Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Замест сталоўкі адкрылі залю гульнявых аўтаматаў”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 9 верасьня 2009 году

Назіраючы за тым, як кіраўнік дзяржавы час ад часу езьдзіць па калгасных палях і асабіста кіруе рознымі сельскагаспадарчымі кампаніямі, многія нашы слухачы задаюць пытаньні: ці вялікі плён ад такіх паездак? ці дапамагаюць яны вясковым людзям у іхнай працы?

З аднаго зь лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Наш слухач Яўген Стужыньскі зь Нясьвіжа быў уражаны нядаўнім візытам прэзыдэнта Лукашэнкі ў вядомую ў Беларусі вёску Сноў Нясьвіскага раёну — цэнтар перадавой гаспадаркі. Спадар Стужыньскі піша:

“Такія наведваньні прыносяць больш клопатаў працаўнікам вёскі ў гарачы час, чым карысьці. Даводзіцца адрываць людзей ад працы, каб дастойна спаткаць высокага госьця. Трэба і фасады дамоў падмаляваць, і новыя агароджы паставіць, і стэнды з паказчыкамі на поле вывезьці... Раённае начальства кожны дзень не дае спакою.

Пра вёску Сноў шырока вядома яшчэ з часоў СССР, калі ўсе абласныя сродкі ішлі на стварэньне тут узорнай гаспадаркі. І прэзыдэнт прыяжджае сюды ня першы раз — напэўна, яму вельмі хочацца падкрэсьліць, што ў посьпехах найбольшая ягоная заслуга.
як пачнуць працаваць эўрапейскія тэхналёгіі, калі вёска сьпілася, працягвае выміраць, а начальства ўмее кіраваць толькі пры дапамозе мацюкоў і пугі...

Езьдзячы па Берасьцейскай вобласьці, Лукашэнка паабяцаў: “З 2011 году мы будзем жыць, як у Эўропе”. Але большасьць вясковых людзей ніколі не была ў Эўропе. Яны прывыклі верыць беларускаму тэлебачаньню і дзяржаўным газэтам, і думаюць, што найлепшае жыцьцё — у Беларусі. Выклікае вялікае пытаньне, як пачнуць працаваць эўрапейскія тэхналёгіі, калі вёска сьпілася, працягвае выміраць, а начальства ўмее кіраваць толькі пры дапамозе мацюкоў і пугі?

Мы яшчэ не пазбавіліся ад савецкай спадчыны, якой прасякнута ўсё, ад палітыкі да гаспадаркі,— працягвае свой ліст на “Свабоду” Яўген Стужыньскі зь Нясьвіжа. — Калі так хочацца прэзыдэнту, па старой звычцы, наведаць нейкую гаспадарку, дык варта рабіць гэта бязь лішняга шуму і натоўпу дзяржаўных журналістаў з загадзя падрыхтаванымі пытаньнямі. Гэта вельмі проста: пасадзіў верталёт без папярэджаньня на любым калгасным полі і пагутарыў з калгасьнікамі пра жыцьцё, без усялякай “паказухі”. Але тут усё зразумела: прэзыдэнт даўно пачаў перадвыбарчую кампанію (ён вядзе яе бесьперапынна), а абяцаньне “жы¬ць па-эўрапейску” прымеркавана на 2011 год, калі павінны адбыцца чарговыя выбары.

Нешта не чуваць, каб прэзыдэнты суседніх краін лёталі над палямі і стваралі выгляд нястомных барацьбітоў за ўраджай.

Старэйшыя людзі расказваюць, што калісьці некаторыя адукаваныя памешчыкі выходзілі раніцай разам зь сялянамі на касьбу. У вачах сялян такі памешчык вырастаў і рабіўся паважаным чалавекам, які разам зь імі не цураецца простай фізычнай працы.

А “чэсныя” журналісты шчыруюць, пішуць, расказваюць і паказваюць, які здольны беларускі прэзыдэнт. Ён і шайбу на лёдзе можа паганяць, і на матацыкле пракаціцца. Але вось за гады свайго кіраваньня ня змог вывучыць беларускую мову. Неяк крыху сорамна робіцца за яго, калі швэдзкі дыплямат размаўляе па-беларуску, а ён — не. Але гэтаму спрыяюць і самі беларусы. Не чуваць беларускай мовы ў Менску ды іншых гарадах на вуліцы, сярод дзяржаўных чыноўнікаў (ня будзем тут казаць пра Латушку). Скажыце, хто сёньня змагаецца за беларускую мову? Трэба браць прыклад з прэзыдэнта і змагацца за яе так, як ён змагаецца за сваю ўладу. Яшчэ ў старажытнасьці гаварылі: “Народы, якія перастаюць змагацца, выраджаюцца маральна і паступова распадаюцца”
.

Вечарам, калі ўся краіна ператворыцца ў тэлегледачоў і пачне жаваць жуйку БТ, а “па скрыні” пакажуць, як прэзыдэнт косіць траву ў Драздах, многія беларусы ўск¬лікнуць: “Вось гэта — свой хлопец, сапраўдны мужчына!” Вельмі трапна калісьці напісаў рускі паэт Сяргей Ясенін:

...Эх, пяро — ня граблі, і каса — ня ручка,
I радкі кладуцца ў ранішні туман,
Каб іх прачытала кожная карова,
Кожная карова, кабыла і баран...”
.

Асабіста для Аляксандра Лукашэнкі беларуская мова ня ёсьць вялікай праблемай, спадар Яўген. У дзяцінстве звычайны вясковы хлопчык Саша Лукашэнка і ў хаце, і на вуліцы, і ў школе размаўляў зусім не па-расейску. Ягоныя беларускамоўныя карані і сёньня відавочныя для кожнага, хто слухае яго. Каб перайсьці на беларускую мову, беларускаму прэзыдэнту спатрэбіліся б не гады і нават ня месяцы — некалькі тыдняў.

Іншая справа — ці ўхваліла б такі пераход само беларускае грамадзтва, той электарат, які выбірае прэзыдэнта?

Тое ж можна сказаць і пра шматлікія паездкі Аляксандра Лукашэнкі па палях ды фэрмах. Прадукцыйнасьць сялянскай працы ад такіх візытаў, вядома ж, ня вырасьце: касіць, жаць ды даіць прэзыдэнт нікога не навучыць. Але ўявіце: як бы адрэагавала большасьць беларускага грамадзтва, калі б Лукашэнка адмовіўся ад такіх паездак? Рэакцыя была б зусім не на ягоную карысьць.

Наш слухач Уладзімер Іваноў са Смаргоні разважае пра тое, як дэпутаты рэагуюць на запыты тых, хто іх выбірае. Спадар Іваноў у сваім лісьце на “Свабоду” пераказвае канкрэтны выпадак з уласнага досьведу. Ён піша:

“Год таму, у верасьні 2008-га, падчас сустрэчы зь мясцовымі выбаршчыкамі дэпутаткі Тацяны Голубевай, я задаў пытаньне, якое асабіста мяне вельмі цікавіць: ці магчыма адкрыць у нас у Смаргоні дыетычную сталоўку? Спадарыня Голубева адказала, што такая сталоўка не акупіцца — маўляў, хто туды будзе хадзіць?

Затое замест сталоўкі адкрылі залю гульнявых аўтаматаў. Гэта — прыбытак уладальнікам гэтых аўтаматаў і вялікае гора сваякам і блізкім тых, хто сюды ходзіць. Аказваецца, нават хвароба такая існуе — залежнасьць ад гэтых гульняў. Раней мы пра яе нават ня ведалі...

Вось так улада клапоціцца пра здароўе і дабрабыт насельніцтва нашага горада”
.

Калі дбаць толькі пра камэрцыйныя інтарэсы, дык тады ў горадзе на кожным рагу трэба адкрываць віна-гарэлачныя крамы, піўныя, тытунёвыя шапікі, казіно ды бардэлі. Але мясцовая ўлада дзеля таго і існуе, каб думаць пра грамадзкія інтарэсы, пра разумныя і здаровыя патрэбы сваіх жыхароў. З дапамогай падаткаў і сыстэмы дзяржаўнай падтрымкі зусім нескладана зрабіць так, каб прадпрымальнікам выгадна было адкрываць сталоўкі і фітнэс-цэнтры, а не піўбары і казіно.

Зрэшты, калі паназіраць за рэклямай на дзяржаўных тэлеканалах, дык можа скласьціся ўражаньне, што беларуская дзяржава найбольш зацікаўлена ў тым, каб насельніцтва спажывала як мага болей піва, а ўсе грошы аддавала на гульню ў разнастайныя лятарэі.

Пра сумны выпадак з уласнага жыцьця распавядае ў сваім лісьце на “Свабоду” Анатоль Новікаў (Каралёў) зь вёскі Адмінава Наваградскага раёну. Слухач піша:

“Першага верасьня для мяне — асаблівая дата. У гэты дзень я з асаблівай цеплынёй успамінаю пра сваіх бацькоў-настаўнікаў, якія ўсё жыцьцё аддалі школе. Дарэчы, мой бацька, Анатоль Васілевіч Каралёў, быў апошнім дырэктарам Бердаўскай школы Адмінаўскага сельсавету. Шмат працаваў у школе і я — быў загадчыкам бібліятэкі, лябарантам.

І вось у гэты самы Дзень Ведаў, вярнуўшыся з працы, я ўбачыў, што застаўся без электрычнасьці: наваградзкія электрыкі абрэзалі драты над маёй хатай.

Зрабілі яны гэта з парушэньнем усіх інструкцый. Я прапісаны ў гэтай вёсцы, тут мае карані. Тут, у гэтай бацькоўскай хаце, я нарадзіўся. І як жа горка бачыць абрэзаныя драты, што зьвісаюць са страхі.

Вымірае наша вёска. Але яшчэ ня ўсе мы пайшлі да нашай апошняй хаты. І нам, жывым, яшчэ патрэбна электрычнае сьвятло.

Думаецца мне, што гэта — загадзя сплянаваная акцыя, дзеля таго каб пазаштатны карэспандэнт многіх беларускіх газэт, паэт-навэліст Анатоль Новікаў ня меў магчымасьці ў 21-м стагодзьдзі пісаць свае артыкулы і навэлы пры нармальнай электрычнай лямпе, а пачаў пісаць іх пры сьвечках, як расейскі геній Аляксандар Пушкін”
.

Звычайна такія прыкрыя выпадкі здараюцца, калі грамадзянін працяглы час ня плаціць за спажытую электраэнэргію. Калі ж з аплатай у вас, спадар Анатоль, праблемаў не было — сьмела можаце зьвяртацца з прэтэнзіямі да раённых энэргетыкаў, а калі не дапаможа — у суд. Незалежна ад таго, стала ці часова вы жывяце ў гэтай хаце, адключаць вас ад электрычнасьці не павінны.

На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага даўняга сябра Рамана Зіноўева з Воршы. Вось што піша слухач пра цяперашнюю сыстэму ўлады ў Беларусі і яе будучыню:

“Лічу, што выканаўцам шматлікіх новых даручэньняў кіраўніка дзяржавы важна памятаць словы добрага расейскага паэта Яўгенія Еўтушэнкі, які, дарэчы, сёлета быў госьцем фэстывалю “Славянскі базар у Віцебску”. Дык вось, пра ўладу Еўтушэнка напісаў:

“Стыд похмельно держит скипетр,
Он на троне — не седок.
И его, наверно, скинет
Ловкий новенький стыдок”.

Вось дзе ісьціна, вось пра што ня трэба забываць усім, хто так дагаджае сёньняшняй часовай уладзе ў Беларусі”
.

Вядома, спадар Зіноўеў, па вялікім рахунку любая ўлада — часовая, бо рана ці позна нават самаму жорсткаму і бязьлітаснаму дыктатару даводзіцца разьвітвацца з тронам. Іншая справа, што ў маштабах гісторыі гэтае валадараньне, якое цягнецца часам некалькі дзесяцігодзьдзяў — адно імгненьне, а ў маштабах аднаго чалавечага жыцьця — амаль вечнасьць. Што да сёньняшняга беларускага прэзыдэнта, то пра яго наўрад ці можна казаць словамі Еўтушэнкі як пра валадара, які “пахмельна трымае скіпэтар” і які “на троне — не сядок”.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG