Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым абернецца расейска-амэрыканскі “перазапуск”?


Барак Абама

Барак Абама

Амэрыканскі прэзыдэнт Барак Абама зрабіў паляпшэньне стасункаў ЗША з Расеяй адным з прыярытэтаў сваёй замежнай палітыкі.


У Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе сур’ёзна заклапочаныя, што ў выніку абноўленай палітыкі Вашынгтон можа прынесьці ў ахвяру падтрымку сваіх саюзьнікаў з былога савецкага блёку. Карэспандэнт Радыё Свабода / Свабодная Эўропа Грэгары Фэйфэр у сваім матэрыяле аналізуе дапушчэньні, што цяпер высілкі Масквы для вяртаньня былога ўплыву не напаткаюць супраціўленьня.

Калі на пачатку жніўня ў Малдове абвяшчалі вынікі датэрміновых парлямэнцкіх выбараў, шмат хто верыў, што будучыня краіны залежыць менавіта ад гэтых вынікаў. Доўгі час кіраваная камуністычнай партыяй, Малдова мае блізкія палітычныя і эканамічныя дачыненьні з Масквою.

Малдова – поле процістаяньня паміж Расеяй зь яе амбіцыямі аднавіць уплыў на постсавецкай прасторы і Захадам, які імкнецца да падтрыманьня на гэтай тэрыторыі дэмакратыі. Менавіта ў постсавецкіх краінах крамлёўскія крытыкі моцна непакояцца, што намаганьні амэрыканскага прэзыдэнта палепшыць стасункі з Расеяй абернуцца памяншэньнем амэрыканскай падтрымкі.

У ліпені група былых лідэраў шэрагу краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы абнародавала адкрыты ліст Бараку Абаму – неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША наведаў Маскву зь візытам, мэтаю якога называўся “перазапуск” амэрыканска-расейскіх адносінаў. Падпісанты, сярод якіх былі Вацлаў Гавэл і Лех Валэнса, у прыватнасьці, адзначылі, што Расея выкарыстоўвае “адкрытыя і завуаленыя сродкі эканамічнай вайны, палітычна матываванае ўкладаньне капіталу, подкуп мэдыяў... для таго, каб рушыць наперад свае інтарэсы і пахіснуць трансатлянтычную арыентацыю Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы”.

У выпадку Малдовы Масква паабяцала перад выбарамі камуністычнаму ўраду 500 мільёнаў даляраў. У хуткім часе пасьля гэтага камуніст-прэзыдэнт Уладзімір Варонін крытыкаваў праграму Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”. Уплыў Масквы таксама адчуваецца ў бізнэсе: расейскія дзяржаўныя кампаніі і зьвязаныя з Крамлём алігархі скупляюць малдаўскія прадпрыемствы. Эканамісты прыводзяць зьвесткі, згодна зь якімі 75 працэнтаў СМІ ў Малдове маюць расейскіх уласьнікаў. Пры гэтым наймацнейшым расейскім козырам у Малдове застаецца расейская падтрымка Прыднястроўю.

Палітоляг Ігар Мунцяну ў інтэрвію нашаму радыё падкрэсьліў, што Крэмль актыўна выкарыстоўвае свае вагары кантролю над Малдоваю, каб прадухіліць там палітычныя зьмены, якія Масква разглядае як пагрозу расейскім інтарэсам:

“Расейцы спрабуюць скарыстаць слабыя месцы, уразьлівасьць нацыянальных элітаў, слабасьці лідэраў Партыі камуністаў Малдовы – для таго, каб рэалізаваць свае інтарэсы і нэўтралізаваць палітыку Эўразьвязу”.

Дзеяньні Масквы ў Малдове ілюструюць палітыку Расеі ў блізкім для яе замежжы. Шмат хто з назіральнікаў зазначае, што Вашынгтон у сваім імкненьні збліжацца з Масквою стаіць перад невырашальнай задачаю – у сувязі з фундамэнтальнымі адрозьненьнямі паміж тым, як Расея і заходнія дзяржавы бачаць сьвет.

Былы дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Ўладзімір Рыжкоў лічыць, што расейскія аўтарытарныя лідэры фармулююць свае інтарэсы насуперак Захаду:

“Ідэалягічная база для рэжыму Пуціна абсалютна паўтарае савецкія ўзоры. Гэта антылібэральная прапаганда, антыамэрыканская прапаганда, антызаходняя прапаганда, дыскрэдытацыя лібэральных каштоўнасьцяў, дыскрэдытацыя дэмакратыі як такой”.

Рыжкоў зьвяртае ўвагу на тое, што для многіх на Захадзе застаюцца незразумелыя дзеяньні Масквы, бо гэтыя дзеяньні часта дыктуюцца не інтарэсамі краіны, а інтарэсамі яе лідэраў. На думку расейскага палітыка, пакуль што заўчасна гаварыць пра рэальнае пацяпленьне і паразуменьне ў адносінах Масквы і Вашынгтону:

“Візыт Абамы ў Маскву ня даў таго эфэкту, на які разьлічвала, напэўна, амэрыканская адміністрацыя. Я бачу, што пазыцыі засталіся практычна ранейшыя, няма ніякага прагрэсу”.

Гэтыя словы – слабое суцяшэньне для тых, хто заклапочаны пэрспэктывамі далейшага ўмяшаньня Масквы ў справы постсавецкіх краінаў. Шмат хто прагназуе, што наступным разам Масква пакажа свае амбіцыі ва Ўкраіне – там набліжаюцца прэзыдэнцкія выбары.
XS
SM
MD
LG