Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крызіс: фармальна — на працы, фактычна — беспрацоўны


Паводле афіцыйных зьвестак, у Менску і рэгіёнах у верасьні колькасьць беспрацоўных, якія афіцыйна лічацца ў чарзе на атрыманьне працы, вырасла і складае амаль 50 тысяч чалавек. Больш за 24 тысячы чалавек зьвярнуліся ў жніўні-верасьні па дапамогу ў працаўладкаваньні. Аднак гэта — толькі бачная частка айсберга.

Гарадзеншчына


У вёсцы зарабляюць, каб пражыць у горадзе


У цяперашнюю восень шматлікія працаўнікі прамысловых прадпрыемстваў Гарадзеншчыны бяруць адпачынкі за свой кошт, каб зарабіць у вёсцы.

Афіцыйна на Гарадзеншчыне ўзровень беспрацоўя вызначаюць у межах 1%. У Горадні і Мастоўскім раёне гэтая лічба трохі вышэйшая. У прыватнасьці, цяпер у Мастоўскім раёне, са слоў кіраўніка Цэнтру занятасьці Марыі Семянюк, яна складае 1,2 працэнта.

Таксама Марыя Семянюк называе і прыкладную лічбу схаванага беспрацоўя ў раёне — каля паўтары тысячы чалавек.

Семянюк: “Жанчын, якія на момант нараджэньня дзіцяці не працавалі, а зараз займаюцца яго выхаваньнем, — 150 чалавек. Яшчэ 20 чалавек, якія не працуюць, але маюць даходы з сваіх прысядзібных надзелаў. 24 чалавекі знаходзяцца ў вышуку. Інваліды 3-й групы — 121. Каля 350 чалавек зьехалі шукаць заробак у Расею, Эўропу, ЗША…”.

Калгасьнікі зарабляюць больш, чым рабочыя ў райцэнтры.
Дэпутат раённага савету Зьміцер Кухлей лічыць, што на заробкі з Мастоў выехала значна больш людзей. Прычым ён зьвяртае ўвагу ня толькі на тых, хто выехаў за мяжу. Зь яго слоў, многія мастаўчане езьдзяць на працу ў суседнія раёны і Горадню.

Суразмоўца падкрэсьлівае, што ў гэтым рэгіёне беспрацоўе маладзее. Старэйшыя людзі ўсё ж трымаюцца за любую працу, нягледзячы на тое, што заробкі мізэрныя.

Кухлей: “У любым выпадку нейкая стабільнасьць ёсьць, калі хоць нейкія заробкі выплачваюць, нават дробязныя. Людзям жа трэба плаціць за кватэру, дый неяк выжыць…”

Марыя Семянюк даводзіць, што сёлета ў Мастоўскім раёне сярэдні заробак у райцэнтры за ліпень склаў 690 тысяч рублёў, а ў вёсцы — 770 тысяч. Зь яе слоў, шмат хто з тутэйшых працаўнікоў бярэ на прадпрыемствах адпачынак, каб зарабіць на ўборцы ўраджаю.

Семянюк: “Вось і зараз у нас выяжджаюць на працу каля 120 чалавек. Гэта і тыя, хто наагул ня мае працы, а таксама людзі, якія спэцыяльна бяруць адпачынкі, каб паехаць у вёску на бульбу зарабіць”.


Тут няма дзе зарабіць. Ежджу за мяжу, падпрацоўваю ў Польшчы.
Рабочы Мастоўскай сельгастэхнікі спадар Васіль кажа, што за гэты год ягоны заробак зь мільёна зьнізіўся да 350 тысяч. Ён, як і астатнія, толькі тым і заняты, каб недзе падзарабіць.

Спадар: “Паколькі ў мяне ёсьць віза, то я паціху ежджу за мяжу, падпрацоўваю такім чынам. А тут нават не ўяўляю, дзе можна зарабіць. Таму людзі ідуць хто куды. Бачыў, што ля маёй хаты жанчына, зь якой разам працуем у цэху, гандлюе памідорамі са свайго гароду”.

Віцебшчына


З прадпрымальнікаў — зноў у беспрацоўныя


Паводле статыстыкі Віцебскай абласной службы занятасьці, колькасьць зарэгістраваных беспрацоўных сёлета расьце прыкладна на адну тысячу ў квартал. Але магчымасьцяў непасрэдна дапамагчы ў працаўладкаваньні гэтая дзяржаўная структура цяпер мае менш, бо на прадпрыемствах і ў арганізацыях адбываюцца толькі скарачэньні.

Пры вострым дэфіцыце працоўны месцаў служба занятасьці арыентуецца на перанавучаньне. У прыватнасьці, на падрыхтоўку кадраў для прадпрымальніцкай дзейнасьці.

Ахвотных скончыць адмысловыя курсы, абараніць бізнэс-плян і атрымаць каля 2,5 мільёнаў “стартавага капіталу” знаходзіцца шмат. Але потым зь некаторых даводзіцца тыя грошы спаганяць назад, бо бізнэс у іх, як кажуць, “не пайшоў”.

Перанавучаньне на дзяржаўных курсах — гэта не ратунак для беспрацоўных. У прыватны бізнэс трапляюць усяго 15-20 адсоткаў.
Віцебскай прадпрымальніцы Ірыне Яскевіч, якая займаецца стварэньнем недзяржаўнага прафсаюзу “Разам”, нярэдка даводзілася кансультаваць сваіх новых калегаў, а потым назіраць, як у цяперашніх умовах развальваецца іх справа:

“Гэта не ратунак для нашых беспрацоўных, бо дзяржава не забясьпечвае для іх ніякіх гарантый. У сьвятле зьмены нарматыўных дакумэнтаў для прадпрымальніцтва і цяперашняга крызісу ніякай падтрымкі новыя прадпрымальнікі не атрымаюць. З усёй колькасьці „новасьпечаных“ калегаў ня больш за 15-20% прадпрымальнікаў маюць шанец стацца пасьпяховымі”.

Ірына Яскевіч дадае, што большасьць яе знаёмых імкнецца займацца прадпрымальніцтвам у сфэры паслугаў — адчыняць кравецкія майстэрні, рабіць рамонты і гэтак далей. Але ва ўсіх гэтых галінах даволі вялікая канкурэнцыя нават паміж “старэйшымі” прадпрымальнікамі, якія ўжо маюць сваіх сталых кліентаў. “Новым прадпрымальнікам” на рынак паслуг прабіцца цяжка яшчэ й таму, што ва ўмовах крызісу дужа зьнізілася пакупніцкая здольнасьць насельніцтва, асабліва ў невялікіх гарадах Віцебшчыны.

Чаму ў райцэнтры Гарадок пустуюць шапікі на рынку?

Леанід Аўтухоў, актывіст Партыі БНФ з райцэнтру Гарадок, беспрацоўны ўжо амаль год. Ён шмат разоў спрабаваў працаўладкавацца, але ягонае імя ў раёне вядомае, і апазыцыянэра на працу не бяруць. Але ў прадпрымальнікі, кажа спадар Аўтухоў, ён не пайшоў бы і сам:

“Займацца прадпрымальніцтвам у нашай краіне няшмат ахвотных. Вось у нас у Гарадку на кірмашы прадаюцца пустыя шапікі, адзін прадаецца ўжо больш за год — купляй, адчыняй ды гандлюй! Але ніхто нават не цікавіцца. Прадпрымальніцтва цалкам пад кантролем улады, і прадпрымальнік мусіць цярпець усе ўладныя выбрыкі — даваць грошы на будоўлі, на розныя сьвяты…
Прадпрымаль­ніцтва цалкам пад кантролем улады, і прадпрымальнік мусіць цярпець усе ўладныя выбрыкі
Вось апошні прыклад: да нас прыяжджае сьпявачка Дарафеева. І ўсім прадпрымальнікам загадалі браць квіткі, а там хочаш — ідзі, а хочаш — не”.

І ў Гарадку, і ў Віцебску службы занятасьці насельніцтва працягваюць агітаваць у прадпрымальнікі. Але праз пэўны час, ня здолеўшы справіцца зь бюракратычнымі, фінансавымі ды іншымі цяжкасьцямі, гэтыя людзі ізноў вяртаюцца ў шэрагі беспрацоўных.

Гомельшчына


“Чалавеку ўжо проста няма куды падзецца — ён прывязаны”


У Гомелі звыш двух дзясяткаў прадпрыемстваў працуюць няпоўны тыдзень. На чатырохдзёнцы знаходзяцца заводы “Цэнтраліт”, пускавых рухавікоў, ліцьця й нармаляў, “Гомельшпалеры” ды іншыя.

У акцыянэрным таварыстве “Гомельдрэў” зьменшылі на паўтары гадзіны працягласьць працоўнага дня. Па сутнасьці, зьлёгку прыхаваная чатырохдзёнка. Аднак людзі, якія застаюцца тут, трымаюцца прадпрыемства, не звальняюцца, нягледзячы на тое, што заробкі зьменшыліся — у каго на 80, а ў каго й на 100 тысяч рублёў.

Рабочы “Гомельдрэву” спадар Васіль тлумачыць гэта так:

Трымаюцца за завод тыя, хто мае парсючкоў, курэй, гарод…
“У нас такі штат на прадпрыемстве, дзе працуюць людзі альбо пэнсійнага ўзросту, якім няма ўжо куды пайсьці, альбо тыя, хто трымае сваю гаспадарку — парсючкоў, курэй, гарод. Моладзі ўжо мала, моладзь да нас ня ідзе”.

Старэйшыя працаўнікі й ня думаюць пакідаць прадпрыемства. Адзін з рабочых “Гомельдрэву” кажа, што знойдзе сабе дадатковы занятак на рацэ Сож:

“Рыбу лавіць на рэчку пойдзем, прадаваць будзем. Карміцца ж неяк трэба, і сям’ю карміць”.

Грамадзкі актывіст, інструмэнтальшчык заводу “Віпра” Анатоль Паплаўны, які няблага ведае мясцовыя прадпрыемствы, лічыць, што шукаць рабочаму чалавеку лепшага месца не выпадае — сытуацыя амаль усюды аднолькавая:

“Не звальняюцца, бо ў людзей няма лепшага месца, каб куды-кольвечы пайсьці. Малюнак прыкладна аднолькавы на ўсіх прадпрыемствах. Такая ж сытуацыя, а можа, нават і горшая. Я вось, працуючы на прадпрыемстве „Віпра“, выйграю з-за таго, што тут працуюць пераважна інваліды. Падаткаабкладаньне тут ніжэйшае, і санітарна-бытавыя ўмовы лепшыя — на гэтым тут не эканомяць. Тут калі ёсьць цяпло, то яно ёсьць”.

Многія рабочыя проста прывязаныя да сваіх прадпрыемстваў. Шукаць ім нейкае іншае месца — сабе даражэй.

Гаворыць адна з рабочых аб’яднаньня “Гомсельмаш”:

“У нас надзвычай шмат людзей зь сельскай мясцовасьці. Яны жывуць практычна ўсе ў маласямейках ад заводу альбо ў заводзкіх інтэрнатах. Потым будуюць ад заводу жытло. Чарга падыйшла, робяць першы ўнёсак, банкі пад паруку прадпрыемства даюць крэдыт. Ён тут жыве, будуе жытло, працуе. Чалавеку ўжо проста няма куды падзецца — ён прывязаны”.



Паводле афіцыйных зьвестак, у Менску і рэгіёнах у верасьні колькасьць беспрацоўных, якія афіцыйна лічацца ў чарзе на атрыманьне працы, вырасла і складае амаль 50 тысяч чалавек.
XS
SM
MD
LG