Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славамір Адамовіч: “У Нарвэгіі мяне зьвінавацілі ў расізьме”


Славамір Адамовіч

Славамір Адамовіч

Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”. Эфір 13 верасьня


Славамір Адамовіч сем гадоў пражыў у Нарвэгіі, маючы статус “гуманітарнага ўцекача”. Нядаўна вярнуўся ў Беларусь, падшуквае працу, спрабуе адаптавацца ў краіне, якая за прамінулы час вонкава непазнавальна зьмянілася. Пра гады жыцьця за палярным кругам і тыдні побыту на радзіме паэт расказаў Міхасю Скоблу.

СЛУХАЦЬ:


Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Славамір, роўна сем гадоў таму, у верасьні 2002 году, мы таксама сядзелі ў студыі Радыё Свабода і размаўлялі аб прычынах твайго ад’езду за мяжу. Чым былі для цябе гэтыя гады на чужыне – часам творчай самоты ці згубленымі гадамі?”

Славамір Адамовіч: “Сем гадоў у Нарвэгіі сталіся для мяне часам назапашваньня жыцьцёвага досьведу, зрэшты, як і ўсе папярэднія гады жыцьця дома ці ў Злучаных Штатах Амэрыкі, дзе я пабываў у 2000 годзе. Я набыў досьвед таго, як сапраўды жывецца ў сёньняшняй дабрабытнай Эўропе, змог ацаніць тыя сапраўдныя каштоўнасьці, пра якія так модна казаць у апошнія гады на нашых абсягах усходняй Эўропы. Паўтаруся, мінулыя гады – час зьбіраньня жыцьцёвага досьведу, але ні ў якім разе не параза, ня страчаны час.

Скобла: “А ці здараліся за гэтыя сем гадоў такія дні, калі хацелася ўсё кінуць-рынуць у той Нарвэгіі і хоць пешкі ісьці, хоць цераз мора плысьці – у Беларусь?

Адамовіч: “Вядома, былі такія моманты, яны нават пэрыядычна, час ад часу паўтараліся. Паколькі я ў пэўным сэнсе чалавек авантурны, я некалькі разоў пакідаў Нарвэгію і падбіраўся зусім блізка да Беларусі, да самай беларускай мяжы. Наведваўся і ў Беларусь.

Скобла: “У тваіх словах пра “дабрабытную Эўропу” адчуваецца іронія. У чым твая крыўда на тую Эўропу і краіну, якая цябе сем гадоў утрымлівала?”
не заўсёды падабалася нарвэскаму грамадзтву маё знаходжаньне ў іхнай краіне ...

Адамовіч: “Напэўна, у кожнага амбітнага чалавека, калі ў яго нешта не атрымліваецца, узьнікае маральны і духоўны дыскамфорт. Тады, зразумела, пачынаеш хвалявацца, нэрвавацца, як мастак, як чалавек не бяз творчых здольнасьцяў, пачынаеш шукаць выйсьце, урэшце спрабуеш наблізіцца да сваіх ідэальных уяўленьняў пра грамадзкае жыцьцё, жыцьцё дзяржавы – той ці іншай, не абавязкова Беларусі. Паколькі я жыў у Нарвэгіі, то, безумоўна, ня мог ня ўдзельнічаць у тамтэйшых грамадзкіх ці палітычных працэсах. Зразумела, я выказваў нейкія свае пажаданьні і рабіў нейкія грамадзка-палітычныя рухі, калі можна так сказаць. Не заўсёды мне падабалася нарвэская сытуацыя, ну і, відаць, не заўсёды падабалася нарвэскаму грамадзтву маё знаходжаньне ў іхнай краіне”.

Скобла: “А з-за чаго ты канфліктаваў з нарвэжцамі?”

Адамовіч: “Раскажу адзін выпадак. Летась мне затэлефанавала з Осла жанчына-журналіст і папрасіла даць інтэрвію. Прыляцела да мяне ў запалярны гарадок Буда, мы пагаварылі. А калі інтэрвію пайшло ў эфір, то да яго дадаўся камэнтар, у якім я быў названы непажаданым для Нарвэгіі пэрсанажам, быў абвінавачаны ў расізьме, ледзь не ў фашысцкіх памкненьнях”.

Скобла: “У сваім інтэрвію ты даваў падставы для гэткіх закідаў?”

Адамовіч: “Можа, хтосьці і ўбачыў у маіх словах тыя падставы. Я, як чалавек адкрыты ў публічным жыцьці, адказваў так, як думаў і лічыў патрэбным. Прайшоў год, і сёлета ў лютым адбыўся працяг той тэмы, якая была закранутая ў маім інтэрвію. У Нарвэгіі здарыўся скандал: нарвэскі міністар юстыцыі вынес на абмеркаваньне палітыкаў, дэпутатаў стортынгу гэткую тэму – дазволіць ці не дазволіць у Нарвэгіі насіць хеджаб. А хеджаб у ісламскай культуры – гэта такая намітка для жанчынаў, якая прыкрывае палову твару. Прапанова міністра выклікала сур’ёзны скандал, і адна з партый тут жа набрала высокі рэйтынг, выступіўшы ў абарону нарвэскіх нацыянальных традыцый. Урэшце скандал пагасілі, міністар сышоў у адпачынак. Чаму я гэты выпадак узгадваю? Таму што ў сваім інтэрвію я якраз і гаварыў аб праблеме мігрантаў з мусульманскіх краінаў, якую, на маю думку, замоўчваюць у Нарвэгіі. За што і быў абвінавачаны ў расізме”.

Скобла: “Чалавека, які адсутнічае доўга, забываюць. Як цябе сустрэлі твае родныя, твае землякі, твае сябры?”

Адамовіч: “Родныя ёсьць родныя, яны, дзякуй Богу, сустракаюць нас як родных у любым стане, у любой сытуацыі. Нечаканай для мяне была рэакцыя моладзі, якая сустрэла мяне зь вялікай цікавасьцю, было многа пытаньняў, і я спадзяюся, нашыя сустрэчы яшчэ не закончыліся, яны будуць працягвацца. На жаль, пра сяброў гэтага не скажу. Па-першае, час ідзе, і іх проста менее фізычна – нікуды не падзенесься. Па-другое, многія мне закідалі: чаму я зьехаў? Чаму чалавек зьязджае? Значыць, узьнікла такая сытуацыя...”

Скобла: “А чым ты мяркуеш займацца ў Беларусі?”
найгалоўнейшы мой плян - стварыць сям’ю ...

Адамовіч: “Усё яшчэ мяркую стварыць сям’ю, гэта па-першае. Гэта найгалоўнейшы мой плян. Па-другое, добра было б набыць месца працы. Але тут я найбольш скэптычна гляджу на сытуацыю. Акрамя як у гуманітарнай сфэры, у іншай працаваць я навыкаў ня маю. Ісьці працаваць у школу? Я, можа, і пайшоў бы, ды хто ж мяне возьме ў сёньняшнюю беларускую школу? Літаральна ўчора я хадзіў у два міністэрствы – інфармацыі і культуры. Запісаўся на прыём да абодвух міністраў – наконт працаўладкаваньня. Я даю мажлівасьць грамадзтву, а міністэрства інфармацыі – гэта частка нашага грамадзтва, частка нашага палітычнага рэжыму, адгукнуцца. Ёсьць беспрацоўны чалавек, грамадзянін Рэспублікі Беларусь з вышэйшай адукацыяй, з пэўным досьведам. Паглядзім, што мне прапануюць у названых міністэрствах”.

Скобла: “Сёлета ў сэрыі “Бібліятэка Свабоды” выйшла кніга пад назвай “Адзін дзень палітвязьня”, якая пачынаецца гутаркай з табой. Апрача цябе, героямі кнігі зьяўляюцца яшчэ 40 чалавек. Як ты лічыш, колькі нашых суайчыньнікаў павінна прайсьці праз турмы, каб народ усьвядоміў каштоўнасьць свабоды?”
варта ўсё добра ўзважыць, перш чым ісьці на нары ...

Адамовіч: “Адназначнага адказу на гэтае пытаньне ў мяне няма. Ад колькасьці палітвязьняў наўрад ці нешта зьменіцца ў нашым грамадзтве. Я думаю, што варта ўсё добра ўзважыць, перш чым ісьці на нары. Калі бачна, што твая праца, твае памкненьні не дасягаюць мэты, трэба мяняць як мінімум тактыку і спрабаваць дамагацца сваёй мэты іншым шляхам. Я ня думаю, што сёньня нам трэба ісьці ў турмы, ламаць свае жыцьці, лёсы, асабліва маладых людзей. Сёньня можна і варта працаваць па-іншаму. Але заўсёды пры адной умове: каб гэта не была гульня, каб гэта не была праца дзеля сродкаў масавай інфармацыі, калі публічна абвяшчаюцца адны мэты, а фактычна людзі працуюць, каб дасягнуць нейкіх асабістых матэрыяльных, а нават і карысьлівых мэтаў. Калі ты ілжэш ня толькі людзям, але ў выніку і сабе самому, спадзявацца на нейкі станоўчы вынік не выпадае”.

Скобла: “Сёньня для беларускай дзяржавы паэт як аб’ект увагі не існуе. Адны з гэтай нагоды перажываюць, другія – наадварот, цешацца, паколькі ўвага дзяржаўная ўвага не заўсёды азначае клопат, бываюць і рэпрэсіі. А якія яны павінны быць у ідэале – адносіны паэта і дзяржавы?”

Адамовіч: “Паназіраўшы крышку жыцьцё ў Нарвэгіі, у іншых краінах, магу адказаць так: у ідэале ня мусіць быць аніякіх адносінаў творцы, мастака зь дзяржавай. Дзяржава мусіць выконваць свае функцыі – абараняць вонкавыя межы, утрымліваць органы ўнутранага правапарадку. Справа мастака – займацца мастацтвам. Тым лепшая сытуацыя ў краіне, чым радзейшыя стасункі мастака зь дзяржавай. Але гэта ў ідэале. А што тычыцца сучаснай беларускай сытуацыі, то мы бачым, на якім маргінэзе застаюцца нашыя калегі з прыўладнага Саюзу пісьменьнікаў, калі яны спрабуюць не кранаць дзяржаўныя структуры, не заўваажаць палітычныя праблемы ў Беларусі. Іх творчая актыўнасьць выглядае вельмі бядотна”.

Скобла: “Фрыдрых Ніцшэ прызнаваўся: “Мае чытачы яшчэ не нарадзіліся”. А ў цябе няма адчуваньня, што твае чытачы выміраюць?”

Адамовіч: “Не, хутчэй, наадварот – яны нараджаюцца. І маё вяртаньне паказала, што нават расейскамоўныя маладыя людзі, якія асабліва не абазнаныя ў беларускай гісторыі, беларускай літаратуры, чулі пра мяне, чыталі мае вершы, да якіх сёньня, дзякуючы інтэрнэту, спрошчаны доступ. Так што чытачы ў мяне ёсьць, і самае галоўнае – маладыя”.

Скобла: “А якія ў цябе найбліжэйшыя выдавецкія пляны?”

Адамовіч: “Выдаць кнігу прозы і зборнік вершаў. Кніга прозы будзе называцца “Цана Эўропы”, зборнік вершаў – “Сьляды на дарозе Е-6”. Гэта дарога, якая цягнецца праз усю Нарвэгію ўздоўж Нарвэскага і Баранцава мораў. Яна пачынаецца дзесьці на ўсходзе і заканчваецца ў маім запалярным гарадку Будзе. “Сьляды на дарозе Е-6” – кніга пра мае блуканьні па гэтай вялікай нарвэскай шашы”.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG