Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галадоўка ў жаночай калёніі


Прадпрымальніца з Наваполацку Яўгенія Бачурная, якая адбывае пакараньне ў Гомельскай жаночай калёніі, абвясьціла галадоўку пратэсту. Жанчына пратэстуе супроць забароны ёй купляць прадукты ў краме. Пра гэта паведамілі сваякі асуджанай.

“У краме можна набыць садавіну і гарадніну, якіх у турэмным харчаваньні не даюць. Там адна баланда. Калі вязьня пазбавіць права карыстацца турэмнай крамай, гэта вельмі адчувальнае пакараньне. Ведаю, што Яўгенія Бачурная шмат скардзілася на парадкі ў калёніі і таму не выключаю, што ёй гэтак помсьцяць. Там на гэта здольныя”, — пракамэнтавала зьвесткі праваабаронца Кацярына Садоўская, якая адбыла год у Гомельскай жаночай калёніі паводле абвінавачаньня ў паклёпе на вышэйшае кіраўніцтва.

Прадпрымальніца Яўгенія Бачурная была асужданая на 3,5 года пазбаўленьня волі паводле артыкулу 216 — нанясеньне шкоды маёмасьці. Сваёй віны жанчына не прызнала, у турме некалькі разоў трымала працяглыя галадоўкі. Празь месяц заканчваецца тэрмін яе зьняволеньня.

У Беларусі 2 жаночыя калёніі — у Гомелі і Рэчыцы. У кожнай з іх утрымліваюць да 2 тысяч асуджаных жанчын.

XS
SM
MD
LG