Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Справа ня ў тым, хто старшынюе…”


Дамінуючая тэма апошніх тэлефанаваньняў у рэдакцыю — зьезд Партыі Беларускага Народнага Фронту, які адбыўся ў суботу ў Палацы культуры МТЗ. Нагадаю: большасьцю галасоў было пераабрана кіраўніцтва ПБНФ, замест Лявона Баршчэўскага яе цяпер узначальвае малады палітык Аляксей Янукевіч.

Спадарыня: “Каманда Баршчэўскага не павінна здаваць сваіх пазыцый. Пад кіраўніцтвам Янукевіча няма БНФ! Гэта будзе нешта “За свабоду № 2”.

Аднак гэты званок з ацэнкай пэрсаналій — адзіны ў нас.

Спадар Валер Курневіч, Барысаў: “Справа ня ў тым, хто старшынёй будзе. Галоўнае, каб у БНФ верылі людзі. Верылі ў Беларусь, краіну, сваю радзіму, свой дзяржаўны бел-чырвона-белы сьцяг, каб беларускія коні болей ніколі ня зьбеглі з гербу Пагоні. Зрабіць гэта можна, і тады, упэўнены, станем мы, беларусы, жыць заможна. Агонь у крыві яшчэ не патух — вернецца нацыянальны дух!”

Слухачы “Свабоды” спрабуюць разабрацца ў тым, чым стаў зьезд БНФ для ўсёй дэмакратычнай Беларусі.

Спадар: “Сытуацыя з БНФам, як сёньня паказаў зьезд, нічым не адрозьніваецца ад сытуацыі ў нашым беларускім грамадзтве. То бок гэта нейкая лякмусавая паперка, якая паказвае тое, што ёсьць. Галовы жыруюць, а звычайныя патрыёты, якія любяць сваю радзіму, ня маюць аніякіх магчымасьцяў для таго, каб праявіць свой патрыятызм, любоў да радзімы сваёй дзейнасьцю. І, відавочна, гэта выклікае азлобленасьць, гэта выклікае канфлікты, бо бонзы безумоўна не даюць, бо вярхі, як казаў Маркс, не даюць жыць нізам. Так што ўсім трэба, напэўна, перачытаць Карла Маркса, для таго каб зразумець цалкам сытуацыю, якая на сёньня склалася ня толькі ў БНФе, але і ў Беларусі. Бо, зноў жа падкрэсьліваю, БНФ — гэта лякмусавая паперка сучаснага беларускага грамадзтва”.

Аўтар чарговага званка — спадар Міхась.

Дзядзька Міхась: “Улада, што ў нашых партыях апазыцыйных, віртуальная. Галоўнае ня ў ёй, а ў іншым: той, хто ня згодны з гэтым, што сёньня ёсьць жыцьцём, той і мусіць адчуваць сябе апазыцыяй. Ніякі БНФ, ніякая іншая партыя нам не палепшыць жыцьцё. Я вам скажу: пакуль мы ня возьмемся самі, нічога ня трэба чакаць”.

Прапаную пракамэнтаваць гэтыя тэлефанаваньні грамадзкаму рэдактару тыдня літаратарцы Наталцы Бабінай:

“Я ня сябра БНФ, не была дэлегатам, зразумела, аднак мне вельмі хацелася паглядзець, як ён будзе праходзіць, паслухаць дыскусію. І ўдзельнікі апошняй вельмі парадавалі: ёсьць больш экспрэсіўныя людзі і больш разважлівыя, адсюль шмат розных меркаваньняў — гэта парадавала. А засмуціла тое, што каля Палацу культуры ў той дзень не заўважыла „мэрсэдэсаў“, „лексусаў“ і BMW апошніх мадэляў — а хацелася, каб сярод дэлегатаў былі і такія людзі, з добрымі грашыма. Супакойваюся хіба здагадкай, што яны са сьціпласьці прыехалі на трамваі… Гэтаксама кінулася ў вочы, што ля Палацу не сабраліся рабочыя з суседняга трактарнага заводу. А можа самая важная задача, якая стаіць цяпер перад БНФ, яго новым кіраўніцтвам, — заваяваць рабочую падтрымку. Вярнуць часы, калі на падтрымку Фронту на плошчы зьбіраліся дзясяткі тысячаў людзей. Што да ацэнкі зьезду, зьмены кіраўніцтва, то не вазьму на сябе сьмеласьць выказваць іх. Але з агульнага дзелавога настрою дэлегатаў форуму падаецца, што ўсё ў БНФ павінна быць нармальна. Мы, тыя, хто сымпатызуе партыі, вельмі на гэта разьлічваем. Уплыў Фронту ў грамадзтве будзе расьці, расьці і расьці”.


Тэлефануйце і пішыце!
Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў — 8 (029) 391-22-24. Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG