Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Укладальнік кароткай анталёгіі старабеларускага гумару “З дазволу караля і вялікага князя” (1992 г.) Леў Казлоў цалкам праігнараваў жарты, якія паходзяць з часоў да ўтварэньня Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку анталёгіі ён патасна адцеміў:

Ох, сьціплыя, занадта сьціплыя былі тыя творцы летапісаў! Не раўня сучасным аўтарам. Але калі хто і захаваў скромнасьць аж да ўзроўню поўнай невядомасьці, дык гэта выдумшчыкі анэкдотаў. А дарэчы, ці можна нешта такое знайсьці, як кажуць, паміж радкоў у тых нятленных і сур’ёзных опусах? Паверце: можна! Ёсьць, ёсьць у той сівой, альбо замшэлай, хто як хоча, даўніне штосьці з добрага гумару. Бо, дальбог, так жа немагчыма! Чытаеш старыя кнігі і здаецца, што тады людзі рабілі ўсё, каб выглядаць сур’ёзнымі. Не, ня можа такога быць, каб сьмех быў вынайдзены толькі ў бліжэйшыя да нас стагодзьдзі.

Так быў прадвызначаны пошукавы прыярытэт пана Казлова — пільная ўвага да летапісаў як асноўнай крыніцы зьвестак пра старабеларускі гумар. Нядзіўна, што пэрыяд Х — першай паловы ХІІІ ст. у анталёгіі фактычна адсутнічае. Яно і зразумела, бо летапісы, якія вяліся той парою ў Полацку, Тураве і іншых гарадах Старое Беларусі, да нашага часу не дайшлі (прынамсі, не былі знойдзеныя). А створаная ў Кіеве “Аповесьць мінулых часоў” папросту ня ўтрымлівае ў сабе якіх-небудзь жартаў, што паходзілі б са старабеларускіх земляў.

Даволі працяглы час ніхто не спрабаваў пераадолець гэтую заганную тэндэнцыю. У нас і дагэтуль бальшыня навукоўцаў перакананая, што прыкладаў беларускага гумару далітоўскае пары не захавалася. Да нядаўніх часоў ваш найніжэйшы а пакорлівы служка таксама меў аналягічнае перакананьне. Аднак улетку 2008 г. мне на вочы трапіўся ўмоўны топ-10 старажытных жартаў паводле вэрсіі брытанскага ўнівэрсытэту Ўалвэргэмптан (University of Wolverhampton). Сьмешкі, якім па 30-40 стагодзьдзяў, выклікалі ўва мне мяшанае пачуцьцё. Ня верылася, што гумар шумэрцаў ці даўніх эгіпцян захаваўся, а ад гумару Полацкага і Тураўскага княстваў не засталося ані знаку. З гэткім пачуцьцём я тады ўзяўся за росшукі. Карыстацца давялося найбольш даступнымі на той момант крыніцамі, у выніку чаго зьявілася падборка старадаўніх беларускіх жартаў, якую я зьмясьціў у сваім блогу (http://balachon.livejournal.com/350915.html).

Атрымаўшы пэўны розгалас, я не супакоіўся на дасягнутым. Мяне вельмі вабілі дакумэнты са збораў знанага гомельскага калекцыянэра старасьветчыны Якава Пятровіча Стывенсана. Аднак атрымаць дасяг да яго калекцый было рэччу зусім ня простай. Многія каштоўныя гістарычныя матэрыялы захоўваюцца ў спэцыяльных падземных галерэях ня толькі на тэрыторыі Гомеля, але і па-за ім. Мяне найбольш цікавіла т.зв. “кармазынавая галерэя”, разьмешчаная пад адным з паўзруйнаваных маёнткаў мяжы ХІХ — пачатку ХХ ст., які знаходзіцца зараз у зоне адсяленьня (гл. фота). Папрацаваць там мне давялося толькі сёлета — колькі дзён, што папярэднічалі Радаўніцы. Гэтага часу было дастаткова, каб сабраць яшчэ адну дзясятку старабеларускіх жартаў Х-ХІІІ стст.


У паперах навукоўца канца ХVIII ст. Тэадора Ксавэра Конаш-Пыркоўскага ўтрымліваецца выпіска з рукапісу фальклярыста і этнографа другой паловы ХVI — першай чвэрці XVII ст. Саламона Тодаравіча Рысінскага, які, у сваю чаргу, працаваў з манускрыптам ХІІ ст. “Зярцала скамарохаў”. Падаю зьмест выпіскі правапісам, максымальна набліжаным да сучаснага:

Хадзіў Радзім уздоўж Днепра — упаляваў вепра. Хадзіў Вятка ўздоўж Акі — упаляваў чужыя быкі. Хадзіла баба блізу крыніцы — злавіла рыбіну ў спадніцу. Хадзіла дзеўка блізу лужы — злавіла ў сарочку вужа.

Нельга паручыцца, што першапачатковы тэкст выглядаў менавіта такім чынам. Але мусім спадзявацца, што зьмест захаваўся без асаблівых зьменаў. Магчыма, мы маем справу зь нейкім аналягам прыпеўкі, якую выконвалі старабеларускія скамарохі. Сваімі каранямі яна можа сягаць сама мала ў Х ст.

У кожным разе відавочна, што нашыя далёкія продкі не цураліся жартаў эратычнае тэматыкі. Іншым пацьверджаньнем гэтаму ёсьць балачка, што была занатавана на маргіналіях т.зв. “Кнігі полацкага торгу” пачатку ХІІІ ст. (тут і далей цытаты падаюцца ў перакладзе на сучасную беларускую мову):

Заморскі купец і прыдзьвінскі Любец маюць бясспрэчнае падабенства: купец бярэ краснага тавару і ідзе з вараг у грэкі, а Любец бярэ хмельнага ўзвару і ідзе з Варварай у грэчку.

Хто такі Любец, сказаць з пэўнасьцю немагчыма. З аднолькавай доляй верагоднасьці можна выказаць меркаваньні, што гэта рэальная гістарычная асоба або проста герой-палюбоўнік тагачасных полацкіх анэкдотаў.

Вобраз нягеглага дзявочага спакусьніка ледзь вырысоўваецца ў показцы, зафіксаванай у зборніку “Тураўскі мельнік” сярэдзіны ХІІ ст.:

— Каго лепш пакатаць на маім кудлатым коніку — дачку каваля ці дачку пасадніка?

— А каго ні катай, спытай спачатку бацькавага дазволу. Бо інакш твайму коніку потым прыдзецца нялёгка: каваль зьдзярэ яму падковы, а пасаднік пералічыць зубы.


Думаю, бязь лішніх камэнтароў зразумела, пра што тут вядзецца гаворка. Адно нагадаю, што пасаднікам у Тураве называўся намесьнік вялікага кіеўскага князя.

Пакуль дакладна не вядома, ці былі згаданыя вышэй скамарохі складальнікамі анэкдотаў. Але, як сьведчыць фрагмэнт “Менскага зельніка” (канец ХІ ст.), яны самі станавіліся героямі сьмяшлівых гісторый:

Баярская дачка спытала ў скамароха:

— А праўда, што скамарохі заўжды даводзяць да сьмеху сваіх каханак на салодкім ложы?

— Няпраўда. Ты ж во не сьмяесься.


Мы можам толькі здагадвацца пра сапраўдны кантэкст гэтай показкі, але эратычны зьмест навідавоку. Каб завершыць з эратычнымі жартамі і перайсьці да жартаў іншага зьместу, дапасую сюды загадку, якая была выяўлена на ганчарным коле ХІІІ ст. у Ваўкавыску:

Мякоту кручу, рукамі гладжу, у тулу гарачую ўватну — няхай крапчэйшай стане.

Як вы мабыць здагадаліся, вядзецца тут пра гліну, што пад умелымі рукамі майстра ператвараецца ў пасудзіну, якую ставяць абпальваць у ганчарную печ. Па сваёй стылістыцы загадка вельмі блізкая да народных загадак, зафіксаваных этнографамі ў ХІХ-ХХ стст. Тэкст ваўкавыскай загадкі захаваўся на фатаграфічных адбітках, што паходзяць з калекцыі Людвіка Замэнгофа. Цяперашні ўладальнік гэтых здымкаў, на жаль, ня даў дазволу на тое, каб іх апублікаваць у сеціве.

Дастаткова анэкдатычна выглядае гісторыя пра сватаньне да полацкай княжны Прадславы (будучай Еўфрасіньні Полацкай), якая захавалася ў часткова ацалелым невядомым зборніку ХІІ ст.:

А прыехаў той князь у Полацак сватацца да Прадславы. Пахваляўся ён сваімі цнотамі і запатрабаваў хуткага адказу на сваю шлюбную прапанову. Прадслава ж сказала, што пагодзіцца пабрацца зь ім шлюбам адно тады, калі той выканае яе пэўную ўмову. Князь пацікавіўся, што гэта за ўмова. Прадслава мовіла яму: “Зьмясьці Сафею Полацкую ў маленькі куфэрак”. Князь вельмі зьбянтэжыўся і адказаў: “Гэтага ад пачатку выканаць немагчыма”. Княжна запярэчыла: “Магчыма” і загадала чаляднікам прынесьці ў сьвятліцу кавалак пэргаміну, пісала і чарніла. Калі гэта было зроблена, Прадслава вывела на пергаміне словы “Сафея Полацкая” і ўклала яго ў куфэрак.

Калі гэтая гісторыя адпавядае рэчаіснасьці, дык, напэўна, такога экстравагантнага “гарбуза” (шлюбнай адмовы) не атрымліваў ніводны з князёў Старое Беларусі. Калі ж гэта чыстая выдумка, дык невядомы аўтар удала скарыстаўся зьвесткамі пра выключную адукаванасьць Прадславы Полацкай. Зрэшты, з тэксту не вынікае пазыцыя аўтара. Незразумела, на чыім ён баку: хітрамудрай княжны ці яе някемнага няўдалага жаніха.

У некаторых іншых показках далітоўскае пары стаўленьне да сацыяльных вярхоў адлюстравана досыць адназначна. Даволі яскрава гэта заўважаецца ў жарце з т.зв. “Аршанскай сьвецкай лесьвіцы” першай трэці ХІІІ ст.:

- Чым адрозьніваецца цівун ад бабра?

— Нічым. І той, і той добра грызе дзеравеншчыну.


Гэты анэкдот цяжка перакласьці на сучасную беларускую мову бяз страты пачатковага сэнсу і слоўнай гульні. У арыгінале яго апошняя частка выглядае так: “Оба оне гризутъ деревень”. “Деревень” — гэта і “дрэва”, і “вёска” (у сэнсе — “вясковы чалавек”, “вясковец”).

Пэўны адбітак у далітоўскіх жартах знайшлі і тагачасныя грамадзка-палітычныя рэаліі. У чарнігаўскім “Трыпутніку” (канец ХІ ст.) сустракаем наступны досьціп:

Паўсталыя кіяўляне склікалі сваіх сугараджан і абвясьцілі:

— У нас ёсьць дзьве навіны — кепская і добрая. Зь якой пачынаць?

Гараджане закрычалі:

— Пачынайце з кепскай.

— Кепская навіна: ад сёньня мы будзем жыць па ваўчыных законах. Добрая навіна: нашым ваўком будзе Ўсяслаў Брачыславіч, князь полацкі.


Абсалютна фантастычная сытуацыя. Аднак яна лішні раз пацьвярджае меркаваньне, грунтаванае на іншых гістарычных крыніцах: князь Усяслаў Чарадзей карыстаўся безумоўнай павагай ня толькі ў Полацкім княстве.

Узрастаньне ролі веча ў Полацку спарадзіла анэкдот, якія захаваўся ў фрагмэнтах “Тлустай сядміцы” (ХІІ ст.):

- Чаму ў полацкага князя няма слана?

— Таму што веча не жадае, каб у Полацку быў нехта зь языком больш доўгім, чым у вечавага звана.


Вечавая дэмакратыя ва ўсёй сваёй красе.

А скончыць свой допіс я хацеў бы показкай пра тленнае і ўзьнёслае, што паходзіць з Тураўшчыны ХІІ ст., а была занатавана ў дыдактычным зборніку “Павучаньне ўсякаму і кожнаму”:

Адзін багацей спытаў у япіскапа тураўскага Кірылы:

— Я хутка памру, дык як мне забраць на той сьвет усё сваё золата і срэбра?

— Ніяк.

— Чаму?

— Зьнітуеш сваё багацьце зь целам — памылісься. Разам па сьмерці лягуць у зямлю. Спакусісься зьнітаваць багацьце з душою — атрымаеш аблуду. Душа пасьля тваёй сьмерці пойдзе на той сьвет, а золата і срэбра застануцца на гэтым.

— І што ж рабіць?

— Пакінь сабе з твайго багацьця роўна столькі, колькі сапраўды спатрэбіцца табе да сьмерці. Астатняе ж аддай бедным і шчасьліва ўсьміхніся. Душа пасьля твайго скону перадасьць гэтую ўсьмешку Богу, і Ён таксама шчасьліва ўсьміхнецца. Яго шчасьлівая ўсьмешка і будзе для цябе на тым сьвеце самым галоўным багацьцем.


Ня ведаю, як каму, а мне такі Кірыла Тураўскі вельмі імпануе. Не зважаючы на пэўную герэтычнасьць, ён выглядае больш прагрэсіўным, чым многія яго сучасьнікі і наступнікі. А калі быць зусім аб’ектыўным, дык атрымаецца, што і нам сёньняшнім часьцяком бывае далёка да згаданай япіскапам Кірылам шчасьлівай усьмешкі. Выбачайце за сур’ёзнасьць фінальнай ноты майго гэтага несур’ёзнага допісу.
Сяргей Балахонаў, balachon.livejournal.com
(balachon) — настаўнік, пісьменьнік, блогер; Тэзэй тутэйшага постмадэрнізму; скамарох белліту і белнэту; асабісты вораг абсалютнага зла і добры сябар усіх прагрэсіўных дзяўчатак.

1. Навошта я пішу блог

Блог — гісэрня чалавечых комплексаў. З задавальненьнем выплаўляю там комплексы ўласныя і назіраю, як плавяцца комплексы іншых блогераў. Да таго ж з гэтай гісэрні лёгка прэзэнтаваць свой творчы даробак — апэратыўна і без цэнзуры.

2. Што я больш за ўсё люблю ў блогах

Падабаецца, як цікава людзі могуць падаваць і раскрываць самыя, на першы погляд, нецікавыя тэмы. Станоўча ўражвае чараўніцтва інтэрпрэтацыі будзённасьці. Люблю буянства фантазіі. Па-дзіцячы багомлю самадастатковае дуркаваньне. А яшчэ я бяз памяці ад апакаліптычных покрыкаў пра лёс беларускай літаратуры і ад бязьлітасных ростыркаў, зьвязаных з сучасным літаратурным працэсам.

3. Што я больш за ўсё не люблю ў блогах

Ненавіджу безапэляцыйнасьць і неадэкватных ананімусаў.

4. Пяць блогаў, якія я раю наведаць

http://andorac.livejournal.com/ — блог-сэрыял “Менск сьлязам ня верыць — мужык павінен біцца”

http://euga.livejournal.com/ — практычнае літаратуразнаўства, выкладчыцкі досьвед, жыцьцёвыя назіраньні і парадоксы

http://kanaj.livejournal.com/ — цяжкасьці і радасьці авангардысцкага мысьленьня тут і цяпер

http://lionellia.livejournal.com/ — каралева беларускамоўнага падзамочнага блогінгу

http://fat1901.livejournal.com/ — дуркаваньне чыстае вады (не для ўразьлівых)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG