Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

10 верасьня з аднадзённым візытам у Менск прыбыў уплывовы нямецкі палітык Ганс-Дытрых Геншэр, колішні віцэ-канцлер і міністар замежных спраў. Ён сустрэўся зь міністрам замежных спраў Беларусі Сяргеем Мартынавым і Аляксандрам Лукашэнкам.

Цягам 20 гадоў Ганс-Дытрых Геншэр займаў вышэйшыя пасады ў Нямеччыне: міністра ўнутраных спраў, віцэ-канцлера і міністра замежных спраў. На апошняй пасадзе ён прабыў з 1974 па 1992 год, і ў гэтай якасьці наведваў і брэжнеўскі СССР, і Беларусь у першыя гады незалежнасьці. Спадар Геншэр меў непасрэднае дачыненьне да разбурэньня Бэрлінскага муру і ўсталяваньня новага парадку ў Эўропе. Цяпер спадар Геншэр — адстаўны, але ўплывовы палітык.

У часе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам ён заявіў пра важнасьць разьвіцьця беларуска-нямецкіх дачыненьняў і адносін Беларусі і Эўразьвязу:

“Калі 20 гадоў таму быў разбураны Бэрлінскі мур і Нямеччына аб’ядналася, хтосьці напісаў, што на гэтым скончылася гісторыя. Я ня верыў у гэта тады, ня веру і цяпер. Сёньня перад намі стаіць задача пабудаваць новы сьвет і наноў пабудаваць Эўропу”.

Спадар Геншэр заявіў, што ён сочыць за падзеямі ў Беларусі, за разьвіцьцём яе адносін з Эўразьвязам.

Аляксандар Лукашэнка назваў сустрэчу з Геншэрам вялікім гонарам для сябе, заявіў, што ён ня мог нават уявіць, што будзе сядзець зь ім за адным сталом і абмяркоўваць месца Беларусі ў эўрапейскай палітыцы.

“Калі б мяне 30 гадоў назад ноччу ўзьнялі з ложка і спыталі, што гэта за чалавек — Ганс-Дытрых Геншэр, я б ня толькі назваў ягоную пасаду, але і імгненна ахарактарызаваў усю ягоную палітычную дзейнасьць. Гадоў з дваццаці я актыўна займаўся палітычнымі пытаньнямі, многае вывучаў у палітыцы, асабліва ў палітыцы Нямеччыны, паколькі яна фармавала ня толькі эўрапейскую палітыку, але і сусьветную. І вы як архітэктар гэтай палітыкі не маглі не апынуцца ў цэнтры маёй увагі”.

Паводле А. Лукашэнкі, погляды спадара Геншэра шмат у чым адпавядаюць тым поглядам, якія прапагандуе кіраўніцтва Беларусі:
погляды спадара Геншэра адпавядаюць тым поглядам, якія прапагандуе кіраўніцтва Беларусі ...

“Гэта датычыць бесканфліктнасьці сьвету, гэта датычыць стабільнасьці нашай плянэты і многіх іншых пытаньняў, якія выцякаюць з ідэі шматпалярнасьці пабудовы нашага сьвету, якую вы не адкідаеце. У нас ёсьць вельмі шмат агульных рысаў у зьнешняй палітыцы, якія былі закладзеныя яшчэ вамі ў Эўропе”.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька выказаў меркаваньне, што Геншэр мог прывезьці нейкае пасланьне беларускаму кіраўніку з Бэрліна. Менскі палітоляг Аляксей Кароль не выключае такой магчымасьці, але раіць не перабольшваць уплывовасьці Геншэра.

Анатоль Лябедзька
“Адстаўныя палітыкі — усё ж такі былыя палітыкі, і іх уплыў на сучасную палітыку вельмі ўмоўны, нават калі яны былі знакамітымі ў свой час і зрабілі шмат. Іншая справа, што калі-нікалі адстаўныя палітыкі выконваюць функцыю перадачы сыгналу ці прасоўваньня той ці іншай палітыкі”.

Аляксей Кароль мяркуе, што Геншэр мог быць карысным Эўразьвязу ў зборы інфармацыі пра гатоўнасьць Менску выконваць патрабаваньні Брусэля. Эўразьвяз цяпер рыхтуецца да разгляду пытаньня аб скасаваньні ці працягу санкцыяў супраць афіцыйнага Менску, якія раней былі замарожаныя.

На думку Аляксея Караля, сваю негатоўнасьць да дэмакратызацыі ўлады Беларусі прадэманстравалі ўчора, брутальна разагнаўшы акцыю апазыцыі на Кастрычніцкай плошчы.

У нямецкім МЗС ніяк не камэнтуюць інфармацыю пра візыт колішняга кіраўніка замежнапалітычнага ведамства ФРГ Ганса-Дытрыха Геншэра ў Беларусь і яго сустрэчы з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам і міністрам Сяргеем Мартынавым. Па ўсе камэнтары нямецкія дыпляматы адсылаюць журналістаў непасрэдна ў офіс Ганса-Дытрыха Геншэра. У сваю чаргу, сакратарка колішняга кіраўніка нямецкага МЗС адказвае, што ня будзе нічога камэнтаваць бяз згоды на тое самога спадара Геншэра.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG