Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Гандаль людзьмі павялічыцца з-за эканамічнага крызісу


Пра гэта гаворыцца ў справаздачы Генэральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, якую ўчора агучыла спэцдакладчыца ў пытаньнях гандлю людзьмі Рады ААН па правах чалавека Джой Нгозі Эзэйла (Нігерыя).

Паводле яе слоў, праблема гандлю людзьмі мае глябальны характар і ахоплівае ўсе краіны сьвету. Пры гэтым Беларусь, якую яна наведала сёлета ўвесну, як бедная транзытная краіна апынаецца ў гэтай справе сярод лідэраў.

Спадарыня Джой Нгозі Эзэйла выказала заклапочанасьць, што такі “крымінальны бізнэс працягвае квітнець”, у тым ліку з-за таго, што праблеме не аддаецца належная ўвага на высокім міжнародным узроўні.

Паводле слоў дакладчыцы, многіх ахвяраў прымусовага рабства вельмі хутка дэпартуюць на радзіму без адпаведнай рэабілітацыі. Гэтыя дзеці, маладыя жанчыны і мужчыны, якія ў выніку шматлікіх фізычных, псыхалягічных, сэксуальных зьдзекаў атрымліваюць цяжкія траўмы, зазнаюць, прыбыўшы на радзіму, дадатковую зьнявагу з боку мясцовых чыноўнікаў.

Дж.Н. Эзэйла лічыць, што ўсе тры краіны — Беларусь, Польшча і Японія, якія ёй давялося наведаць апошнім часам, павінны яшчэ шмат зрабіць у справах прадухіленьня нелегальнага вывазу людзей і дапамогі яго ахвярам.

“Гандаль людзьмі дзеля працоўнай эксплюатацыі, відавочна, будзе расьці, асабліва ва ўмовах глябальнага крызысу, масавага беспрацоўя, жабрацтва ды схільнасьці працадаўцаў выкарыстоўваць танную працоўную сілу”, — падкрэсьліла спэцдакладчыца ААН.

Эзэйла высока ацаніла практыку Беларусі — фінансавую дапамогу ахвярам гандлю і стварэньне вучэбнага цэнтру па пытаньнях гандлю людзьмі і міграцыі. Пры гэтым спэцдакдадчыца выказала на адрас беларускіх уладаў пажаданьне прыкласьці больш намаганьняў, каб прадухіліць першапрычыны гандлю людзьмі, перадае Associated Press.
XS
SM
MD
LG