Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастара выклікаюць у суд


Вячаслаў Ганчарэнка
Вячаслаў Ганчарэнка

Намесьнік пракурора Маскоўскага раёна Менску Кірыл Мазоўка 9 верасьня склаў пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні на пастара царквы "Новае жыцьцё" Вячаслава Ганчарэнку.

Пра гэта паведаміў БелаПАН юрыст царквы Сяргей Луканін.

Пратакол складзены ў адпаведнасьці з артыкулам 23.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэньнях і палажэньняў закона аб пажарнай бясьпецы ў сувязі з адмовай вернікаў дапускаць у храм прадстаўнікоў выканаўчай улады.

Паводле пастара, такое рашэньне, прынятае на агульным сходзе вернікаў, дзейнічае зь лістапада 2007 года і зьяўляецца формай пратэсту супраць незаконных судовых пастаноў, якія пастаянна выносяцца па справах царквы.

Пратакол будзе разглядацца ў судзе Маскоўскага раёна.

9 верасьня царква "Новае жыцьцё" зьвярнулася па падтрымку да спэцыяльнага прадстаўніка па парушэньні правоў вернікаў Камітэта па правах чалавека ААН.

У звароце выкладзена сытуацыя вакол абшчыны і акцэнтуецца ўвага на незаконнасьці ўсіх судовых рашэньняў, вынесеных адносна царквы. Вернікі адзначаюць, што вычарпалі ўсе судовыя магчымасьці краіны ў адстойваньні сваіх правоў.

Пратэстанцкая абшчына просіць тэрміновага ўмяшаньня ў сытуацыю.



10 сакавіка 2008 года судзьдзя Маскоўскага раёна Тацяна Мотыль аштрафавала Ганчарэнку на 350 тысяч рублёў за яго адмову выконваць пракурорскі загад аб допуску ў храм супрацоўнікаў МНС.

16 сакавіка ўлады прапанавалі вернікам абмеркаваць пытаньне будаўніцтва ў раёне МКАД — вуліцы Шаранговіча новага будынка царквы на ўчастку плошчай каля 0,4 га, які ў чатыры разы меншы за раней выдзелены. Аднак на агульным сходзе 5 траўня вернікі аднагалосна прагаласавалі супраць гэтай прапановы. Яны лічаць, што вырашэньне пытаньня аб выдзяленьні новага ўчастка зойме да двух гадоў і запатрабуе ад царквы ня менш як 100 тысяч даляраў ЗША, а ўзьвядзеньне новага храма — ня менш як 3 мільёны даляраў.

22 жніўня ўлады Менску ўручылі прадстаўнікам абшчыны акт прыёмкі-перадачы будынка царквы, які вернікі адмовіліся падпісаць. З 24 жніўня яны праводзяць у храме бестэрміновае кругласуткавае малітоўнае дзяжурства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG