Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўгода таму ня стала Яны Паляковай


Яна Палякова
Яна Палякова

Сёньня споўнілася шэсьць месяцаў з дня сьмерці салігорскай праваабаронцы Яны Паляковай. З гэтай нагоды ў царкве Салігорску прайшла памінальная служба. Сябры і паплечнікі наведалі таксама маці Неанілу і магілу Яны Паляковай.

Неаніла Палякова кажа, што і праз паўгода пасьля трагедыі ня можа паверыць у гібель дачкі і не пазбавілася стрэсу. Аднак яна кажа, што не зьмяніла сваіх перакананьняў і зараз стараецца працягваць справу сваёй дачкі:

“Я ёй дапамагала ва ўсім, я гэтага не хаваю. Мы разам стаялі ў шэрагах з партрэтамі хлопцаў, якія былі турмах, якія зьніклі. Ці ўлёткі якія трэба было разьнесьці. Я і зараз пайшла да чыноўнікаў з улёткай, дзе мая дачка ў труне. Пайшла да пракурора, дык ён мяне ледзь ня ўдарыў. А там, у апазыцыі — як іх называе „вялікі“ прэзыдэнт, „адмарозкі“ — дык вось там вельмі шмат зычлівых людзей. Я спадзяюся, што будзе панаваць у жыцьці тое, што ўсе мы хочам. І сьлёзы, якія я зараз лью, каб гэта былі сьлёзы радасьці”.

Неаніла Палякова на службе ў царкве.
Неаніла Палякова кажа, што за гэты час ніводзін мясцовы чыноўнік не пацікавіўся яе жыцьцём, а калі сама хадзіла ва ўладныя кабінэты, то сустракала там толькі грубасьць. Маральна падтрымліваюць жанчыну мясцовыя праваабаронцы, хоць спадарыні Неаніле патрэбная і матэрыяльная дапамога, кажа клецкі актывіст Сяргей Панамароў:

“Зараз мама Яны, хоць ужо і ў веку, робіць усё, каб не забылася памяць пра яе дачку. Яна носіць улёткі, і вось зараз я ёй новыя прывёз. Дык вось яна зьбірае грошы са сваёй жабрацкай пэнсіі на помнік. Зараз помнік каштуе два мільёны, а колькі будзе праз два гады — невядома. Таму патрэбна канкрэтная дапамога для жанчыны, якая выгадавала такую дачку. І гэта ёй будзе вялікая маральная і матэрыяльная падтрымка”.

Нагадаю, што праваабаронца з Салігорску Яна Палякова скончыла жыцьцё самагубствам у ноч на 7 сакавіка. За тры дні да гэтага Салігорскі суд прызнаў жанчыну вінаватай нібыта ў ілжывым даносе на супрацоўніка міліцыі і асудзіў на 2,5 года абмежаваньня волі (так званай “хіміі”). А ў газэце “Советская Белоруссия” быў апублікаваны абразьлівы артыкул пра яе. Пасьля сьмерці праваабаронцы зьвярталіся ў суд з пазовам аб адмене прысуду і пасьмяротнай рэабілітацыі Яны Паляковай, а таксама з пазовам да “Советской Белоруссии”. Аднак заяўнікам было адмоўлена.

Неаніла Палякова на магіле дачкі.

Юрыст грамадзкай арганізацыі “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец:

“Тое, што і суды, і СМІ паспрыялі сьмерці Яны Паляковай, то гэта зразумела, Што тычыцца пазоваў, якія падаваліся пазьней у зьвязку з публікацыяй, то гэта зразумела, што судовая сыстэма выконвае, у першую чаргу, функцыю абароны існуючага парадку, а не функцыю абароны правоў грамадзянаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG