Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо на гэтым тыдні ў Беларусі могуць быць істотна падвышаныя кошты на бэнзін.

Падчас нядаўняга паседжаньня Савет міністраў ухваліў такое рашэньне. Гэты крок чыноўнікі тлумачаць стратнасьцю продажу нафтапрадуктаў на тле паступовага росту коштаў на нафту. Незалежныя экспэрты кажуць, што ён выкліча ланцуговую рэакцыю: аўтаматычна падаражэюць паслугі аўтаперавозак, а за імі — тавары, харчы і праезд у грамадзкім транспарце.

У канцэрне “Белнафтахім” не выключаюць, што падвышэньне коштаў на бэнзін можа адбыцца бліжэйшымі днямі, але ад больш падрабязных камэнтароў устрымліваюцца. Адзін з супрацоўнікаў толькі пацьвердзіў, што заплянаваны рост — у межах 10%.

Фактычна цэны будуць вернутыя на ўзровень канца 2008 году, калі ў Беларусі яны амаль дагналі эўрапейскія паказьнікі, перавысіўшы ў эквіваленце 1 даляр за 1 літар. У той час як ва ўмовах крызісу сусьветныя кошты на паліва імкліва зьніжаліся, у Беларусі летась паліва даражэла тройчы. З ініцыятывы Міністэрства фінансаў пры канцы году чакалася чарговае падвышэньне, аднак пад ціскам грамадзкасьці “Белнафтахім” прыняў беспрэцэдэнтнае рашэньне — адкруціць лічыльнік на 10% назад.

У папярэднія месяцы 2009 году кошт на папулярныя маркі паліва трымаўся на ўзроўні наступных паказьнікаў: АІ-95 — 2530 рублёў за літар, А-92 — 2220, Н-80 — 1760, дызэльнае паліва — 2020 рублёў за літар.

Між тым у суседніх зь Беларусьсю Ўкраіне і Расеі пытаньне наконт падвышэньня коштаў на паліва нават не разглядаецца. Прадпрымальнік Сяргей Клікуноў, які мае партнэраў па бізнэсе ў Расеі, кажа, што там і зараз паліва істотна таньнейшае, але расейскія спажыўцы лічаць кошты завышанымі:
У Расеі 92-гі бэнзін каштуе 1800 бел.руб. , дызпаліва - меней за паўдаляра ...

“92-гі бэнзін у Расеі — 21,5 расейскага рубля. Памнож груба на 90, вось і будзе кошт у беларускіх рублях. То бок — крыху больш у эквіваленце за 1800 рублёў. Салярка — 14 рублёў, ад сілы, можа, дзесьці 15, але гэта максымум. Меней за паўдаляра. І пры гэтым ідуць дэбаты, што паліва яшчэ задарагое. Трэба зьніжаць. Літаральна на гэтым тыдні былі дыскусіі з гэтай нагоды, антыманапольны камітэт змагаецца, каб не завышалі кошты. Але каністрамі асабліва адтуль не павозіш, бо там прынятае распараджэньне не даваць вывозіць у памежныя раёны, не выпускаць за межы краіны”.

Цяпер на ўсіх напрамках уезду з Расеі ў Беларусь можна пабачыць адзін малюнак: на бліжэйшых да мяжы АЗС кіроўцы заліваюць поўныя бакі аўтамабіляў.

У канцэрне “Белнафтахім” кожнае падвышэньне тлумачаць стандартна — стратнасьцю галіны, якая пры цяперашніх суадносінах коштаў ня можа працаваць рэнтабэльна на ўнутраным рынку. Да таго ж кошт нафты ўзьняўся да 70 даляраў за барэль. Аднак спэцыялісты нагадваюць: пра стратнасьць і неабходнасьць павелічэньня коштаў у канцэрне казалі і тады, калі пры канцы мінулага году нафта на сусьветных рынках абвалілася да 45 даляраў за барэль.

Эканаміст Сяргей Балыкін лічыць, што цяпер у адпаведных службаў будуць разьвязаныя рукі, каб нарэшце падвысіць кошт праезду ў грамадзкім транспарце, што традыцыйна адмоўна ўспрымаецца пасажырамі. Але трэба чакаць і іншых непрыемных наступстваў:

Сяргей Балыкін
“Тое, што даражэе бэнзін, увогуле паліва, азначае адно: будуць значна вышэйшыя затраты ў вытворцаў. У выніку будзе даражэць прамысловая прадукцыя, будуць даражэць паслугі, будаўнічыя матэрыялы і адпаведна — нерухомасьць. То бок само па сабе падвышэньне коштаў на паліва пацягне за сабой рост іншых коштаў. Таксама будуць наступствы і ў прамысловым сэктары. Калі кошты будуць абмежаваныя на нейкім рынкавым узроўні — ці дзяржавай, ці канкурэнцыяй — аўтаматычна будзе зьмяншацца прыбытак прадпрыемстваў. У выніку прадпрыемствы будуць вымушаныя намагацца яшчэ больш ашчадна ставіцца да сваіх сродкаў. Напрыклад, коштам найманых супрацоўнікаў — ня тое што не падвышаць, а ўвогуле зьмяншаць заробную плату”.

На шэрагу менскіх АЗС супрацоўнікі станцый сказалі, што папярэджаныя пра маючае адбыцца падвышэньне коштаў, але не прагназуюць зьмяншэньня попыту на паліва ва ўмовах імклівай аўтамабілізацыі: пасьля падобных падаражэньняў плынь машын на запраўкі практычна не зьмяншаецца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG