Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сьвятар? Так! Вышэйшая мера”


Бабруйская праваслаўная япархія ўшануе памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Мэмарыяльную шыльду сьвятары зьбіраюцца ўсталяваць на сьцяне колішняй бабруйскай гасьцініцы “Бярэзіна-Эўрапейская”. У яе сутарэньнях чэкісты закатавалі дзясяткі праваслаўных сьвятароў і сотні вернікаў.

Колішняя бабруйская гасьцініца “Бярэзіна-Эўрапейская”.

Епархіяльнай камісіі па кананізацыі сьвятых у архівах камітэту дзяржаўнай бясьпекі ўдалося вызначыць імёны 91 закатаванага сьвятара. Акрамя таго, ёй удалося разабрацца ў схеме, паводле якой адбываліся арышты, а потым забойствы праваслаўных вернікаў. Гаворыць сябра камісіі, настаяцель Сьвята-Мікольскага храма Валянцін Вайтусёнак:

“Напрыклад, арыштоўваўся сьвятар, а ў дужках — сорак прыхаджан. Яны вернікі, а гэта вырак. У дваццатых гадах, пачатку трыццатых яшчэ ёсьць фотаздымкі ў справах. Там фатаграфавалі ў НКВД. А ад 1933 году і вышэй — няма. Мы зацікавіліся, чаму. Нам адказалі, што настолькі хутка расстрэльвалі, што не пасьпявалі фатаграфаваць. Гэта ўжо не патрэбна было. Сьвятар? Так! Вышэйшая мера”.

Епархіяльная камісія зьвярталася ў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі, каб ёй далі зьвесткі, дзе хавалі забітых:

“Яны адназначна сказалі, што месцы вам ніхто не пакажа. Афіцыйна сказалі, так”.

Пасьля такога адказу й вырашана было ўсталяваць шыльду на сьцяне колішняй гасьцініцы.

“Мы нават хацелі помнік паставіць. Напрыклад, анёла, які плача. Такая была ідэя. Але мы такіх грошай, канечне, не пацягнем. Таму спыніліся на шыльдзе”, — кажа Валянцін Вайтусёнак.

Ініцыятыву камісіі дабраславіў япіскап Бабруйскі й Быхаўскі Серафім. Камісія таксама рыхтуе дакумэнты на кананізацыю чатырох закатаваных сьвятароў і аднаго прыхаджаніна. Зьбіраюцца ў эпархіі выдаць і кнігу пра рэпрэсаванае праваслаўнае сьвятарства.

Ці ўсталююць шыльду, залежыць ад бабруйскай улады, якая мае даць адпаведны дазвол. Будынак колішняй гасьцініцы на скрыжаваньні вуліц Карла Маркса і Чангарскай занядбаны — засталіся толькі цагляныя сьцены. Непадалёк, за сто мэтраў ад гасьцініцы, на Пажарным завулку, захаваўся будынак, у якім у 1918 годзе месьцілася ЧК.


Цяпер гэты будынак прыватны. Пра тое, што тут была бальшавіцкая карная арганізацыя, гаворыць інфармацыйная шыльда.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG