Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра няўлоўнае падабенства Янукевіча да Пуціна, дэбаты, выбары і абед без соўса на апошнім зьедзьдзе Партыі БНФ разважае вядомы беларускі блогер budimir.

Вы, напэўна ж, ведаеце тых людзей пэнсійнага веку, якія кажуць пра палітычных актывістаў: цьфуй, што гэта за справа такая, лепей ехалі б у вёску працаваць. Наіўныя, не каштавалі яны гэтага хлеба! Перад тым, як узяць удзел у XII-ым зьездзе БНФ, я тры дні запар сек дровы ў бацькоў на вёсцы. Сьведчу: хай бы і чацьвёрты дзень іх секчы. Насамрэч гэта цудоўнае аздараўленчае ды рэкрэацыйнае мерапрыемства, што надае прытоку сілаў. Ня кажучы ўжо пра маральную асалоду ад бясспрэчна карыснай дзейнасьці, вынік якой навідавоку. Карацей, ня праца, а лафа суцэльная.

Таму няхай сяляне не выхваляюцца, нібыта яны нясуць на сваіх плячах найбольшы цяжар быцьця. Фізычныя практыкаваньні на сьвежым паветры – што можа быць прыемней? Не, найбольшы цяжар, вядома, нясуць палітыкі. У гэтым я ўпэўніўся, адседзеўшы дванаццаць гадзінаў у залі Палацу культуры трактарнага заводу. Дык мне статус выпадковага госьця прынамсі дазваляў вольную форму адзеньня, а палітыкі вымушаныя былі мардавацца ў спэцвопратцы. Напрыканцы зьезду адзін такі пакутнік, заціснуты ў касьцюм і здаўлены гальштукам, выйшаўшы на трыбуну, ужо ня мог прыгадаць, чаго ён туды выйшаў. Прадставіўшыся сябрам БНФ з 18.. –га году, выступоўца замармытаў нешта няўцямнае.

-Выказвайцеся па сутнасьці, іначай я пазбаўлю вас слова! – асек яго старшыня.
-Па сутнасьці? А якая ж у нас сутнасьць? – разгублена і зьдзіўлена запытаўся той.

Дзіва што! Яшчэ колькі гадзінаў такіх пасядзелак і на сцэне зьявіліся б удзельнікі Аршанскай бітвы, а за імі падцягнуліся калегі Францішка Скарыны па працы ў Піцеры.

Што да сутнасьці, для мяне, пабочнага назіральніка, яна была яшчэ меней зразумелай. На двары фінансавы крызыс, канец эпохі эканамічнага росту і стабільнасьці, сытуацыя цяжарная сацыяльным выбухам; Расея, адчуўшы смак імпэрскіх перамогаў, аблізваецца на Беларусь, як той мядзьведзь на пчаліны вулей; Эўропа, адрынуўшы прынцыпы, раскрыла абдымкі для “апошняга дыктатара”, скрыпач, то бок “дэмакратычная апазыцыя”, цяпер без патрэбы; не за гарамі чарговыя выбары прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі.

Ёсьць над чым працаваць і разважаць. Здавалася б, каму, як не найстарэйшай і найбольш масавай палітычнай партыі ў Беларусі, шукаць адказаў на паўсталыя выклікі? І дзе гэта рабіць, як не на зьезьдзе? Раз-пораз пра тое казаў і Лявон Баршчэўскі, на той момант яшчэ старшыня партыі. Маўляў, радзіма ў небясьпецы, трэба засяродзіцца на выпрацоўцы стратэгіі і тактыкі ў наяўных варунках, усе ж астатнія пытаньні – другасныя. Тым ня менш, менавіта гэтым пытаньням аказаліся прысьвечаныя цяжкія дванаццаць гадзінаў XII-га зьезду.

Як гэта было


Пачыналася ўсё ідылічна. Яшчэ на ўваходзе ў залю, дзе мяне спынілі суворыя і непахісныя з выгляду сэк’юрыці, я зразумеў, што трапіў на выспачку лібэралізму ў моры паліцэйскай дыктатуры.

-Пасьведчаньне!
-Няма.
-Вы хто?
-Журналіст.
-Акрэдытацыя!
-Няма.
-Гхм… Ну ладна, праходзьце.


Першае ўражаньне пацьвердзіў і хлопец, які завіхаўся ў праходзе ў якасьці распарадчыку: “Госьці могуць сесьці тут, а дэлегаты там. Хаця госьці могуць таксама сесьці там, а дэлегаты тут”. Хочаш, ідзі налева, хочаш – направа, ніхто цябе ні да чаго не прымушае. Лібэрці!

Уладкаваўшыся на галёрцы, я быў гатовы глядзець і слухаць у самым дабрадушным настроі, нягледзячы на тое, што мае палітычныя перакананьні даўна не супадаюць з фронтаўскімі.
Будзе ўлада беларускай, будзе Беларусь эўрапейскай.. будзе Эўропа беларускай...

У першым аддзяленьні панавала настальгічная лірыка. Запрошаныя высокія госьці выказвалі пашану Фронту, згадвалі ягоныя заслугі і перамогі, рабілі спакусьлівыя камплімэнты дэлегатам – “найлепшым людзям у Беларусі”, зачытвалі прывітальныя тэлеграмы ад сяброўскіх замежных партыяў і г.д і д. п. Уладзімер Арлоў распавёў, як ён, калі ў яго яшчэ толькі пачынала расьці барада, марыў пра сувэрэнную Беларусь, дзе будуць “сувэрэнныя грошы, за якія можна будзе набыць сувэрэннае піва”. Цяпер, не ў апошнюю чаргу дзякуючы БНФ, у яго ўсё гэта ёсьць. Можна толькі пазайздросьціць спадару Арлову – хіба часта спраўджваюцца ў людзей іхнія мары? Хтосьці аптымістычна прагназаваў: “Будзе ўлада беларускай, будзе Беларусь эўрапейскай..!” З залі закончылі сказ: “будзе Эўропа беларускай”.

Я ўжо быў троху прыснуў пад гэтыя калыхальныя прамовы, як раптам, падчас выступу Льва Марголіна, рыхтык на ягоных словах пра Лукашэнку, быццам той дзеля ўласнае выгоды гатовы “маці сваю прадаць”, зваліўся мікрафон, нарабіўшы вялікага грукату і трэску. Ось так. Лібэралізацыя лібэралізацыяй, але ж трэба і меру знаць!

Зрэшты, гэта было не апошняе сьведчаньне прысутнасьці дзяржаўнага кантролю за тым, што адбываецца ў залі. Неўзабаве перад абвяшчэньнем вынікаў выбараў новага старшыні партыі, на якіх перамог Аляксей Янукевіч, на сцэну нечакана выйшлі нейкія людзі, каб разгарнуць чырвона-зялёны сьцяг – да гэтага моманту ён вісеў у жалю вартым скручаным выглядзе. Выйшлі, ціхенька разгарнулі, і зьніклі за кулісамі.
Новаму кіраўніцтву пажадана ўлічыць гэты недахоп і наступным разам падбаць пра соўс ...

Як вядома, выбары новага старшыні сталіся галоўнай (а па шчырасьці – адзінай) падзеяй XII-га зьезду. Падзеяй, якую некаторыя называюць “лёсавызначальнай”. Мажліва, я чагосьці не разумею ў лёсавызначальных падзеях, але яны, на мой погляд, павінны адбывацца троху па-іншаму. Эмацыйным пікам XII-га зьезду БНФ, момантам найбольшага ўзбуджэньня, выплеску энтузіязму прысутных, была раздача бясплатных абедаў у фае. Абед, дарэчы, годны, дзякуй тым, хто пра яго парупіўся. Лёгкі салацік з сьвежай капусты і марынаваных масьляткаў, порцыя бульбы-фры і кавалак вэнджанай курыцы. Хіба, можа, трохі сухаваты, відавочна бракавала соўсу. Новаму кіраўніцтву пажадана ўлічыць гэты недахоп і наступным разам падбаць пра соўс – хто ведае, ці не зрабілася яго адсутнасьць апошняй кропляй у вырашэньні лёсу старой каманды лідэраў партыі?

Што, апроч адсутнасьці соўсу, прывяло да паразы каманды Баршчэўскага-Вячоркі-Івашкевіча, судзіць не бяруся – я не аналітык. Як на
каманда Баршчэўскага-Вячоркі-Івашкевіча ў параўнаньні з новай каманда выглядала як Ельцын у параўнаньні з Пуціным ...
мой густ, у параўнаньні зь ёй новая каманда выглядала досыць блякла. Прыкладна як Пуцін у параўнаньні зь Ельцыным. Мажліва, менавіта няўлоўнае падабенства Янукевіча да Пуціна па тыпажу паспрыяла ягонаму посьпеху: невыразныя рысы твару, эмацыйная стрыманасьць, амаль халоднасьць, поўная адсутнасьць “пасыянарнасьці”, унутраная жорсткасьць і кар’ерная ўпартасьць. Выглядае на тое, што спадар Янукевіч прыроджаны функцыянэр – “эфэктыўны мэнэджэр”. Прынамсі, у мяне зрабілася ўражаньне, што ён нарадзіўся ў строгім пінжаку. Мажліва таксама, хто-ніхто галасаваў за Янукевіча з тых самых прычынаў, зь якіх многія галасавалі ў 94-ым за Лукашэнку – вышукваючы ў біяграфіях кандыдатаў, хто зь іх самы маладзейшы. Звычайны эйджызм: маладзейшыя чамусьці паводле азначэньня лічацца лепшымі за старэйшых. Ну і, натуральна, шмат для каго гэта было “сьвята непаслухмянасьці”: калі не на рэспубліканскім узроўні, дык хаця б на партыйным скінуць наяўную ўладу. Каб не заседжвалася: паруліў, дай паруліць іншаму.

Сапраўднай дыскусіі наконт зьместу праграмаў розных камандаў я ня бачыў. Абмяркоўваліся пэрсаналіі, рабіліся асабістыя закіды: маладыя вінавацілі старых у тым, што яны старыя (і нямоглыя), старыя вінавацілі маладых у тым, што яны маладыя (і зялёныя); маладыя казалі пра ганебныя “пасядзелкі зь Лябедзькам і Калякіным” старых, старыя – пра тое, што моладзь падкупленая зламысным Мілінкевічам.
Як дзейнічаць ва ўмовах крызысу і ў якім фармаце прымаць удзел у чарговых выбарах прэзыдэнта Лукашэнкі, напэўна, будзе вырашацца на наступным зьезьдзе. А можа і не. Бо Лявон Баршчэўскі намякнуў, што на наступным зьезьде трэба ініцыяваць пазачарговыя перавыбары кіраўніцтва партыі.

Жыве Беларусь!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG