Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна: Ці ёсьць на Беларусі радыкальныя беларусы


Наталка Бабіна

Наталка Бабіна

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня — Наталка Бабіна.

— Як вы, інжынэр электроннай тэхнікі, сталі пісьменьніцай?

— Калі я выбірала, куды пайсьці, тата сказаў: “Ідзі на інжынэра — заўсёды будзеш з кавалкам хлеба…” Ён меў рацыю цалкам. А чаму пішу… Ну, ня хочацца ўжываць такое патаснае слова “пакліканьне”, аднак нейкая цяга да гэта была. І вось яна пэўным чынам зрэалізавалася… Можа быць — зрэалізавалася! Без усялякага какецтва хачу сказаць: сама сябе ніколі не называю пісьменьніцай і заўсёды ўнутрана сьцінаюся, калі чую тое вызначэньне пра сябе. Так — я аўтар, гэта нармалёва, аднак ня больш за тое.

Наталка Бабіна — літаратарка. Нарадзілася ў Заказанцы (Берасьцейшчына).
Жыве пад Менскам у Ждановічах.

Піша па-беларуску і па-ўкраінску. Журналістка газэты “Наша Ніва”. Аўтарка зборніка апавяданьняў “Крыві не павінна быць відна” і раману “Рыбін горад”. Маці трох дзяцей.
— Атрымліваецца, пісьменьніку лепей патрабуецца фантазія, інтуіцыя, чым, напрыклад, філялягічная падрыхтоўка?


— Мусіць быць жаданьне пісаць, трэба мець адчуваньне жыцьця, і, зразумела, — мовы, на якой ты зьбіраесься пісаць.

— Ну, а карані — біяграфія — у гэтым сэнсе вам дапамагаюць?

— Ва ўсіх сэнсах дапамагаюць, ня толькі ў гэтым… Я разумею, што паходжу зь сям’і простай, чорнай косьці, што жыву так, як павінна была жыць па законах тых самых сялян… Так, канечне, тое дапамагае.

— Дарэчы, вы самі сябе неяк атэставалі “радыкальнай паляшучкай”…

— Ня я, ня я, ня я! Іншыя так вызначылі…

— Аднак пры любым раскладзе — якое галоўнае права вызнаяце за сучаснымі жанчынамі?

— Права?! Пытаньне як бы падразумявае, што сучасныя жанчыны ў нечым абдзеленыя, так? А па мне, дык, можа, нават правы мужчын зараз ушчамляюцца больш. Мы мусім жыць, існаваць побач — мужчыны і жанчыны. Таму я б не дзяліла іх адной лініяй, адпаведна — ня ведаю адказу на ваша пытаньне…

— Хочацца прадоўжыць паляшуцкую тэму: ці сёньня на Палесьсі яшчэ засталіся радыкалы? У чым менавіта выяўляецца іхны радыкалізм?

— Для беларускай нацыянальнай ідэі, для беларускіх дэмакратаў вельмі важна ўсьвядоміць, што палешукі маюць яскравыя адметнасьці. І — пытаньне на пытаньне: а ці ёсьць на Беларусі радыкальныя беларусы? Калі ёсьць, дык на Палесьсі!

— Паляшук Мікола Шэляговіч — па тым часе радыкал — у савецкую перабудову спрабаваў нават дзяржаўныя межы пераразьмяркоўваць на паляшуцкую карысьць…

— Той праект быў досыць супярэчлівай ідэяй. З аднаго боку, ён абапіраўся на тое, што ня можа ня выклікаць павагі — на натуральнае жаданьне кожнага чалавека клапаціцца пра свае карані. Менавіта на гэтай падставе і я прыйшла да Міколы Шэляговіча, пэўны час працавала ў газэце “Збудінне”. З другога боку, вось гэтае натуральнае жаданьне кожнага чалавека разабрацца, хто ты ёсьць, у Міколы прыняло такую форму… скажам — дзіўную. Якая потым дала падставы пэўным людзям абвінавачваць, што ён выконваў заданьні КДБ. Ён сапраўды гаварыў пра нейкую Етвязь, пра нейкую нацыянальную аўтаномію — пра ўтварэньні цалкам штучныя, якія ня маюць пад сабой ніякага грунту. І ў гэтым сэнсе нельга не сказаць, што ідэі Міколы Шэляговіча нанесьлі шкоду як беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці, так і ўкраінскай нацыянальнай ідэнтычнасьці палешукоў. Бо яны на пэўны час зьбілі людзей, як гавораць у нас на Палесьсі, з панталыку, з тропу. Калі пакласьці на вагі гісторыі зробленае Шаляговічам, то я асабіста думаю, што дрэннага ўсё ж было больш.

— Яшчэ пра сувязь гісторыі краіны, асабістага жыцьця і літаратуры: зараз шмат пішуць і спрачаюцца наконт разьвязаньня Другой усясьветнай вайны. Вы добра ведаеце жыцьцё беларуска-польскага памежжа — ці не хацелася вам хоць калі-небудзь распавесьці пра яго ў кнізе?

— Хацелася! Але гэта пакуль усё…

— Што лучыць і розьніць украінцаў і беларусаў? А беларусаў і палякаў?


— Чаму ж вы рускіх у гэты рад ня ўклалі?

— Ну, усход — ня ваша памежжа…

— Так, на маім памежжы я ня бачу выразнай розьніцы. Межы, якія існуюць, якія былі досыць штучна пракладзеныя Ёсіфам Сталіным, яны не разьдзяляюць народы. Людзі паўсюль тут тыя самыя. Толькі з аднаго боку пануе расейшчына, а з другога — пальшчызна. З аднаго боку пануе праваслаўная царква, а з другога — польскі касьцёл. Але напрыканцы службаў па абодва бакі сьпяваюць мясцовыя песьні, на мясцовым дыялекце. Так, я вырасла на памежжы, аднак яно было хутчэй памежжам цывілізацый, чым нацый. На памежжы старой архаічнай цывілізацыі і новай сучаснай. Вось тут разьдзел паміж людзьмі назіраецца выразна, да якой бы нацыі яны ні належалі.

— Гэта алегорыя, што беларусы не з жалеза ці мармуру, а з гумы? Прыгожа сказана ці вы ў тым перакананыя?


— У пэўным сэнсе гэта досьвед. Толькі я б не хацела, каб абагульнена прагучала, што беларусы — з гумы… Называю і лічу беларусамі тых людзей, якія сапраўды дэманструюць нацыянальную ідэнтычнасьць, нацыянальную сьвядомасьць, якія гавораць па-беларуску, разумеюць, што такое дабро і зло, — якія недэзарыентаваныя. А вось жа ў нашым сучасным сьвеце мне часта прыходзілася сустракаць людзей, якія… Іх можна назваць усё яшчэ савецкімі… Бо яны не дэманструюць якасьцяў беларусаў, а — савецкую “гумавасьць”… Такіх людзей у Беларусі шмат, пра іх я і напісала: не з жалеза і ня з мармуру… А сапраўдныя беларусы, зь якімі жыцьцё мяне, на шчасьце, сутыкнула, яны ня гумавыя, а — са сталі і высакароднага каменю. У лепшым сэнсе гэтага выразу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG