Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бюро Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы разгледзела “беларускае пытаньне”. Аднак, паводле прэсавай службы, ніякіх рашэньняў не было прынята, і “беларускае” пытаньне ў праекце парадку дня наступнай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі не зьявілася.

Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы ў чэрвені прыняла рэзалюцыю, згодна зь якой беларускаму парлямэнту вернуць статус адмыслова запрошанага, але толькі пасьля таго, як Беларусь аб’явіць мараторый на сьмяротнае пакараньне. Канчатковае рашэньне і павінна было прыняць Бюро на сваім пасяджэньні 7 верасьня. Аднак статус адмыслова запрошанага беларускі парлямэнт так і не атрымаў. Сябра бюро, расейскі дэпутат Канстанцін Касачоў апавёў:

“Беларускае пытаньне” знаходзілася ў пэўным руху цягам апошніх месяцаў. Бальшыня Асамблеі схілялася да таго, каб аднавіць для Беларусі статус адмыслова запрошанага бязь нейкіх дадатковых умоваў. Але адна папраўка Пургурыдэса разьвярнула гэтую сытуацыю на 180 градусаў. Ён увёў у тэкст рэзалюцыі прапанову аднавіць гэты статус толькі пасьля рашэньня беларускіх уладаў пра мараторый на сьмяротнае пакараньне. Зразумела, што гэтае патрабаваньне цалкам лягічнае з боку асамблеі. З другога боку, я ня ўпэўнены, што беларускія ўлады гатовыя гэта зрабіць, тым больш пад такім ціскам. Я лічыў бы, што дзейнічаць можна было б па-іншаму. Упэўнены, калі б аднавіўся дыялёг, дабіцца ад беларускіх уладаў такога рашэньня было б значна прасьцей. Таму папраўку Пургурыдэса я лічу памылкай”.

Спадар Касачоў апавёў, што на пасяджэньні Бюро юрысты Рады Эўропы прадставілі аб’ёмны аналіз сытуацыі. Расейскі дэпутат лічыць, што і ў юрыстаў “няма поўнага разуменьня, і сытуацыя неадназначная”.

“Альбо мы зноў заміраем у чаканьні адмысловага рашэньня беларусаў. Альбо мы шукаем нейкія паліятыўныя рашэньні, напрыклад, запрашаем беларускія дэлегацыі на пасяджэньне нейкіх профільных камітэтаў, камісій, на пленарныя паседжаньні, не фармалізуючы іх статус. Але яшчэ раз скажу, што наўрад ці гэта самы кароткі шлях да дасягненьня мэтаў, якія ставіць Рада Эўропы на беларускім кірунку”.

Такім чынам, Бюро прыняло да ведама тлумачальную запіску юрыстаў. Яна будзе накіравана ў камітэт па палітычных пытаньнях, і там будуць выпрацоўвацца рэкамэндацыі. Пакуль гэта, паводле спадара Касачова, “аналітычная, а не палітычная папера”.

“Напэўна, будуць больш інтэнсіўнымі кантакты на рабочым узроўні, чым дагэтуль. Але з фармальнага боку статус Беларусі адносна Рады Эўропы ў агляднай будучыні без прыняцьця рашэньня наконт мараторыю на сьмяротнае пакараньне нейкіх зьменаў не зазнае”.

Таксама ў рэзалюцыі, прынятай у чэрвені, ПАРЭ заклікала афіцыйны Менск неадкладна вызваліць усіх палітвязьняў, спыніць перасьлед і запалохваньне актывістаў апазыцыі, спыніць прымусовы прызыў на вайсковую службу апазыцыйных актывістаў, зьняць перашкоды для рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў. Пра тое, што тут таксама няма значнага руху, кажа той факт, што літоўскія дэпутаты — сябры ПАРЭ цяпер занепакоеныя магчымым візытам Аляксандра Лукашэнкі ў Літву. Сярод іх дэпутат Эмануэліс Зінгерыс, які заўтра возьме ўдзел у пасяджэньні палітычнага камітэту ПАРЭ.

Канечне, ізаляцыя Беларусі ад Рады Эўропы нічога не дала. Але і перабываньне паслухмяных прадстаўнікоў рэжыму таксама нічога не дае.
“Калі Беларусь будзе на нейкіх птушыных правах сядзець у Радзе Эўропы, як гэтыя птушкі, якія будуць прадстаўляць неабраны парлямэнт, — як яны будуць, прыляцеўшы назад з пасяджэньня Рады Эўропы, угаворваць спадара Лукашэнку, што патрэбныя пэўныя крокі? Я ня ўпэўнены ў зваротнай сувязі. Канечне, ізаляцыя Беларусі ад Рады Эўропы нічога не дала. Але і перабываньне паслухмяных прадстаўнікоў рэжыму таксама нічога не дае”.

Таксама ПАРЭ настойвае на ўдзеле прадстаўнікоў апазыцыі ў пасяджэньнях ПАРЭ разам з прадстаўнікамі афіцыйнай дэлегацыі. І гэта будзе да той пары, пакуль апазыцыя ня будзе прадстаўленая ў нацыянальным парлямэнце. Нагадаем, што статус адмыслова запрошанага быў нададзены Беларусі ў 1992 годзе. Пасьля рэфэрэндуму, вынікі якога не прызналі ў Эўропе, у 1997 годзе гэты статус быў прыпынены. А ў наступным годзе была замарожана заяўка Беларусі на сяброўства ў Радзе Эўропы.

У ліпені старшыня Парлямэнцкай асамблеі Луіс Марыя дэ Пуч выказаў занепакоенасьць вынясеньнем новага сьмяротнага прысуду ў Беларусі. Ён заклікаў не выконваць гэты прысуд, зрабіць захады для ўвядзеньня мараторыю і “прадэманстраваць гатоўнасьць ісьці насустрач каштоўнасьцям і стандартам Рады Эўропы”. Луіс Марыя дэ Пуч таксама вітаў рашэньне беларускага боку пра стварэньне ў Палаце прадстаўнікоў рабочай групы па падрыхтоўцы прапановаў, накіраваных на ўвядзеньне мараторыю на сьмяротную кару.
XS
SM
MD
LG