Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лайчак сустрэнецца з Мартынавым і Лукашэнкам


Міраслаў Лайчак

Міраслаў Лайчак

З візытам у Менску знаходзіцца міністар замежных спраў Славакіі Міраслаў Лайчак. Пачаў свой візыт міністар са сьняданку з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасьці.

Заплянаваныя сустрэчы Міраслава Лайчака зь кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і беларускім калегам Сяргеем Мартынавым.

У часе сустрэчы зь кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Мартынавым "бакі маюць намер абмеркаваць шырокі спэктар пытаньняў двухбаковага супрацоўніцтва, у першую чаргу – у гандлёва-эканамічнай і інвэстыцыйнай сфэрах, а таксама тэматыку ўзаемадзеяньня Рэспублікі Беларусь з Эўрапейскім зьвязам", - паведамляе прэсавая служба МЗС Беларусі.

На 7 верасьня заплянаваны Беларуска-славацкі дзелавы форум і кантактна-кааперацыйная біржа, у якіх прымуць Беларусі і Беларускай гандлёва-прамысловай палаты.

Сёлета Беларусь таксама наведалі міністры замежных спраў іншых краінаў Эўразьвязу - Вігаўдас Ушацкас (Літва) зь нефармальным візытам, Карэл Шварцэнбэрг (Чэхія) і Мігель Марацінас (Гішпанія).



Дыпляматычныя адносіны паміж Беларусьсю і Славакіяй усталяваныя ў студзені 1993 году.

Славакія падтрымала ўключэньне Беларусі ў праграму Эўразьвязу “Ўсходняе партнэрства”.

У студзені-ліпені 2009 году таваразварот Беларусі з Славакіяй склаў $103,7 млн., або 64,1% да аналягічнага пэрыяду 2008 году.

Беларускі экспарт у Славакію склаў $42,7 млн. (60%), імпарт з Славакіі — $61 млн. (67,4%).

Міраслаў Лайчак

Нарадзіўся 20 сакавіка 1963 г. Славацкі дыплямат. Выпускнік Унівэрсытэту імя Камэнскага ў Браціславе.

Атрымаў доктарскую ступень у міжнародных адносінах у Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносін у Маскве.

Выпускнік курсаў Эўрапейскага цэнтру дасьледаваньняў у пытаньнях бясьпекі Джорджа К. Маршала ў Гарміш-Партэнкірхэне, Нямеччына.

1991—1993 Амбасадар Славакіі ў Расеі.

1994—1998 амбасадар у Японіі.

2001—2005 амбасадар у Саюзнай Рэспубліцы Югаславія (пазьней Сэрбія і Чарнагорыя), Альбаніі і Македоніі.

26 студзеня 2009 г. Лайчак стаў міністрам замежных спраў Славакіі.

Валодае ангельскай, нямецкай, расейскай, баўгарскай, сэрбскай, басьнійскай і харвацкай мовамі.

XS
SM
MD
LG