Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віталь Рыжкоў



Віталь Рыжкоў, ryzhkou.livejournal.com
Я стварыў сабе блог на livejournal.com у красавіку 2006 выключна дзеля экспэрымэнту. Я бачыў раней блогі, ды іх існаваньне заставалася для мяне дзіўным і незразумелым: постынгі падаваліся непатрэбнымі занатоўкамі — процьма людзей піша пра што заўгодна, пачынаючы з уражаньняў ад паходу ў начны клюб, неразьдзеленае каханьне, настрой (пераважна — паганы) у бягучы момант і надвор'е (таксама — паганае) і скончваючы рэцэнзіямі, рэпартажамі і г.д. Зарыентавацца было няпроста: ну хто гэта ўсё чытае!? каму гэта ўсё патрэбна? Я, як і большасьць навічкоў блогінгу, пакінуў першы пост з наіўнай мэтай проста праверыць сувязь. З часам ня надта апантана стаў раз-пораз раіцца з блогерамі, дзяліцца нейкімі думкамі, браць удзел у блог-гульнях — асьцярожна і сьціпла, прыручаючы блог, што твой Маленькі прынц лісяня.

1. Навошта я пішу блог

Мой блог і мае фрэнды — гэта рэдкалегія, новыя вершы і тэксты, пераклады, навіны з жыцьця, цікавосткі, абвесткі. Фрэнды сталі сапраўднымі сябрамі, якія зь сяброў — фрэндамі.

Зусім нядаўна мяне спыталі, хто першым бачыць мае вершы, намякаючы ці то на маю рэфэрэнтную групу, ці то на маё кола даверу, але мне давялося прызнацца, што новыя тэксты першым бачыць мой блог.

Увогуле, блогасфэра — як вялізная он-лайн гульня ў камунальную кватэру ці інтэрнат: нейкія суседзі — амаль што радня, з кімсьці вітаесься, з кімсьці — не, хтось кагось кахае (бывае, што і вельмі гучна — аж на калідоры чуваць), пра кагось пляткараць, абмяркоўваюць за сьпінай, здраджваюць ці хваляць, нехта плаціць за дадатковы камфорт, а нехта — не; але, як напісаў паэт Сяргей Прылуцкі, “забудзь усе запаведзі і пастарайся палюбіць гэты кашмар”.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Цаню інфарматыўнасьць, цікавыя знаёмствы, якія ня так часта і надараюцца, але, бывае, перарастаюць у жывыя адносіны, за якія і ня ведаеш, каму дзякаваць.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Флуд і флудзераў, ботаў, ныцікаў, віційства і маралізатарства. У блогах гэтых “ворагаў” прасьцей трымаць каля сябе — у групе, якую не чытаеш у фрэндстужцы.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

anka_upala — празаік Анка Упала
adamovitch — паэт Андрэй Адамовіч
maryjka_ — паэтка Марыйка Мартысевіч
brazgotka — паэтка Яна Санько
lejf
— празаік Антон Юркавец
XS
SM
MD
LG