерах Першай ці Другой усясьветнай вайны стаяць крыжы. БРСМаўцы ў шэрагу выпадкаў прыглядаюць за тымі крыжамі. А па сваіх, беларусах, якія змагаліся за родную зямлю, мы выварочваем. Баяцца памяці, і сатанізм — тут па-іншаму не назавеш”.

Сястра Расьціслава Лапіцкага, 92-гадовая Алена Лапіцкая сёньня наведала месца, дзе стаяў памятны знак і крыжы на месцы гібелі яе брата. Пра зьдзейсьнены вандалізм яна сказала: “Улады баяцца памяці пра Расьціслава Лапіцкага таму, што на ягоным прыкладзе новыя маладыя патрыёты распачнуць змаганьне супраць крыўды, якая існуе і сёньня”.

Расьціслаў Лапіцкі
Расьціславу Лапіцкаму – кіраўніку ды ідэолягу антыкамуністычнага падпольля на Мядзельшчыне й Смаргоншчыне (1948–1950) – 1 верасьня споўніўся б 81 год. Мядзельска-смаргонскае падпольле займалася распаўсюдам антыбальшавіцкіх і антысталінскіх улётак. Па справе падпольля ў 1950 годзе на тэрміны ад 8 да 25 гадоў былі засуджаныя 19 чалавек. Двое былі асуджаныя да расстрэлу. Лапіцкі адмовіўся прыняць памілаваньне ад Вярхоўнага Савету БССР і быў расстраляны ва ўрочышчы Красны Беражок пад Вялейкай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG