Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Нямецкага дэпутата абвінавацілі за дзіцячую парнаграфію


Ёрг Таўс (Jörg Tauss)

Ёрг Таўс (Jörg Tauss)

У цэнтры ўвагі нямецкіх СМІ — чарговы скандал. Вядомы, у тым ліку і ў Беларусі, нямецкі палітык, 56-гадовы дэпутат Бундэстагу, колішні каардынатар сацыял-дэмакратычнай парлямэнцкай фракцыі па пытаньнях прэсы і быны генсек СДПН Бадэн-Вюртэмбэргу Ёрг Таўс абвінавачваецца пракуратурай Карлсруэ ў захоўваньні і распаўсюджваньні дзіцячай парнаграфіі.

Імя Ёрга Таўса добра вядомае ў беларускіх палітычных ды грамадзкіх колах. Ён неаднойчы наведваў Беларусь — браў удзел у традыцыйных беларуска-нямецкіх форумах у Менску, сустракаўся з прадстаўнікамі беларускага парлямэнту і апазыцыйных партыяў, а таксама актывістамі чарнобыльскага руху. На афіцыйнай інтэрнэт-старонцы Ёрга Таўса цягам многіх гадоў значылася, што ён актыўны ўдзельнік кампаній па зборы сродкаў для чарнобыльскіх дзяцей.

Як палітык, які адказваў, сярод іншага, за пытаньні навукі і інавацыйных тэхналёгіяў, Ёрг Таўс браў удзел і ў адмысловых беларускіх імпрэзах. Ён падтрымліваў ідэю стварэньня інавацыйнага цэнтру ў Магілеве, прысутнічаў на адкрыцьці Магілёўскага тэхнапарку ў сярэдзіне 1990-х, выказваў сваю станоўчую ацэнку гэтага праекту.

Пару дзён таму, 8 верасьня, Ёрга Таўса пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці. Учора пракуратура афіцыйна абвінаваціла яго ў тым, што ў пэрыяд паміж 2007 і пачаткам 2009 году ён больш як 100 разоў атрымліваў, перадаваў і захоўваў дзіцячую парнаграфію. Так, у мабільніку палітыка былі захаваныя 228 фота- і відэафайлаў дзіцячага порна. Гэтыя матэрыялы Таўс, паводле сьледзтва, накіроўваў іншым карыстальнікам мабільных тэлефонаў. Пры ператрусе дэпутацкай кватэры ў Бэрліне знайшлі і іншы кампрамат.

Учора на дэпутацкім інтэрнэт-сайце (а дэпутатам Бундэстагу Таўсу засталося быць каля 20 дзён) палітык адрынуў гэтыя абвінавачаньні, назваўшы дзеяньні нямецкай юстыцыі “абвінаваўчым прысудам без судовага разбору”.

На нядаўнім сходзе новай партыі Таўса — Пірацкай, у якую ён увайшоў пасьля выхаду з СДПН гэтым летам, палітык пад аплядысмэнты аднапартыйцаў заявіў:

“Гэта ўсё прапагандысцкая вайна, прапагандысцкі манэўр. Гэта барацьба супраць мяне. Супраць нашай барацьбы за права карыстаньня свабодным ад цэнзуры інтэрнэтам. Аднак само па сабе абвінавачаньне — яшчэ ня вырак”.

Адзначым, што асноўныя мэты Пірацкай партыі — спрыяць свабоднаму распаўсюду ведаў і вольнай культуры, рэфармаваць законы аб аўтарскім праве, змагацца за захаваньне правоў і свабодаў у інтэрнэце.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG