Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьненьні падчас паляваньня


Віталь Рыжкоў
Віталь Рыжкоў
Ня мае сэнсу
Распавядаць астатнім,
Што гэта плёткі.
Калі ўласнае сэрца спытае,
Што ты адкажаш?

Зь “Летапісу вялікіх князёў літоўскіх”


***

Аднойчы, калі вялікі князь Вітаўт паляваў у Палесьсі, ён падстрэліў буйнога кабана. Усе прыбеглі, каб паглядзець на зьвера, і казалі так: “Выдатна! Князь заваліў незвычайна буйнога вепрука!” Але кабан нечакана ўскочыў і рынуўся проста на іх. Усе паразьбегліся, і толькі адзін з паплечнікаў князя выхапіў меч і прыкончыў жывёлу. У гэты момант князь Вітаўт закрыў твар рукавом і вымавіў: “Як жа тут пыльна!” Мяркуюць, ён зрабіў так таму, што не жадаў бачыць, як ягоныя людзі кінуліся наўцёкі.

***

Калі князь Ізяслаў быў малады, яго бацька, князь Уладзімер, вучыў яго: “Каб навучыцца рабіць удары мечам, пакарай некалькі чалавек, якія мусяць памерці”. Для гэтага на тое месца, якое зараз знаходзіцца на тэрыторыі замка, недалёка ад заходняй брамы, накіравалі дзесяць чалавек, і Ізяслаў прыняўся іх абезгалоўліваць, пакуль дзевяць зь іх не былі забітыя. Калі ён дайшоў да дзясятага, убачыў, што гэта малады і здаровы чалавек, і сказаў: “Я стаміўся секчы. Я захаваю яму жыцьцё”.

І жыцьцё гэтага чалавека было захаванае.

***

Адзін чалавек выхваляўся: “Ён быў вельмі запальчывы, але я проста ў вочы сказаў яму, што...” Тое, што ён сказаў, можна было б не казаць, таму гэты чалавек праславіўся як грубіян. Такія паводзіны нявартыя хвалы, бо ўсё яшчэ зьяўляюцца нясьпелымі. Жаўнера паважаюць за яго добрыя манеры. Казаць іншым такім чынам — адно што ўдзельнічаць у мужыцкай сварцы. Гэта пошла.

***


Нельга прывязвацца да аднаго набору ўяўленьняў. Калі ты прыклаў высілкі, каб зразумець штось, а пасьля задаволены дасягнутым разуменьнем, ты робіш памылку. Спачатку трэба прыкладаць намаганьні, каб пераканацца, што ты зразумеў галоўнае, а потым ажыцьцяўляць гэтае. Так чалавек павінен рабіць увесь час. Ніколі ня думай, што ты дасягнуў патрэбнай прыступкі разуменьня. Заўсёды кажы сабе: “Гэтага недастаткова”.

***

Аднойчы, калі Альгерд паляваў у Белавескай пушчы, ён раптам чамусь раззлаваўся. Ён схапіў меч і, не вымаючы яго з ножнаў, стаў біць ім свайго слугу, але зрабіў няспраўны рух, і меч зваліўся ў глыбокі яр. Слуга тут жа кінуўся ўсьлед за мечам. Ён скаціўся ў яр і падабраў яго. Тады ён засунуў яго сабе за каўнер, выпаўз назад і, не прыводзячы сябе ў парадак, адразу ж прапанаваў меч гаспадару. Па гатовасьці і хуткасьці выкананьня гэты ўчынак можна назваць праявай непараўнальнай знаходлівасьці.

***

Князь і кароль Ягайла казаў: “Баіцца смерці чалавек з Жмудзі ці не, ня так ужо й важна. Мяне больш турбуе тое, што ў наш час людзі схільныя грэбаваць этыкетам і правіламі добрага тону. Мяне турбуе тое, што ўсе прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў, нават сваякі і старэйшыны, зьяўляюцца стараннымі слугамі, але лічаць, што значэньне правіл паводзінаў надта перабольшанае. Раней былі людзі, якія ведалі абмежаваньні правілаў паводзінаў, але яны ўмелі годна паводзіцца ў кожным пэўным выпадку і таму лёгка знаходзілі выйсьце ў любой сытуацыі. Я кажу пра гэта таму, што цяпер такіх людзей амаль не засталося”.

***

У Масковіі калісьці быў чалавек, які любіў цмокаў і таму ўпрыгожыў сваю мэблю і герб малюнкамі гэтых істот і сцэнамі забіваньня іх. Захапленьне гэтага чалавека прыцягнула да сябе ўвагу бога цмокаў, і вось аднойчы перад акном яго зьявіўся сапраўдны цмок. Кажуць, ён тут жа памёр ад страху. Напэўна, ён быў адным з тых, што кажуць гучныя словы, а на справе паводзяць сябе па-іншаму.

***

Князь Міндоўг быў пры сьмерці, калі хтосьці спытаў у яго, як кіраваць краінай. Ён адказаў: “Няма нічога больш годнага, чым кіраваць краінай вялікадушна. Аднак быць вялікадушным, кіруючы краінай, вельмі цяжка. Калі дзейнічаць нерашуча, неўзабаве праявіцца недагляд. Паколькі кіраваць краінай вялікадушна вельмі цяжка, лепш кіраваць ёю строга. Быць строгім у кіраванні краінай азначае быць патрабавальным да таго, як адбыліся непрыемныя падзеі. Аднак той, хто праяўляе строгасьць пасьля таго, як зло ўжо заявіла пра сябе, адно што ставіць пастку. Ці шмат знойдзецца людзей, якія будуць неасьцярожныя з агнём пасьля таго, як абпаліліся? Сярод тых, хто недаацэньвае небясьпеку вады, ці шматлікія танулі?”

***

Мы мусім быць удзячныя за апошні радок верша “Калі сэрца пытае”. Магчыма, да яго варта ставіцца гэтак жа, як і да галоўнай малітвы. Невыпадкова раней ён быў на вуснах у людзей.

У наш жа час людзі, якіх лічаць разумнымі, падманваюць іншых, хаваючыся за паказной мудрасьцю. Таму яны горшыя за неадукаваных сялян. Неадукаваны чалавек паводзіць сябе адкрыта. Калі глыбока зазірнуць у сэрца, паўтараючы пра сябе гэты радок верша, у ім не застанецца патаемных месцаў. Гэта добрае выпрабаваньне. Варта рыхтаваць сябе да таго, каб з гонарам вытрымліваць такія выпрабаваньні.

Віталь Рыжкоў


Віталь Рыжкоў, ryzhkou.livejournal.com
Я стварыў сабе блог на livejournal.com у красавіку 2006 выключна дзеля экспэрымэнту. Я бачыў раней блогі, ды іх існаваньне заставалася для мяне дзіўным і незразумелым: постынгі падаваліся непатрэбнымі занатоўкамі — процьма людзей піша пра што заўгодна, пачынаючы з уражаньняў ад паходу ў начны клюб, неразьдзеленае каханьне, настрой (пераважна — паганы) у бягучы момант і надвор'е (таксама — паганае) і скончваючы рэцэнзіямі, рэпартажамі і г.д. Зарыентавацца было няпроста: ну хто гэта ўсё чытае!? каму гэта ўсё патрэбна? Я, як і большасьць навічкоў блогінгу, пакінуў першы пост з наіўнай мэтай проста праверыць сувязь. З часам ня надта апантана стаў раз-пораз раіцца з блогерамі, дзяліцца нейкімі думкамі, браць удзел у блог-гульнях — асьцярожна і сьціпла, прыручаючы блог, што твой Маленькі прынц лісяня.

1. Навошта я пішу блог

Мой блог і мае фрэнды — гэта рэдкалегія, новыя вершы і тэксты, пераклады, навіны з жыцьця, цікавосткі, абвесткі. Фрэнды сталі сапраўднымі сябрамі, якія зь сяброў — фрэндамі.

Зусім нядаўна мяне спыталі, хто першым бачыць мае вершы, намякаючы ці то на маю рэфэрэнтную групу, ці то на маё кола даверу, але мне давялося прызнацца, што новыя тэксты першым бачыць мой блог.

Увогуле, блогасфэра — як вялізная он-лайн гульня ў камунальную кватэру ці інтэрнат: нейкія суседзі — амаль што радня, з кімсьці вітаесься, з кімсьці — не, хтось кагось кахае (бывае, што і вельмі гучна — аж на калідоры чуваць), пра кагось пляткараць, абмяркоўваюць за сьпінай, здраджваюць ці хваляць, нехта плаціць за дадатковы камфорт, а нехта — не; але, як напісаў паэт Сяргей Прылуцкі, “забудзь усе запаведзі і пастарайся палюбіць гэты кашмар”.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Цаню інфарматыўнасьць, цікавыя знаёмствы, якія ня так часта і надараюцца, але, бывае, перарастаюць у жывыя адносіны, за якія і ня ведаеш, каму дзякаваць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Флуд і флудзераў, ботаў, ныцікаў, віційства і маралізатарства. У блогах гэтых “ворагаў” прасьцей трымаць каля сябе — у групе, якую не чытаеш у фрэндстужцы.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

anka_upala — празаік Анка Упала
adamovitch — паэт Андрэй Адамовіч
maryjka_ — паэтка Марыйка Мартысевіч
brazgotka — паэтка Яна Санько
lejf
— празаік Антон Юркавец
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG