Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Дом літаратара”. Эфір 5 верасьня



ЛІТМУЗЭЙ

ВЯЧАСЛАЎ РАГОЙША: “АЎТОГРАФАЎ КУПАЛЫ Ў БУКІНІСТЫЧНЫХ КРАМАХ МЫ НЯ ЗНОЙДЗЕМ”


Як выглядаюць чарнавікі Янкі Купалы? Чым пісаў першы народны паэт Беларусі – атрамантам ці алоўкам? Дзе знаходзіцца незгаральны сэйф з аўтографамі песьняра? Адказы на гэтыя пытаньні чытачы знойдуць у каталёгу “Рукапісная спадчына Янкі Купалы”, які выпусьціла ў сьвет выдавецтва “Чатыры чвэрці”. У падрыхтоўцы гэтага ўнікальнага выданьня, дзе апісаныя больш за 1000 аўтографаў паэта, браў удзел старшыня Міжнароднага фонду імя Янкі Купалы прафэсар Вячаслаў Рагойша, зь якім пагутарыў Міхась Скобла.

Міхась Скобла
Міхась Скобла:
“Спадар Вячаслаў, вядома, што ў дом Янкі Купалы ў Менску трапіла бомба, і ён згарэў, а разам зь ім згарэў і архіў народнага паэта. А колькі аўтографаў Купалы дайшло да нас?”


Вячаслаў Рагойша
Вячаслаў Рагойша:
“Даволі шмат. Нягледзячы на тое, што, сапраўды, у першыя ж дні вайны дом Янкі Купалы, на жаль, згарэў. Справа ў тым, што многа купалаўскіх рукапісаў заставалася ў рэдакцыях розных газэтаў, у прыватных асобаў. Адразу пасьля вайны ўдава Купалы Ўладзіслава Францаўна (цётка Ўладзя, як яе называлі) пачала зьбіраць усё, зьвязанае з Купалам, і за некалькі дзесяцігодзьдзяў назьбіралася даволі шмат рукапісаў. Толькі вершаў на беларускай мове з 1904 па 1942 год захавалася каля чатырохсот адзінак. Захаваліся і аўтографы 22 польскамоўных вершаў, у тым ліку 5 санэтаў на польскай мове, дарэчы, даволі добрых санэтаў”.

Скобла: “Для рукапісаў Льва Талстога ў Яснай Паляне выраблены адмысловы незгаральны сэйф. А ці надзейна зьберагаюцца рукапісы Купалы ў ягоным музэі?”

Рагойша: “У нас, на жаль, такога сталёвага пакоя-сэйфа няма, ёсьць звычайны вялікі сэйф, дзе зьберагаюцца Купалаўскія рукапісы. Ён стаіць у надзейным пакоі, які ахоўваецца і электронікай, і захавальніца фондаў за ім сочыць. І ўсё ж я за тое, каб гэты пакой нейкім чынам ператварыць у пакой-сэйф, таму што ўсё здараецца ў жыцьці, і пажары і сёньня здараюцца”.

Скобла: “Рукапісы Дастаеўскага амаль немагчыма чытаць – столькі там правак! А Ўладзімер Караткевіч, наадварот, пісаў быццам адразу чыставік, вельмі мала закрэсьліваў. А як працаваў над словам Янка Купала?”

Рагойша: “Адчуваецца, што асобныя творы клаліся ў яго на паперу адразу, і там выпраўленьняў мала. Але ў некаторых выпадках закрэсьліваньняў даволі шмат, відно, што кананічны тэкст зьяўляўся на сьвет у выніку пакутлівых пошукаў. Напрыклад, першапачатковы радок у вершы “Лясная царэўна” гучаў наступным чынам: “Твар мела праменны, як неба ўзор”. Пасьля выпраўленьня радок загучаў па-купалаўску своеадметна: “Твар мела сьвятлісты, як неба ўзор”. А радок “люблю і малюся, як бачу, табе” набыў таксама больш адухоўлены выгляд: “Люблю і малюся, як Богу, табе”. Што да верша “Партызаны”, то пошукі паэтычна-вобразнага радка запатрабавалі яшчэ больш намаганьняў. Рукапіс сьведчыць, што радок “задымелі агні на начлезе” меў тры варыянты: “Задымеліся вогнішчы ў пушчы”, “запалалі агні на пакосе”, “запалалі агні на начлезе”. Радок жа “шляхі значылі сонца і зоры” зьявіўся ў канчатковым выглядзе толькі за пятым разам. Вось, напрыклад, якія былі спачатку варыянты: “Усьміхалася сонца і зоры”, “Іх праводзіла сонца і зоры”, “Шлях паказвала сонца і зоры”, “Шлях ім значыла сонца і зоры”. Можна прыводзіць яшчэ шмат прыкладаў, як Купала працаваў над паэтычным радком”.

Скобла: “У 2003 годзе завершылася выданьне Поўнага збору твораў Купалы ў 9 тамах (10 кнігах). Аднак, гартаючы каталёг рукапісаў паэта, я не аднойчы сустракаў пазнаку: “Твор не друкаваўся”. Няўжо ўдалося адшукаць ненвядомыя вершы Купалы?”

Рагойша: “Няшмат, але некалькі невядомых твораў сапраўды знайшліся. Я не скажу, што гэта нейкія вызначальныя, знакавыя творы. Часам гэта ўсяго некалькі радкоў на паштоўцы, на аркушыку паперы. Часам гэта варыянты, якія не ўвайшлі ў асноўны тэкст. Ёсьць надзея, што на чарговых Купалаўскіх чытаньнях, якія адбудуцца сёлета ў Музэі Купалы 14-15 кастрычніка, магчыма зьявяцца і новыя рукапісы. Я памятаю, як на падобных чытаньнях Янка Запруднік афіцыйна перадаў у музэй аўтограф верша “О так, я пралетар…” І цяпер гэты верш захоўваецца ў фондах музэя”.

Скобла: “Зрэдку ў букіністычных крамах я бачу аўтографы нашых клясыкаў. Крыўдна ня тое, што яны прадаюцца, а тое, што прадаюцца надзвычай танна, па кошце самой кнігі. Нядаўна я спытаў у аднаго польскага паэта, госьця Беларусі – а ці можна ў Варшаве набыць аўтографы Чэслава Мілаша ці Віславы Шымборскай? Паэт паглядзеў на мяне як на дзівака. Чаму ў нас і тут усё ня так, як у людзей?”

Рагойша: “Аднойчы я іду дадому і бачу – каля пад’езда ляжыць вялікі стос кніг, які нехта проста выкінуў. У тым стосе былі цікавыя кнігі, я ўзяў аўтограф Міколы Грынчыка. Розныя выпадкі бываюць... Пра што гэта сьведчыць? Пра нізкі культурны ўзровень нашых людзей. У іх няма піетэту перад вялікімі асобамі нацыі. Шкада, што ў нас у школе на гэты бок патрыятызму ўвага не зьвяртаецца. Але ні аўтографаў Янкі Купалы, ні аўтографаў Якуба Коласа – нашых клясыкаў – ні вы, ні я ў букіністычных крамах ня знойдзем”.

АЎТАР І ТВОР

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ: “КАЛІ КАГО-НЕБУДЗЬ БАІСЬСЯ, УЯВІ ЯГО БЕЗ МАЙТКОЎ”


Улетку ва Ўладзімера Арлова амаль адначасова выйшлі дзьве паэтычныя кнігі: у менскім выдавецтве Ігара Логвінава зьявіўся новы зборнік вершаў “Усё па-ранейшаму толькі імёны зьмяніліся”, а ў гданьскім выдавецтве “slowo/obraz terytoria” па-польску (у перакладзе Адама Паморскага) выдадзены зборнік “Паром празь Ля-Манш”. Пра гэтыя ды іншыя навіны ў творчым жыцьці пісьменьніка распытвала Аля Слобан.

Аля Слобан: “Спадар Уладзімер, ці вядзеце вы падлік сваім кнігам? Які дзясятак распачалі вашы новыя выданьні?”

Уладзімер Арлоў: “Калі я думаю пра колькасьць сваіх кніг, то заўсёды згадваю пра тое, што Максім Багдановіч пры жыцьці ўбачыў толькі адну сваю кнігу. Пасьля гэтага я супакойваюся”.

Слобан: “А як вы ставіцеся да сьцьверджаньня, што паэзія – гэта занятак маладых, а сталасьць схіляе творцаў да суровай прозы?”

Арлоў: “Спадзяюся неўзабаве зноў крыху пасталець і схіліцца да напісаньня працягу сваіх даволі суровых “Полацкіх апавяданьняў”.

Слобан: “Вы вядомы найперш як пісьменьнік, які сваімі гістарычнымі творамі адукоўвае паспалітае грамадзтва, а яно ў сваю чаргу чакае ад вас новых кніг пра падзеі і імёны блізкай і далёкай мінуўшчыны. Ці не баіцеся вы, што вашы паэтычныя кнігі ня будуць мець такога ўплыву на чытача?”

Арлоў:
“Я не баюся, я проста ведаю, што яны сапраўды ня будуць мець такога ўплыву. Хаця б з тае прычыны, што наклады маіх паэтычных зборнікаў у дзесяць, а калі параўнаць зь першай паловай дзевяностых гадоў, то і ў сто разоў меншыя за наклады празаічных кніг. Але, напэўна, паэтычныя кнігі і не павінны адукоўваць грамадзтва. Іхняе прызначэньне, напэўна, зусім у іншым. Напрыклад, у тым, каб у душы чытача хоць на імгненьне загучала тая самая мэлёдыя, што і ў аўтара”.

Слобан: “Ваша польская кніга “Паром празь Ля-Манш” намінаваная па прэмію “Эўрапейскі паэт свабоды”. Што для вас значыць гэтая намінацыя?”

Арлоў: “Па-першае, я лічу, што ў спаборніцтве за гэтую прэстыжную прэмію, заснаваную кіраўніцтвам свабодалюбнага гораду Гданьску, зь ня меншым, а можа і большым посьпехам ад нашай краіны маглі б удзельнічаць іншыя мае калегі. Але атрымалася так, што мой “Паром празь Ля-Манш” адпавядаў адразу некалькім умовам вылучэньня. Апрача таго, на кнігу зьвярнуў увагу выдатны польскі перакладчык Адам Паморскі. Для мяне – вялікі гонар, што менавіта ён пераклаў “Паром празь Ля-Манш”. Ужо сам выхад кнігі ў перакладзе Паморскага – высокая ўзнагарода”.

Слобан:
“Свабода – гэта тое слова, якое стаіць у адным шэрагу са словам дэмакратыя. Абодва паняткі вымагаюць актыўнай грамадзянскай пазыцыі і ўдзелу ў палітычных падзеях краіны, што вы і робіце. Між тым, славуты Хорхе Луіс Борхес, па ўспамінах нашага перакладчыка Карласа Шэрмана, ня толькі пазьбягаў палітычных мітрэнгаў, але нават не хацеў кантактаваць са сваімі калегамі, якія цікавяцца палітыкай, лічачы гэта марнаваньнем жыцьця? Як вы ставіцеся да падобнай пазыцыі вялікага пісьменьніка?”

Арлоў: “Для мяне тут, шчыра кажучы, галоўнае – не пазыцыя выдатнага творцы, а тое, што ён – сапраўды, выдатны творца. Як вядома, Кнут Гамсун прызнаваўся ў сымпатыях да Адольфа Гітлера. Але гэта для мяне, як я думаю, і для мільёнаў прыхільнікаў яго таленту, не перакрэсьліла спадчыну выдатнага творцы”.

Слобан: “Ці пішуцца новыя вершы і з чым вы сёньня прыйшлі да нас?”

Арлоў: “Вершы павольна, пакутліва, але, на шчасьце, пішуцца. Зрэшты, калі штосьці пішацца вельмі хутка, то гэтаксама хутка, мне здаецца, яно і зьнікае з поля зроку і чытача, і самога аўтара. Пішуцца як вэрлібры, так і вершы з захаваньнем традыцыйных канонаў вершаскладаньня, у прыватнасьці, рыфмы. Чытачы ставяцца да іх па-рознаму. Адны кажуць: не пішы ты ў рыфму – гэта не твая стыхія. А некаторым, наадварот – падабаецца. Можна пад настрой нешта і на памяць развучыць, а то і прасьпяваць”.

УЛАДЗІМЕР АРЛОЎ. НОВЫЯ ВЕРШЫ

Калі каго-небудзь баісься

калі каго-небудзь баісься
уяві яго без майткоў
бязьлітаснага прафэсара
прыгажуню з суседняга дому
рэдактара-монстра
мэдсястру зь вялікім шпрыцом
міліцыянта з дручком
прэзыдэнта з вусамі
калі каго-небудзь баісься
пакруці яму нешта
каб заверашчаў
а калі гэта яна
вытні з адцяжкай па
пышным ці худым азадку
скажы
я цябе не баюся
я сам магу паставіць табе
два балы
зарэзаць тваю кнігу
зарэзаць цябе самога
зрабіць табе клізму
затрымаць цябе
для высьвятленьня асобы
выставіць сваю кандыдатуру
на прэзыдэнцкіх выбарах
калі каго-небудзь баісься
маеш нядрэнны рэцэпт
але што рабіць
калі баісься
самога сябе?

Клава

ты выходзіш на ганак
шчасьлівая
з понтам
і з Понтам Эўксінскім
глыбіня сустракаецца
тваіх чорных вачэй
вечар сіні
зусім
ты круціла раманчык
летась
з князем грузінскім
а цяпер
твой абраньнік
паэт зь Яраслаўлю
Максім
ён чытаў табе вершы
і прагна кахаўся
нібы заўтра зьбіраўся
ў тагасьвецьце пайсьці
ён такі вынаходнік
адважны
няўрымсьлівы вершнік
ён такі...
сонца ўпала на ходнік
быў херас дапіты
пах дурманна язьмін
навяваючы сум
ён шукаў сабе рыфму
да слова ланіты
ты прылегла ў падушкі
і ўздыхнула: вазьмі...
Божа!
што ён шаптаў табе
ў вушка
ў міжножжа
у водар
дзьвюх прасьцінак
салёных ад поту
і не ...
захлыналася ты
і хацеў адвярнуцца
нечы цёмны партрэт
на зялёнай сьцяне
ён казаў табе потым
тут грэкі любілі
і готы
тут вачыма прахожых
пранікліва скіфы
глядзяць
і пытаюцца моўчкі
адкуль ты і хто ты
і за кожнага зь іх
буду браць цябе я
буду браць як
рабыню
гетэру
наяду
як русалку
з падводнага саду
дай мне яду
каханая
ад самоты
ты названая Клавай
бацькамі
і муж гэтак кліча
ну а ён Балаклавай
цябе ахрысьціў
гэта бухта
у Крыме
ён кажа:
ты – бухта
у ягоным кароткім
як чэрвень
жыцьці
ты лічыла што ён
не паэт –
вершаплётнік альбомны
з тых
якіх легіёны
і сьвет
іх трымае сабе на забаву
ды ўчора
ён на мове сваёй
прачытаў трыялет
ты зьдзівілася
келіх паўнюткі
здрыгануўся
ў тваёй паўнаватай руцэ
зразумела?
амаль нічагуткі!
лацінскае “цэ”
на рэцэпце ягоным
шматзначна маўчала
сарамлівы партрэт
быў уражаны
мовы чужой таямніцай:
што такое ліхтарня
спакуса
дзяньніца?
што такое пясьняр?
мо – паэт?
ён валодае
магіяй словаў
іх музыкай
колерам
пахам
ён з паветра табе
можа выткаць
санэт
зьзяе зорка Вэнэра
на чэрвеньскім даху
ён – паэт!
ён прамовіў нядаўна
ў кафейні
употай:
каб нам разам аднойчы
патрапіць у рай
хоць на лета
забудзем
пра нашы сухоты
хоць на лета...
пачула ты: Лета
кане
леташні князь з-пад Цхінвалу
у Лету
што апроч удавіцы
пакіне?
набор пісталетаў?
ты належыш паэту
Вэнэра на мове яго –
Мілавіца
колькі вам засталося
піць херас
з Масандры
і любіцца нагбом
пад сузор’ем Касцы?
колькі вам засталося
на рызыку йсьці
ў той альтанцы
сярод маладых алеандраў?

ты выходзіш на ганак
шчасьлівая
з Понтам Эўксінскім
новы ранак
спаткаўся
і новы санэт
ты кахаеш!
ты ў Вечнасьць
ужо адплываеш
твой каханы – Паэт!

Музэй гадзіньнікаў у Браціславе

усё геніяльнае проста
на карціне ратуша
на ратушы гадзіньнік
ён насамрэч ідзе
паказвае сапраўдны час
на гадзіну меней
чым у Менску
а раптам і ўсё астатняе
пачне зараз рухацца
дама выйдзе з экіпажу
пахолак завабіць квятнярку
у густы парк
злодзей здабудзе сваё
пераменьлівае шчасьце
выцягнуўшы ў купца з кішэні
залаты гадзіньнік
які таксама ажыве
табе заманецца
зьдзейсьніць тэлепартацыю
у тую рэчаіснасьць
стаць удзельнікам
і саўдзельнікам
але
ня дамай
не пахолкам
ня злодзеем
а – залатым гадзіньнікам
пражыць жыцьцё
залатога гадзіньніка
мусіць атрымацца цікава
зрэшты гадзіньнік
падобны да чалавека
мае складаныя вантробы
ідзе
сьпяшаецца
спазьняецца
спыняецца
заводзіцца сам
вымагае каб яго
заводзілі
часам разьбіралі
глядзелі што там усярэдзіне
мянялі шасьцярэньку
прыемна думаць што
недзе ёсьць майстра які
сочыць за тваім мэханізмам
зазірае ў гарантыйны квіток
вызначае калі ты
ўжо ня будзеш
падлягаць рамонту
каб зрабіць цябе
геніяльна дасканалай часткаю
пясочнага гадзіньніка
які ў суседняй вітрыне
яшчэ адлічвае дні
твайго недасканалага жыцьця

ЛІТРЭЙТЫНГ

ПЯЦЬ НАЙЛЕПШЫХ ВАНДРОЎНЫХ ЭСЭ


Філёзаф і літаратуразнаўца Валянцін Акудовіч распавядзе пра пяць найлепшых беларускіх вандроўных эсэ.
XS
SM
MD
LG