Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пойдзе Лукашэнка сьлядамі Чавэса?


Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс

Аляксандар Лукашэнка і Уга Чавэс

Пасьля візыту ў Менск і сустрэчы з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс заявіў у Маскве аб прызнаньні Паўднёвай Асэтыіі і Абхазіі “ад сёньняшняга дня”. Ці азначае гэта, што ўсьлед за Уга Чавэсам гэтыя грузінскія тэрыторыі прызнае і Аляксандар Лукашэнка?

Сябра сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка сумняецца, што найбліжэйшым часам на прызнаньне Паўднёвай Асэтыіі і Абхазіі пойдзе А.Лукашэнка.

Вінцук Вячорка
“Не таму, што ён такі абаронца незалежнасьці постсавецкіх суседзяў Расеі ад яе імпэрыялістычных рэфлексаў. А проста таму, што ён ня можа сабе ўявіць, як ён будзе сядзець нароўні за круглым сталом у так званай саюзнай дзяржаве, куды хочуць Паўднёвая Асэтыія і Абхазія, з Какойты і Багапшам”.

Спадар Вячорка ня лічыць, што А.Лукашэнка мог неяк уплываць “на багатага нафтай Чавэса”. Заяву Уга Чавэса аб прызнаньні самаабвешчаных рэспублік спадар Вячорка назваў складовай часткай курсу вэнэсуэльскага лідэра на стварэньне антыамэрыканскага фронту.

“У ім Расея павінна адыгрываць значную ролю, бо ў яе ёсьць ядзерная зброя і геапалітычная прысутнасьць. А калі Расея яму такое пажаданьне выказала, ён пайшоў насустрач, бо, відавочна, яму не складае гэта асаблівай праблемы, будучы на другім канцы глёбусу ад рэгіёну”.

Паводле лідэра Народнай Грамады Міколы Статкевіча, прызнаньне з боку Вэнсэуэлы мала што дадае Расеі ў яе імкненьні легітымізаваць грузінскія тэрыторыі, улічваючы пэўную рэпутацыю Уга Чавэса ў сьвеце. Спадар Статкевіч лічыць, што прызнаньне самаабвешчаных рэспублік Чавэсам наўрад ці паўплывае на пазыцыю Аляксандра Лукашэнкі.

Мікола Статкевіч
“Што да Беларусі, то тут гэтае пытаньне для Расеі ключавое. Бо Расея, безумоўна, цісьне на сваіх хаўрусьнікаў у СНД, каб дамагчыся прызнаньня імі. Але ў іх ёсьць вельмі добры аргумэнт, што нават ваш бліжэйшы хаўрусьнік, партнэр па саюзнай дзяржаве не прызнае іх. І, такім чынам, непрызнаньне з боку Беларусі затрымлівае гэтыя дзеяньні па легітымізацыі незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Лукашэнка будзе гатовы прадаць прызнаньне гэтых тэрыторый за вельмі дарагую цану”.

Палітоляг Аляксей Кароль ня бачыць непасрэднай сувязі паміж Чавэсавым прызнаньнем Паўднёвай Асэтыіі і Абхазіі і ягоным візытам у Менск.

Аляксей Кароль
“Лукашэнка Паўднёвую Асэтыію і Абхазію як хоць маленькую карту гэтай гульні, але дастаткова вялікую паміж Масквой і Менскам, будзе прыберагаць яшчэ пэўны час. Я думаю, ён і сам ня ведае, у які час ён будзе трымаць яе ў якасьці казырнай карты за пазухай дзеля торгу. А што да Чавэса, то яго экзатычная фігура ў сьвеце вядомая, і трэба было чакаць такога прызнаньня. Я ня думаю, што гэта нават на карысьць аўтарытэту Масквы. Гэта дадае больш іроніі ва ўсю калізію прызнаньня Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі дзьвюма краінамі — як Нікарагуа, а тут яшчэ і Чавэсам”.
XS
SM
MD
LG