Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зянон Пазьняк пакуль не віншаваў Аляксея Янукевіча


Аляксей Янукевіч

Аляксей Янукевіч

Новае кіраўніцтва Партыі БНФ заявіла пра паніжэньне прадстаўніцтва Партыі БНФ у складзе АДС, пра выхад з працэдуры АДС у справе абраньня адзінага кандыдата і пра стварэньне нацыянальна-дэмакратычнага блёку.


Сёньня ў сядзібе БНФ адбылася першая прэсавая канфэрэнцыя новага кіраўніцтва — старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і ягоных намесьнікаў Ігара Лялькова і Рыгора Кастусёва. Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч заявіў, што мінулы зьезд быў вельмі вялікім і прадстаўнічым. Ён нагадаў, што быў абраны зь перавагай у 30 галасоў і што зь вялікай перавагай быў падтрыманы і сьпіс намесьнікаў. Таксама абраны новы склад сойму з 52 сяброў; у пераважнай большасьці зьезд падтрымаў сьпіс, прапанаваны А.Янукевічам. Новы старшыня адзначыў, што адзінства партыйнай лініі на зьезьдзе забясьпечана.

“Перадусім нам хацелася б сказаць пра тую ролю Партыі БНФ, якую мы бачым у грамадзтве, і як мы бачым стасункі партыі зь людзьмі. Перадусім Партыя БНФ заўсёды казала людзям праўду, і гэты прынцып застаецца. Мы лічым, што шчырасьць была і ёсьць вельмі моцным бокам. Мы зьвяртаемся да ўсіх людзей зь ясным, шчырым пасланьнем, што Партыя БНФ была і застаецца партыяй
Партыя БНФ заўсёды казала людзям праўду, і гэты прынцып застаецца.
каштоўнасьцяў і нацыянальных інтарэсаў”.

Намесьнік старшыні Ігар Лялькоў адзначыў, што менавіта на каштоўнасных беларускіх прынцыпах партыя зьбіраецца будаваць супрацу зь іншымі палітычнымі сіламі і арганізацыямі. Ён заявіў пра стварэньне нацыянальна-дэмакратычнага блёку, у які найперш увойдуць БХД, КХП/БНФ, рух “За свабоду”, “Малады фронт”, “Правы альянс” і БСДГ Станіслава Шушкевіча.

Ігар Лялькоў
“Але гэта ня будзе стварэньне нейкіх новых структураў, прэзыдыюмаў, палітрадаў ці нейкіх яшчэ бюракратычных органаў. Галоўнае для гэтага блёку будзе адзінства ў дзеяньні, супольны плян дзеяньня і каардынацыя высілкаў, каб паказаць беларускаму грамадзтву, што незалежніцкія сілы аб’яднаныя, моцныя, маюць свой агульны, пабудаваны на нацыянальных і незалежніцкіх каштоўнасьцях плян выхаду з крызісу і далейшага разьвіцьця Беларусі. Мы плянуем, што ў гэтым блёку будзе аб’яднана як мага шырэйшае кола арганізацый, для якіх словы “незалежнасьць”, “беларушчына”, “нацыянальныя каштоўнасьці” ёсьць ня проста словамі, а прынцыпамі іх дзеяньня і непадважальнымі прыярытэтамі”.

Новае кіраўніцтва катэгарычна адмаўляе магчымасьць удзелу Партыі БНФ у любой форме дыялёгу зь цяперашнімі ўладамі да пачатку працэсу рэальных дэмакратычных зьменаў у заканадаўстве і правапрымяненьні ў Беларусі. Гэтаксама Партыя БНФ не зьбіраецца супрацоўнічаць з тымі, хто шукае падтрымкі ў Расеі і гатовы дзеля гэтага паставіць пад пагрозу эканамічную і палітычную незалежнасьць Беларусі. А таксама з тымі сіламі, чые праграмныя мэты істотна супярэчаць праграмным мэтам БНФ. Аляксей Янукевіч заявіў, што Партыя БНФ не выходзіць са складу Аб’яднаных дэмсілаў, але істотна панізіць там сваё прадстаўніцтва — да сяброў сойму ці ўправы.

“Супрацоўніцтва ў межах АДС ня будзе мець для нас надалей стратэгічнага значэньня, але тактычнае. Я лічу, што супольнае плянаваньне дзейнасьці ў межах такіх розных суб’ектаў немагчымае. Сёньня АДС занадта забюракратызаваныя. Мабільнасьць, якая была напачатку, страчана. А для нас ключавымі момантамі для посьпеху падаюцца мабільнасьць і дынамізм. Супрацоўніцтва магчымае, але ў такіх сфэрах, напрыклад, як сумесны ціск на ўлады дзеля зьмены выбарчага заканадаўства”.

Спадар Янукевіч адзначыў, што партыя пачынае выхад з працэдуры АДС па абраньні адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары. Гэтае пытаньне мяркуе разгледзець сойм на першым сваім пасяджэньні.

“Але на сёньняшні момант можна сказаць, што ўдзел у гэтай працэдуры і змаганьне ў сваім такім апазыцыйным гета за досыць уяўнае лідэрства для нас абсалютна нецікава. Партыя БНФ будзе вылучаць свайго кандыдата і ісьці са сваім кандыдатам на выбары. Магчыма, мы ўстрымаемся ад удзелу ў выбарах, калі ня зьменяцца гэтыя правілы. Калі правілы зьменяцца і будуць рэальныя шанцы, тады мы будзем весьці перамовы ў межах нашага нацыянальна-дэмакратычнага блёку”.
Атрымаў вельмі шмат віншаваньняў, але ад Пазьняка пакуль не было.


Паводле спадара Янукевіча, новае кіраўніцтва зьбіраецца вярнуць партыю з апазыцыйнай рэзэрвацыі ў грамадзтва. БНФ будзе мець свой курс і спадзяецца на далучэньне сяброў былой каманды, зь якімі праводзяцца перамовы.

Ці павіншаваў Аляксея Янукевіча зь перамогай Зянон Пазьняк?

“Атрымаў вельмі шмат віншаваньняў, але ад Пазьняка пакуль не было. Але я спадзяюся, што нам атрымаецца будаваць лепшыя стасункі з КХП і ў пэрспэктыве плённа супрацоўнічаць. Насамрэч меркаваньне спадара Пазьняка па палітычных падзеях для мяне заўсёды вартае, каб зьвярнуць на яго ўвагу, прыслухацца”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG