Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вячорка і Кастусёў адказваюць наведнікам форуму “Свабоды”


Былы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка і новаабраны намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў камэнтуюць допісы наведнікаў нашага сайту.




Алесь, Минск:

“Не усе так проста. Кастрычницкая рада БНФ Минска непрызнае выники зьезда и выбары новага кирауниства з-за парушенняу на падрыхтоучым этапе”.

Вінцук Вячорка
Вячорка:
“Яшчэ перад зьездам была вялікая колькасьць зваротаў у сойм, да кіраўніцтва пра парушэньні — відавочныя альбо невідавочныя. Калі казаць у цэлым, на зьезьдзе не было забясьпечана прапарцыйнае прадстаўніцтва фронтаўскіх сілаў. Абсалютна недапрадстаўленым аказаўся Менск. Не сакрэт таксама, што вельмі шмат людзей (асабліва ў Берасьцейскай вобласьці) былі прынятыя ў Парыю БНФ літаральна напярэдадні сходу. Для мяне галоўнае іншае: што людзі, якія галасавалі, асабліва з рэгіёнаў, не да канца ўсьведамлялі, пра што вядзецца гаворка. Навязвалася зручная піяраўская тэза пра канфлікт пакаленьняў (хаця відавочна, што гэта не канфлікт пакаленьняў), з-за якой замыльвалася сапраўднае разыходжаньне: ці мы застаемся актыўнай дзеяздольнай сілай у стратэгічным пляне, ці мы сыходзім з актыўнай палітыкі і ідзем прычэпным вагончыкам да кагосьці іншага. Уласна кажучы, новаабранае кіраўніцтва зьбіраецца быць прычэпным вагончыкам, бо тактыкі яно так і не агучыла, што рабіць”.

Рыгор Кастусёў
Кастусёў:
“Я ня ведаю, што мелася на ўвазе пад словамі “падрыхтоўчы этап”. Хутчэй за ўсё, маецца на ўвазе этап вылучэньня дэлегатаў. Я дакладна ведаю, як адбываліся сходы на Магілёўшчыне. Сходы адбываліся цалкам паводле рашэньня сойму. Сьпісы дэлегатаў перадаваліся ва ўправу сойму, пратаколы сходаў зацьвярджаліся на ўправе. Управа прызнавала гэтыя сходы. Таму зараз прамінулай датай казаць, што сходы адбываліся кепска — я лічу, гэта няправільна”.


Банцік, Менск:

“Партыя БНФ — самая дэмакратычная ў Беларусі. Не разумею, чаму старое кіраўніцтва так баялася, што застанецца без пасадаў. Такое ўяўленьне, што ў БНФ была яшчэ горшая дыктатура, чым у краіне”.

Вячорка: “Што да мяне, гэта сьмешна, бо я наагул на пасады не прэтэндаваў на гэтым зьезьдзе. Тыя, хто добра ведае мяне, ведаюць, што я за іх не чапляўся і не чапляўся і раней. У 1999 годзе маімі сябрам каштавала нямала намаганьняў угаварыць мяне пайсьці на тыя памятныя выбары на тым памятным зьезьдзе. Я ўпіраўся. Галоўнае — не пагоны. Галоўнае — твая пазыцыя. Галоўнае, што ты прапануеш і робіш і прыкладам людзей за сабой вядзеш.

Людзі мне і маім сябрам тэлефанавалі і казалі: “Вы толькі не здавайцеся, ведайце, што Фронт застаецца Фронтам”. Я ім казаў: “Гэта я павінен вам казаць: памятайце, што Фронт застаецца Фронтам, а не чыёйсьці марыянэткай”. Таму, безумоўна, дзейнасьць працягваецца. Пагоны могуць быць функцыянальна карысныя часам, але ня болей за тое”.

Кастусёў: “Я б не сказаў, што ў БНФ была дыктатура. Я добра стаўлюся да былога старшыні партыі Лявона Баршчэўскага — гэта вельмі разумны чалавек. Я выказаўся б так: былі розныя падыходы да сытуацыі, да рашэньняў, якія прымаліся на сойме партыі. Ня болей за гэта. Лявон Баршчэўскі — не дыктатар. Вячорка — таксама”.


Mahilou:

“Агонія, што пачалася ў 1999 годзе скончылася. БНФ памёр”.

Алесь:

“Партыи БНФ прыйшоў капец! З такім лідарам гэта будзе звычайная маргінальная тусоўка грантаЦмокаў. Ніякай павагі да гэтай структуры ўжо ня будзе. Ганьба Янукевічу!

Gleb, Orsha:

“Невозможно представить чтобы уважающие себя люди оставались в партии которая будет обеспечивать красивую демократическую победу Лукашенко.

Вячорка: “Вострыя камэнтары зь іхным падгрунцем. Напэўна, можна было б пагадзіцца. Але я не пагаджаюся з высновамі. Мы з вамі, шаноўныя сябры, стваралі БНФ і трымалі БНФаўскі сьцяг не для таго, каб сёньня гэты сьцяг быў складзены ў апошні вагончык невядома чыйго цягніка”.

Кастусёў: “А колькі было напрыканцы 80-х пачатку 90-х тым людзям, якія сталі сёньня вэтэранамі? Нам тады было каля 30 — камусьці болей, камусьці — меней. Роўна столькі, колькі сёньня таму самаму Янукевічу. Нельга сказаць, што цяперашняе старое пакаленьне ў такім узросьце спрацавала добра, а вось гэтае новае пакаленьне ў такім самым маладым узросьце спрацуе кепска. Я да гэтага стаўлюся так: каб у партыі была будучыня, неабходна ў партыю прыцягваць маладых людзей. Я вельмі шкадаваў, калі ў свой час з БНФ сышоў Малады фронт. Малады фронт мог стаць той арганізацыяй, якая магла б стаць падмуркам для партыі. Калі ў партыі будзе моладзь, у партыі будзе будучыня.

Мне ўжо 52 гады. Калі Аляксей Янукевіч прапанаваў мне ўвайсьці ў каманду і стаць ягоным намесьнікам, я пагадзіўся. Хоць для мяне было і цяжка прыняць такое рашэньне. Але не падставіць плячо я не магу. А вось падстаўляць падножкі — гэта няправільна. Тады лепей выходзіць з партыі”.


Фініш:

“На БНФ можна ставіць крыж”.

Вячорка: “Ні ў якім разе! Усё, што адбываецца — гэта часова. Здаровыя фронтаўскія сілы ёсьць усюды: і ў Менску, і ў рэгіёнах. Яны не дапусьцяць, каб фронт быў здадзены на глум.

Што да апірышча цяперашняга кіраўніцтва — яно слабое, папраўдзе. Нездарма Янукевіча абставілі з двух бакоў намесьнікамі, блізкімі да руху “За свабоду”. Ну, каб ён ня мог асабліва павярнуцца. І гэта значыць, што пры любым абвастрэньні канфліктаў у гэтым усё ж такі разнамасным асяродзьдзі (…) там пачнецца пэўная дэзынтэграцыя. І перад абліччам гэтай дэзынтэграцыі здаровыя сілы ў Фронце павінныя трымацца разам”.

Кастусёў:
“На БНФ ставяць крыж даўно. Хацелі яго наставіць і ўлада, і нядобразычліўцы. Хачу сказаць толькі адно: БНФ жыў, жыве і будзе жыць. Тым больш што да кіраўніцтва партыі прыйшлі маладыя людзі. А калі прыйшлі маладыя, будзе і будучыня”.


Дима:

“Кому нужен этот "БНФ" кроме их самих, которых кот наплакал?”

Вячорка: “Гэтае пытаньне зьезду не датычыць. Пакажыце, калі ласка, іншую палітычную сілу, якая была б больш вядомая ў грамадзтве і была б больш прадстаўленая ў грамадзтве: у розных яго пластах і ў розных рэгіёнах. Паводле гэлапаўскага апытаньня ў чэрвені-ліпені сёлета пазнавальнасьць БНФ — 77%. Адрыў ад наступнай палітычнай сілы, якой ёсьць камуністы, — 20%”.

Кастусёў: “Ня кот наплакаў. Мы тут аналізавалі вылучэньне дэлегатаў на зьезд. Магу адзначыць, што колькасьць дэлегатаў ад Магілёўскай вобласьці павялічылася. Гэта сьведчыць пра тое, што зьявіліся новыя структуры і новыя сябры. БНФ патрэбны ня толькі нам асабіста, ён патрэбны Беларусі”.


Димыч:

“У Вячорки сдали нервы. Это истерика. И еще это показатель какой он на самом деле демократ.:))”

Вячорка: “Ніякія нэрвы ў мяне не здалі. Я пра рэйдэрскі захоп гаварыў даўным-даўно. Людзі, якія прысутнічалі на нашых сходах, чулі ад мяне гэтыя словы. Гэта абгрунтаваная і прадуманая ацэнка таго, што адбываецца. Рэйдэрскі захоп, паводле слоўнікаў і энцыкляпэдыяў — гэта непрыяцельскае паглынаньне. Адбыўся рэйдэрскі захоп кіраўнічых пасадаў, але, дзякуй Богу, ня Фронту ў цэлым.

Не было пераважнай бальшыні. Не было ні разгромнай перамогі, ні ганебнай паразы”.

Кастусёў: “Хутчэй за ўсё, што ў Вячоркі здалі нэрвы. Думаю, што празь дзень-два ён супакоіцца, будзе працаваць на карысьць партыі і краіны. Такое бывае з кожным чалавекам. Канечне, непрыгожа выглядае такое выказваньне. Але факт адбыўся. Цяжка яго камэнтаваць і непрыемна”.

Наколькі я ведаю Вячорку, наколькі я яго паважаю, я ад яго не чакаў такіх выказваньняў. Я думаю, што ён папросіць прабачэньня за свае выказваньні на чарговым сойме”.


Іван, Брэст:

“І БНФ лёг пад Лукашэнку”.

Вячорка: “Яшчэ ня лёг, але гэтым зьездам абазначыўся пачатак такога падляганьня”.

Кастусёў:
“БНФ пад Лукашэнку ніколі ня клаўся. Каб БНФ паклаўся пад Лукашэнку, многія нашыя сябры ўжо б працавалі на добрых дзяржаўных пасадах. Але, на жаль, не бяруць нават дворнікамі”.


Jazep:

“Як адрэагуе Зянон Станіслававіч?”

Вячорка: “Тут мне цяжка меркаваць. Я слаба зь ім кантактую. Разам з тым я павінен сказаць, што апошнімі часамі, калі сытуацыя ў Беларусі і вакол яе абвострылася, пазыцыі нашыя і пазыцыі Пазьняка шмат у чым зблізіліся ў стратэгічным пляне”.

Кастусёў: “Я думаю, што нармалёва адрэагуе. Мы праводзілі першае паседжаньне і выносілі на абмеркаваньне пытаньне пра супрацоўніцтва з арганізацыямі нацыянальна-дэмакратычнага кірунку, у тым ліку і КХП-БНФ. Мая асабістая мара, каб БНФ аб’яднаўся ў тую арганізацыю, якая была ў 1999 годзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG