Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Праваабаронцы: улады парушаюць правы чалавека


Праваабарончы цэнтар “Вясна” выказаў у сваёй заяве пратэст супраць жорсткага разгону мірнай акцыі 9 верасьня ў Менску і абвінавачвае ўлады ў парушэньні правоў чалавека.

Нагадаем, 9 верасьня актывісты апазыцыі выйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску, каб выказаць пратэст супраць уводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі дзеля сумесных ваенных вучэньняў.

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі больш за 20 чалавек, 17 зь якіх пазьней былі пакараныя штрафамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
“Затрыманьні суправаджаліся выкарыстаньнем фізычнай сілы і спэцсродкаў. Акрамя таго, праваабарончы цэнтар “Вясна” валодае зьвесткамі аб тым, што ў адносінах да затрыманых грамадзянаў прадстаўнікамі МУС выкарыстоўваліся катаваньні. Падчас знаходжаньня затрыманых грамадзянаў у спэцтранспарце і будынку РУУС Цэнтральнага раёна Менску ў дачыненьні да іх ужываўся фізычны гвалт, а таксама жорсткае і бесчалавечнае абыходжаньне”, - гаворыцца ў заяве.

Праваабаронцы заклікалі органы пракуратуры правесьці пракурорскія праверкі па фактах перавышэньня службовых паўнамоцтваў супрацоўнікамі міліцыі.

Праваабарончы цэнтар “Вясна” заклікае ўлады Беларусі на справе прадэманстраваць скіраванасьць на дэмакратызацыю ў краіне, на практыцы забясьпечыць выкананьне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.
XS
SM
MD
LG