Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акцыя проці манэўраў: ад правакацыі да брутальнасьці ўлады


9 верасьня ў Менску адбылася акцыя пратэсту супроць удзелу расейскіх вайсковых частак у манэўрах на тэрыторыі Беларусі, якая была жорстка разагнаная сталічным АМАПам. Як вядомыя асобы і палітыкі ставяцца да такіх дзеяньняў уладаў і як ацэньваюць мэты тых, хто выйшаў на Кастрычніцкую плошчу з расьцяжкай “Расейская армія — ідзі дамоў”?

Кіраўнік руху “За свабоду” Аляксандар Мілінкевіч зараз недасяжны для тэлефонных званкоў, таму я зьвярнуўся да ягонага намесьніка Юрася Губарэвіча:

Юрась Губарэвіч
“Мяркую, учора людзі мелі поўнае права пратэставаць супроць дзеяньняў ўладаў, супроць манэўраў, якія праходзяць з удзелам замежных войскаў на тэрыторыі Беларусі. Як вядома, гэта супярэчыць Канстытуцыі, у якой замацаваны нэўтральны статус Беларусі. Што да рэакцыі ўладаў на гэтыя пратэсты — яна надзвычай жорсткая, неадэкватная. На маю думку, гэта спроба дэманстраваць усходняму партнэру тое, што сытуацыя застаецца пад кантролем. У Беларусі ёсьць людзі, якія выступаюць супроць такога супрацоўніцтва, супроць палітычнай залежнасьць краіны ад усходняга суседа, таму дзейная ўлада дэманструе, што яна зьяўляецца найбольш блізкім і найбольш зразумелым партнэрам для Расеі”.

Прадстаўнік руху “За свабоду” спадар Губарэвіч зазначыў, што менавіта малаколькаснасьць пратэстных акцый апошняга часу дазваляе ўладам абыходзіцца з актывістамі “як заўгодна”.

З пазыцыяй Юрася Губарэвіча ня згодны Павал Казлоўскі, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў быў міністрам абароны Беларусі:

Павал Казлоўскі
“Ня буду ацэньваць тое, хто каго біў па галаве — гэта хай робяць палітыкі. Што да манэўраў, мяркую, пратэставаць супроць іх — глупства. Я не за тое, каб разганялі акцыі пратэсту, але чаму быць супраць? Ёсьць дамова пра саюзную дзяржаву, у якой прапісана правядзеньне і сумесных вайсковых мерапрыемстваў. Ёсьць адзіная сыстэма супрацьпаветранай абароны, таму такое пратэстнае стаўленьне — гэта несур’ёзна”.

Пры гэтым Павал Казлоўскі прызнае, што палітычная залежнасьць Беларусі ад Расеі ёсьць вялікай праблемай для незалежнасьці краіны.

Алег Гулак
Старшыня БХК Алег Гулак заўважае, што жорсткі разгон акцыі можа сарваць паляпшэньне адносін беларускіх уладаў з Захадам, і ставіць пытаньне: ці ня мелі арганізатары акцыі мэту справакаваць улады менавіта на такі разгон?

“Усё ж дзіўная была акцыя. Але людзі могуць дзейнічаць дзіўна, на тое яны і людзі, у іх могуць быць самыя розныя мэты, у тым ліку і дрэнныя. Аднак гэта не азначае, што ўлада гэтак можа адказваць на такія мірныя акцыі”, — мяркуе праваабаронца.

А вось як камэнтуе сытуацыю намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Для мяне асабіста такія манэўры выглядаюць як падстава, каб расейскія войскі тут засталіся назаўсёды. Такі варыянт падзей падаецца мне рэальным, і гэта мяне сапраўды хвалюе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG