Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за чацьвер, 10 верасьня.

У “Званках на Свабоду” — дыскусія пра ваенна-палітычныя стасункі Беларусі й Расеі: як адбіваецца гістарычная праўда на сёньняшнім эканамічным супрацоўніцтве, ці ведаюць чыноўнікі тое, што добра знаёма сябрам БНФ, ці варта чакаць удзелу беларускіх вайскоўцаў у вучэньнях на тэрыторыі Расеі…

Пераважная большасьць званкоў за апошні дзень прысьвечаная ваенна-палітычным стасункам Беларусі й Расеі. Пачынаем агляд тэлефанаваньняў з рэакцыі на гадавіну бітвы пад Воршай у 1514 годзе, калі ўтрая меншая дружына гетмана Астроскага перамагла нападнікаў з Маскоўскага княства.

Валер Курневіч, Барысаў: “На месца пераможнай для беларусаў бойкі, што пад Воршай, наша ўлада чамусьці не запрашае ніколі. А вось на лінію Сталіна яна запрашае. Гэтыя запрашэньні — навошта яны, калі Менск немцы захапілі на сёмы дзень вайны?”

Згадваючы гісторыю, слухачы заглядваюць у дзень сёньняшні:

Аляксандар Лапіцкі: “Паважаная Свабода! Апазыцыйныя сілы краіны павінны зразумець, што кожнае іх слова супроць Расеі не аслабляе рэжым, а ўмацоўвае яго. Сябры Народнага Фронту, якія сьвяткуюць падзеі даўніны, якія выступаюць супроць сумесных армейскіх вучэньняў Беларусі й Расеі, зьяўляюцца найлепшымі сябрамі Аляксандра Лукашэнкі”.

Калі меркаваць па рэдакцыйнай аўдыяпошце, пэўная рацыя ў гэтых словах ёсьць. Вось рэакцыя на пратэст супраць маючых адбыцца сумесных беларуска-расейскіх вайсковых манэўраў:

Спадар: “Тыя, хто арганізаваў пратэст супраць таго, каб былі манэўры з расейскімі войскамі, вы што, ня ведаеце, што вырабляе Амэрыка й іншыя, што яны рыхтуюцца да трэцяй сусьветнай вайны? Вам што, гэта незразумела? Абараняцца, як бы там ні было!”

Спадар: “Якая справа гэтым малалеткам, гэтай біямасе ў руках апазыцыі да беларуска-расейскіх манэўраў? Ім што, патрэбныя натаўскія войскі на нашай тэрыторыі? Трэба паўтарэньне 1941 году? Ці толькі апраўдаць гранты?”

Аднак хапае і меркаваньняў іншага кшталту:

Спадар: “Каго хоча запалохаць Беларусь, праводзячы на сваёй тэрыторыі разам з Расеяй вайсковыя манэўры пад красамоўнай назвай “Захад”? Асабліва ў зьвязку з удзелам Беларусі ва “Ўсходнім партнэрстве” з тым жа Захадам!”

Спадарыня Ціна: “Так бязьлітасна зьбіваюць мірных пратэстантаў... Напэўна, Захад зусім сьляпы — беларускі супраціў такі ж безабаронны... Няма сіл абурацца нідзе абсалютна. Заб’юць чалавека — і ўсё!”

Прашу пракамэнтаваць гэтае шматгалосьсе грамадзкага рэдактара тыдня — літаратарку Наталку Бабіну.

Наталка Бабіна
Бабіна:
“Згадваю выказваньне былога беларускага прэм’ера Вячаслава Кебіча, які ў сэрцах неяк кінуў: “Вось яшчэ раз адзначым Дзень беларускай вайсковай славы — і застанемся бяз нафты і бяз газу”… Атрымліваецца, мы памыляліся, калі думалі, што нашае кіраўніцтва як бы нічога ня знала і ня ведала пра бітву пад Воршай, што ёсьць такі дзень у гісторыі, а тут высьвятляецца — усё там добра ведаюць і ўсё добра разумеюць. І каб ня нафта з газам, дык пагадзіліся б яны адзначаць тую гістарычную дату… Яе адзначэньне — вельмі добрая традыцыя, якой суджана пашырацца. Беларусы — гэта беларусы, а рускія — гэта рускія… Хаця старэйшаму пакаленьню Расея здаецца па-ранейшаму нейкай нам больш блізкай, бо на такой ідэалёгіі мураваўся Савецкі Саюз, але будучыня ўсё ж такі за незалежнымі дзяржавамі з праўдзівай, непадладжанай гісторыяй. І за незалежнай Расеяй, і за незалежнай Беларусьсю. Вось зараз Расея праводзіць свае вучэньні ў Беларусі — дык мне цікава: ці ёсьць у плянах, каб 6 000 беларускіх жаўнераў паманэўравалі на тэрыторыі не сваёй, а — расейскай?”

Нагадваем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG