Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бураўкін: “У Нью-Ёрку мае быць сымбаль, раўназначны вежам”


11 верасьня 2001 году супраць Злучаных Штатаў была зьдзейсьненая беспрэцэдэнтная паводле маштабаў тэрарыстычная атака. Два захопленыя тэрарыстамі самалёты пратаранілі вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру ў Нью-Ёрку, трэці сьпікіраваў на Пэнтагон у Вашынгтоне, яшчэ адзін самалёт рухнуў у Пэнсільваніі. Ня лічачы тэрарыстаў, агульная колькасьць ахвяраў склала 2974 чалавекі, яшчэ 24, як дагэтуль лічыцца, зьніклі бязь зьвестак. Якія высновы з трагедыі зрабілі амэрыканцы?

У сьпісе ахвяраў трагедыі 11 верасьня — адна беларуска. Яна працавала ў адной зь вежаў Усясьветнага гандлёвага цэнтру. Але пералік мог быць і большым. Музыка, лідэр гурту “Сузор’е” Андрэй Казлоўскі расказвае, што ягоны родны брат Аляксей, які зьехаў у Нью-Ёрк яшчэ пры канцы 1990-х, працаваў у суседнім зь вежамі будынку. Уратаваўся ён толькі таму, што вежы абваліліся крыху раней, чым яму трэба было на працу:

“Ён працаваў там зусім побач, і ўсё, што адбывалася цягам дня, бачыў на свае вочы. А застаўся цэлы найперш з-за таго, што працаваў у другую зьмену. Карацей, пасьля абрушэньня вежаў ісьці ўжо не было куды, у будынку іхнай кампаніі ўсе камунікацыі выгаралі дашчэнту. Пасьля гэтага яго на месяц перавялі працаваць у Атлянту”.

Адным зь першых законапраектаў, падпісаных новаабраным прэзыдэнтам ЗША Баракам Абамам, стала абвяшчэньне 11 верасьня Нацыянальным днём служэньня і памяці. Такую ідэю шмат гадоў прапагандавалі сваякі людзей, якія загінулі падчас трагічных падзеяў 11 верасьня. Сэнс у тым, каб у дзень смутку зрабіць нейкую добрую справу — перадусім маюцца на ўвазе дабрачынныя акцыі і валянтэрства.

Падзеі 8-гадовай даўнасьці ўвойдуць і ў школьны спэцкурс: з дапамогай відэаролікаў і інтэрактыўных заняткаў дзеці будуць знаёміцца зь імі. Дарэчы, праз 8 гадоў так і ня вырашаны лёс месца, дзе стаялі вежы Ўсясьветнага гандлёвага цэнтру. Ёсьць прынцыповае рашэньне аднавіць зьнішчаныя будынкі ў іншым выглядзе, аднак грошай на праект пакуль не знайшлі. Цяпер там мэмарыял.

Ці варта рызыкаваць яшчэ раз, ствараючы тэрарыстам такую прывабную мішэнь для рэцыдыву? Генадзь Бураўкін, які на пачатку 1990-х у рангу Пастаяннага прадстаўніка беларускай місіі ў ААН штодня выхопліваў позіркам вежы-блізьняты, лічыць, што сымбаль у такога мэгаполіса, як Нью-Ёрк, быць усё ж павінен:

“Канечне, гэта павінны вырашаць амэрыканцы, нью-ёркцы. Бо для мяне, напрыклад, калі я там жыў, гэта ў нейкім сэнсе былі сымбалі гораду, нават сымбалі магчымасьцяў — і тэхнічных, дый увогуле ўсёй Амэрыкі. А страчваць сымбалі — гэта для ўсіх непрыемная рэч. Але трагедыя, якая адбылася восем гадоў таму, сапраўды настолькі сур’ёзная, што, можа, яна вымагае не аднаўляць гэтыя сымбалі, а зрабіць нейкі іншы сымбаль. Які ён будзе, як яго зрабіць — сёньня мне цяжка сказаць, для сябе асабіста штосьці ня надта бачу. Я толькі разумею, што як для Нью-Ёрку тыя дзьве вежы былі адметным знакам, можа, нейкі знак на месцы гэтых вежаў таксама зьявіцца, які стане сымбалем. Цалкам можа такое быць. Але вырашаць гэта і рабіць — самім нью-ёркцам, амэрыканцам”.

Палітоляг Андрэй Фёдараў ня так даўно вярнуўся з ЗША, цягам паўгода працаваў у Вашынгтоне. Кажа, што ў бальшыні сваёй амэрыканцы жывуць іншымі праблемамі, а тэма верасьнёўскай трагедыі ўзьнікае напярэдадні чарговай гадавіны. Але штодзённым напамінам застаецца вайна ў Аўганістане, якая стала адпраўным пунктам помсты за крывавую акцыю бін Лядэна. Сам тэрарыст № 1 у верасьні 2001-га хаваўся менавіта ў Аўганістане:

“Пытаньне з ушанаваньнем павінны вырашаць, натуральна ж, самі амэрыканцы. У іх ёсьць наконт гэтага пэўныя думкі, ня ведаю толькі, ці прыйшлі яны да нейкай канчатковай. Канечне, амэрыканцы зараз ня ўзгадваюць пра тыя падзеі штодзённа. І гэта зразумела, бо немагчыма жыць з такім адбіткам трагедыі кожны дзень. Але іншая справа, што вайна ў Аўганістане, якая працягваецца і забірае даволі шмат чалавечых жыцьцяў, у тым ліку амэрыканскіх, нагадвае пра гэта. Бо яна бярэ свой пачатак менавіта з тых выбухаў у Нью-Ёрку”.

Цягам наступнага тыдня ў менскім відэакомплексе “Цэнтар-відэа”, што ў гандлёвым комплексе “Сталіца”, будуць ладзіцца паказы дакумэнтальнага фільму “11 верасьня”. Паводле супрацоўнікаў цэнтру, фільм уяўляе сабой кінаальманах з 11 навэлаў, у якіх сусьветна вядомыя рэжысэры пераасэнсоўваюць трагедыю верасьня 2001 году. Сярод аўтараў — Клод Лелюш, Шон Пэн, Алехандра Гансалес Ін’ярыту, Кен Лоўч ды іншыя.
XS
SM
MD
LG