Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што б Багушэвіч сказаў сёньня...


У дзень Беларускага пісьменства ў Смаргоні адкрылі помнік Францішку Багушэвічу, асьвяцілі новую царкву і прапагандавалі саюзную дзяржаву.


Ад 8-ай раніцы пачалася сьвяточная літургія ў новай царкве.

У мясцовым музэі, які на рэстаўрацыі ўжо некалькі гадоў і які дагэтуль ня мае свае экспазыцыі, адкрылі адразу аж тры выставы арганізаваныя Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі: да 70-годзьдзя ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР, да 170-годзьдзя Францішка Багушэвіча і “Вядомыя літаратары Смаргоншчыны”.

У музэі давялося сустрэцца зь мясцовымі школьнікамі. Пра Ф.Багушэвіча ўсе ведалі, неаднойчы бывалі ў ягоным музэі, што ў Кушлянах, а вось пра аб’яднаньне Заходняй Беларусі з БССР ніхто нічога ня мог распавесьці.


Цэнтральнай падзеяй сьвята стала адкрыцьцё помніка Францішку Багушэвічу ў гарадзкім парку. Ён стаіць над рэчкай Оксна, глядзіць у бок новай царквы, а зьнізу знаёмыя словы: “Дык не пакідайце ж нашай мовы беларускай, каб не ўмерлі…” Аўтар, Леў Гумілеўскі, які, дарэчы, аўтар помніку Я.Купалу ў Маскве і М.Багдановічу ў Ялце, зазначыў, што да гэтай падзеі ён разам з сынам ішоў 20 гадоў і супала яна з адкрыцьцём царквы, якой таксама ў горадзе чакалі 20 гадоў.

Украінскі амбасадар,Ігар Ліхавы, вельмі цёпла на беларускай мове казаў пра Багушэвіча і віншаваў смаргонцаў са сьвятам, а пасьля яго старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец па-расейску даводзіў прысутным, што, маўляў, Багушэвіч быў такім чалавекам (глыбай), што яго дагэтуль цытуюць на самых розных мовах сьвету.

Найменшае месца сёньня ў Смаргоні займалі шапікі зь беларускімі кніжкамі. На выдавецкіх выставах кнігі нават не прадаваліся. Кніжкі можна было набыць толькі ў шапіках ад гарадзенскіх кнігарняў, але ўсё гэта літаратура пераважна на расейскай мове.

На мерапрыемстве прысутнічаў міністар культуры Беларусі Павал Латушка і віцэ-прэм’ер спадар Патупчык, якія, дарэчы, падчас урачыстага адкрыцьця сьвята прамаўлялі па-беларуску.











Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG