Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ўвойдзе ў “новы правы блёк”?


Новае кіраўніцтва партыі БНФ заявіла пра намер стварыць новы блёк правых сілаў і назвала ў якасьці магчымых партнэраў рух “За свабоду”, партыю КХП-БНФ і Беларускую сацыял-дэмакратычную грамаду.

Як ставяцца ў гэтых арганізацыях да плянаў БНФ?

Юрась Губарэвіч
Намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня “Рух “За свабоду” Юрась Губарэвіч вітаў пляны новага кіраўніцтва партыі БНФ выйсьці з Аб’яднаных дэмакратычных сіл і стварыць новы блёк “ідэйна блізкіх правых сілаў”. Паводле Юрася Губарэвіча, гэтай ідэі ўжо не адзін год.

“Былі спробы правядзеньня перамоваў і са старым складам кіраўніцтва партыі БНФ, але зь невядомых нам прычынаў былыя кіраўнікі — гэта Лявон Баршчэўскі, Вінцук Вячорка — заблякавалі гэты працэс. Мяркую, у бліжэйшы час мы пяройдзем да пэўных практычных крокаў. Скажам, такім крокам маглі б стаць сумесная падрыхтоўка і ўдзел у правядзеньні беларуска-эўрапейскага форуму, які прызначаны на 14 лістапада гэтага году”.

Паводле намесьніка старшыні руху “За свабоду” спадара Губарэвіча, сумесная праца з БНФ магчымая таксама ў дзеяньнях, якія будуць накіраваныя на зьмену выбарчага заканадаўства і ўвогуле на дасягненьне “рэальнай дэмакратызацыі ў Беларусі”.

Юрась Беленькі
Выканаўца абавязкаў старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі ня бачыць магчымасьці супрацоўнічаць з новым кіраўніцтвам БНФ, да якога ставіцца падазрона:

“Мае б калегі па партыі, можа, і больш жорстка выказаліся, назвалі б Янукевіча кадравым супрацоўнікам, у галіфэ, як ужо некаторыя і кажуць. То бок, што замест Баршчэўскага і Вячоркі, якія былі проста на вяровачцы, прыйшлі „прафэсіяналы з канторы“. Але я б гэтак жорстка не выказваўся, а сказаў бы такім чынам, што гэтыя людзі ня будуць кіравацца інтарэсамі Беларусі. Што б яны ні заяўлялі пра тое, што будуць аб’ядноўвацца ці разьядноўвацца”.

Свой недавер асабіста да Аляксея Янукевіча Юрась Беленькі патлумачыў падзеямі 1999 году:

“Памятаю, як Янукевіч фактычна быў злоўлены за руку ў тым, што працуе не на БНФ, а на некага іншага. Я тады курыраваў “Малады фронт”, у які ён уваходзіў. Я спытаў у яго, як ён будзе тлумачыць тое, што працуе фактычна супраць Беларусі. А ён — магчыма, па маладосьці — з пэўнай пыхай адказаў: “Ведаеце, кожны па-свойму разумее, што добра, а што дрэнна для Беларусі”.

Станіслаў Шушкевіч
Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Станіслаў Шушкевіч яшчэ не атрымліваў прапановаў далучыцца да новага “правага блёку”, але адмаўляцца ад яе ня будзе. Былы сьпікер Вярхоўнага Савету спадар Шушкевіч вітае тое, што БНФ выйдзе з Аб’яднаных дэмакратычных сіл:

“Сваю функцыю АДС выканалі, а цяпер сталі нейкім рудымэнтам. І аб’яднанай плятформы там ня можа быць, бо там ёсьць адна прарасейская партыя, якая, заплюшчыўшы вочы, ідзе ў Расею ды хоча прызнаць Паўднёвую Асэтыю ды Абхазію. Мне асабіста і, мяркую, усёй нашай партыі з такімі людзьмі не па дарозе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG