Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ахвотных трапіць на бардаўскі фэст міліцыя вывозіла з Воршы на “аўтазаку”


Паводле каардынатараў “Аршанскай бітвы-2009”, на імпрэзу маглі б сабрацца некалькі соцень удзельнікаў, каб ня захады міліцыі і ня дрэннае надвор'е.

Першыя сутыкненьні зь міліцыянтамі ў ахвотных трапіць на бардаўскі фэст, які традыцыйна праводзіцца ў першыя выходныя верасьня, пачаліся яшчэ ўчора на аршанскім аўта- і чыгуначным вакзалах. Каля аўтобусаў, што ішлі ў бок вёскі Гацькаўшчына, дзе фэст “Аршанская бітва” адбываецца з 1991 году, міліцыянты спачатку перапісвалі пашпартныя дадзеныя ва ўсіх, хто выглядаў на патэнцыйных удзельнікаў. Некаторых маладых людзей з заплечнікамі і намётамі прымушалі здаваць ужо ўзятыя білеты і “ня раілі” ехаць на “забароненую” імпрэзу.

Тыя, хто прыехаў на аўтамашынах, даведаліся пра “прычыны” забароны ад супрацоўнікаў ДАІ, што дзяжурылі на кожным скрыжаваньні ўсьцяж шашы. На павароце ў бок Гацькаўшчыны прыкладна з 14-й гадзіны ўчорашняга дня да ранку сёньняшняга дарогу вартавалі міліцыянты, якія тлумачылі, што на ўзбярэжжы Крапівенкі знайшлі міну.

На павароце ў бок Гацькаўшчыны дзяжурыла машына ДАІ

Гэтая інфармацыя аказалася выдумкай: яе не пацьвердзілі супрацоўнікі абласной управы МУС, якія таксама ўвесь вечар патрулявалі тамтэйшае навакольле. Але маючы досьвед 2007 году, калі на месцы правядзеньня фэсту нібыта знайшлі снарады і з тае нагоды затрымалі дзясяткі людзей, якія імкнуліся трапіць на фэст, каардынатары прапанавалі перайсьці на іншую пляцоўку паблізу ад традыцыйнага месца.

Першымі новую пляцоўку на беразе той самай Крапівенкі пачалі “абжываць” мастак Алесь Пушкін зь сябрамі. Алесь распаліў вогнішча і пачаў гатаваць крупнік, каб уночы пачаставаць усіх прысутных.

Алесь Пушкін падбірае зёлкі для крупніку

Тым часам, нягледзячы на тое, што распачаўся даволі-ткі моцны дождж, на пляцоўку прыбывалі госьці – з Магілеву, Гомлі, Віцебску. Зьявіліся першыя намёты і сьцягі.

Першы сьцяг над пляцоўкай – сьцяг “Правага альянсу”

Алесь Пушкін прэзэнтаваў сваю новую карціну, прысьвечаную беларусаму супраціву: дзьве моцныя рукі трымаюць занесеную ўгару сякеру. Гэтая карціна аздабляла фэст цягам усяе ночы, недалёка ад яе й распачалі свае выступы барды Андрэй Мельнікаў, Ігар Мухін і некалькі сьпевакоў-пачаткоўцаў.

Алесь Пушкін прэзэнтуе свой новы твор

Спробы забясьпечыць добры гук і асьвятленьне канцэрту скончыліся няўдачай: міліцыянты затрымалі аўтамашыну, у якой везьлі электрычны генэратар ды іншыя прылады. Сьледам затрымалі яшчэ адну машыну, дзе ехаў каардынатар фэсту Юрый Копцік. Да 10-й вечара чацьвярых чалавек пратрымалі ў Аршанскім РАУС, а потым адпусьцілі, ня склаўшы ніякіх пратаколаў. Паводле праваабаронцы Алега Граблеўскага, які прыехаў да затрыманых, міліцыянты імкнуліся зрабіць усё, каб генэратар не давезьлі ў патрэбнае месца і канцэрт быў сарваны. Супрацоўнікі міліцыі казалі, што апарат скрадзены, і не аддалі яго нават законнаму гаспадару, калі ён прывёз неабходныя дакумэнты. Генэратар да гэтага часу знаходзіцца ў райаддзеле міліцыі.

У Аршанскі РАУС трапілі яшчэ больш за дзесяць чалавек, якія кіраваліся на фэст. Іх затрымалі зусім побач з канцэртнай пляцоўкай: без усялякіх тлумачэньняў загадалі сядаць у падагнаны “аўтазак”. Толькі ў пастарунку затрыманым паведамілі прычыну: у іх нібыта не было флікераў. Празь дзьве гадзіны ўсіх – і аршанцаў, і іншагародніх – ізноў некуды вывезьлі ў “аўтазаку”. Міліцыянты сказалі, што іх павязуць на чыгуначны вакзал – нібыта гэтага жадалі самі затрыманыя. Насамрэч хлапцоў і дзяўчат вывезьлі за 25 кілямэтраў ад гораду ў бок Менску і пакінулі на чыгуначнай станцыі Коханава. З гэтае нагоды некаторыя ўдзельнікі інцыдэнту будуць пісаць скаргі на супрацьзаконныя дзеяньні міліцыянтаў.

Паводле каардынатара Юрыя Копціка, які трапіў на фэст толькі каля 11-й ночы, бардаўскі канцэрт слухалі некалькі дзясяткаў чалавек. Каб ня дрэннае надвор”е і не міліцэйскія забароны, удзельнікаў было б у некалькі разоў болей.

Уночы Алесь Пушкін частаваў усіх крупнікам з адмысловых конавак, зробленых адмыслова да сёлетніх 495-х ўгодкаў бітвы пад Воршай, у якой войскі ВКЛ перамаглі расейскае войска.

Келіх, зроблены ў гонар пераможнай бітвы пад Воршай

А зранку хто-ніхто з прысутных усё-ткі вырашыў трапіць на месца самой бітвы – туды, куды ўвечары не прапусьцілі міліцыянты. У гонар Аршанскай перамогі на Крапівенскім полі ўсталяваны помнік-камень і крыж, пад якім звычайна праходзіць паніхіда ба загіблых беларускіх ваярах.

Каля крыжа. Юры Копцік і Генадзь Шэпелеў

Сёлета традыцыйны сцэнар быў парушаны. Як высьветліў мясцовы актывіст Генадзь Шэпелеў, міліцыянты ахоўвалі Крапівенскае поле ўсю ноч і нават раніцай. Атрымалася кругласуткавая ганаровая варта ў гістарычным месцы, як пажартавалі тыя, хто сачыў за падзеямі сёлетняй “Аршанскай бітвы-2009”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG