Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адразу па 18-й гадзіне пачалася зачыстка плошчы. Удзельнікаў акцыі “Не — расейскай акупацыі!” моцна зьбівалі, журналістам не давалі здымаць. Палову ўдзельнікаў затрымалі яшчэ на падыходах. /img/icon-photogallary.gif ФОТАРЭПАРТАЖ --> http://www.svaboda.org/photogallery/2507.html

Ці ня большую частку ўдзельнікаў акцыі затрымалі прэвэнтыўна яшчэ на падыходах. З пункту лінейнага аддзяленьня міліцыі мэтрапалітэну на Кастрычніцкую плошчу вывелі чатырох затрыманых – пасьля таго, як прыехалі 10 спэцназаўцаў і сказалі, што ім патрэбныя 4 чалавекі. Ім далі 4 патэнцыйных удзельнікаў акцыі, зь якімі спэцназаўцы паехалі ў РУУС Цэнтральнага раёну Менску. Пазьней былі затрыманыя яшчэ сямёра актывістаў, сярод іх Зьміцер Дашкевіч, Зьміцер Касьпяровіч, Аксана Самуйлава, Сяржук Карповіч і Радзівон Піражкоў.

Усяго затрымана перад і падчас акцыі было каля 20 чалавек. Сярод іх Віктар Івашкевіч, Зьміцер Бандарэнка, Аляксандар Атрошчанка – усіх вельмі моцна зьбілі ў часе затрыманьня. Іх літаральна цягнулі па зямлі ў спэцназаўскі аўтобус. Зьмітру Дашкевічу ў часе затрыманьня, зьбіваючы, зьвіхнулі руку. Зь міліцыі яго адвезьлі ў шпіталь, дзе яму ўправілі зьвіх і зноў адвезьлі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску. І гэта пры тым, што Зьміцер Дашкевіч нават не пасьпеў паўдзельнічаць у акцыі, бо яго, як і шмат каго яшчэ, затрымалі прэвэнтыўна.

Нягледзячы на тое, што акцыю вельмі жорстка разагналі, на Кастрычніцкай плошчы праз гадзіну пасьля гэтага працягвалі заставацца спэцназаўцы, узмоцненыя патрулі міліцыі і нават міліцэйскае кіраўніцтва. А трохі пазьней зьявіліся прадстаўнікі службы бясьпекі Аляксандра Лукашэнкі. У горадзе і без таго шмат міліцыі ў сувязі зь візытам Уга Чавеса і футбольным матчам.

Вельмі жорстка абышлася міліцыя і з журналістамі. Усе бачылі, як два спэцназаўцы білі камэру апэратара польскага тэлебачаньня. Міліцыянты адарвалі аб'ектыў, пасьля чаго двойчы кінулі камэру аб зямлю. Міліцыянты штурхалі іншых карэспандэнтаў і перашкаджалі ім здымаць.

А 21-й гадзіне ў міліцыі ўтрымлівалі 21 чалавека, двое зь іх — непаўналетнія.

Паводле закону, затрыманых можна ўтрымліваць тры гадзіны, якія канчаюцца акурат пасьля 9-й вечара. Некаторым затрыманым удалося перадаць сваякам, што яны пачулі з размоў міліцыянтаў, што нібыта супраць іх складуць пратаколы па абвінавачаньні ў дробным хуліганстве. А Зьмітра Дашкевіча, якога затрымалі прэвэнтыўна й зьвіхнулі яму руку, абвінавацяць яшчэ ў супраціве міліцыянтам.

Жонка затрыманага Сержука Карповіча паведаміла, што яе муж здолеў перадаць ёй інфармацыю пра тое, што ён і яшчэ некалькі чалавек знаходзяцца ў аддзяленьні міліцыі Цэнтральнага раёну.

Сьведкі бачылі, як да міліцыі прыязджала хуткая дапамога, але міліцыянты сказалі, што мэдычная дапамога нікому не патрэбная.

У чацьвер у судзе Цэнтральнага раёну пачнуцца суды. А пакуль 17 затрыманых павезьлі ў турму на Акрэсьціна. Дваіх непаўналетніх выпусьцілі. Сваякі ня здолелі перадаць цёплыя рэчы затрыманым. Міліцыянты таксама адмовіліся ўзяць ваду і прадукты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG