Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіраючы за хадой сёлетняга з’езда БНФ, ня мог пазбавіцца ад адчуваньня déjà vu – праз 10 гадоў усё паўтараецца: жарсьці, жорсткая сутыкненьне двух падыходаў, прыход да ўлады ў арганізацыі новага пакаленьня палітыкаў.


Але параўнаньне, падабенствы і адрозбненьні сёлетніх падзеяў і падзеяў дзесяцігадовай даўніны, дазваляе асэнсаваць, што ж адбылося на з’ездзе БНФ у 2009 годзе.

У 1999 годзе асноўным лёзунгам тых, хто дамагаўся пераменаў у арганізацыі, было вяртаньне ў рэчаіснасьць, выхад з палітычнага гета сваёй ідэйнай чысьціні, супраца зь іншымі палітычнымі сіламі. А зараз? Ну хіба не наадварот. Менавіта новае пакаленьне Фронту выступала зараз за тое, каб абмежавацца ўзаемадзеяньнем з ідэйна блізкімі сіламі. Хаця магчыма доўгі сьпіс гэтых ідэйна блізкіх хавае той чыньнік, што рэальнае значэньне ў ім мае толькі адзін партнэр – Рух “За Свабоду” і яго лідэр Аляксандар Мілінкевіч, трапна названы калегам Цыганковым сапраўдным пераможцам сёлетняга з’езду БНФ. І хаця сам Аляксей Янукевіч безагляднай адданасьці Мілінкевічу не дэманструе, ў ягонай камандзе шмат тых, для каго “Мілінкевіч – наш кандыдат”. Ну а ў кулюарных размовах прыхільнікі новага лідэра Фронту і не хавалі, на каго будзе рабіць стаўку БНФ на прэзыдэнцкіх выбарах у выпадку іх перамогі.

Ёсьць і фактычныя падцьверджаньні: калі з’езд прыняў прапанову спачатку абіраць старшыню, а ўжо потым кандыдата ў прэзыдэнты, Віктар Івашкевіч зьняў сваю кандадатуру і прапанаваў на старшыню Баршчэўскага таму што выдатна разумеў, што ніякага абраньня фронтаўскага кандыдата ў прэзыдэнты ня будзе. І так і атрымалася – калі Баршчэўскі, прайграўшы выбары старшыні, адмовіўся балятавацца на кандыдата ў прэзыдэнты, кандыдата ня сталі абіраць наагул. Перанесьлі пытаньне на сакавік. Ці на ніколі. Навошта абіраць, калі кандыдат новай каманды ўсім добра вядомы?

Тут, дарэчы, адрозьненьне ад зьезду дзесяцігадовай даўніны: тагачасныя бунтары і пераможцы – В.Вячорка, Л.Баршчэўскі, В. Івашкевіч, П.Севярынец былі на той момант даволі вядомымі палітыкамі ня толькі ва Фронце, але і ў краіне. А хай мяне прбачыць новаабраны старшыня, але 99% беларусаў пад пагрозай катаваньня не сказалі б яшчэ ўчора, хто такі Аляксей Янукевіч.

Тады спрэчка была пра стратэгію, зараз, калі адкінуць дэталі, пра пэрсоны. Хаця магчыма і ня толькі. Многія не пагадзяцца са мной, але курс новага кіраўніцтва Фронту на падтрымку Мілінкевіча – гэта вяртаньне ў рэчаіснасьць. Чаму? Ну таму што ёсьць шмат шчырых і прыстойных людзей, якія падабаюцца, скажам, мне асабіста ці чытачам сайту Свабоды. І ёсьць палітыкі нацыянальнага калібру, асобы, якія могуць разьлічваць на прэзыдэнцкіх выбарах калі не перамагчы, то набраць, ну скажам , 20% галасоў выбаршчыкаў. На жаль (ці на шчасьце) гэтыя сукупнасьці людзей не заўсёды супадаюць.

Чамусьці ўсе разумеюць, што ня кожнаму дадзена стаць Эйнштэйнам, патрэбны талент. І чамусьці многія лічаць, што хіба не любы прыстойны чалавек , “шырока вядомы ў вузкіх колах”, можа стаць прэзыдэнтам краіны. Ну не любы, вось так жыцьцё збудавана. І менавіта з гэтага пункту гледжаньня Аляксандар Мілінкевіч – адзін з нешматлікіх беларусаў, які можа на гэта хаця б рэальна прэтэндаваць.

Але парадокс палягае ў тым, што вяртаньне ў рэчаснаснасьць новай каманды гэтым выбарам на карысьць Мілінкевіча і абмяжоўваецца. У ідэйным пляне , у адрозьненьні ад 1999 году, яны нічым не адрозьніваюцца ад сваіх апанэнтаў, больш таго, сваёй прыхільнасьцю да супрацоўніцтва зь ідэйна блізкімі каманда Мілінкевіча нагадвае хутчэй каманду Пазьняка ўзору 1999 году, чым каманду Вячоркі тагачаснага супрацьстаяньня.

Так выглядае, што вынікі зьезду БНФ стануць пахавальным звонам па АДС. Анатоль Лябедзька, каментуючы вынікі з’езду, сказаў, што “невядома, куды будзе рухацца каманда Янукевіча”. Але гэта насамрэч вядома. І таму невядома, куды будзе рухацца спадар Лябедзька. Пры ўсёй шырыні поглядаў лідэраў АДС яе наўрад ці хопіць, каб падтрымаць у якасьці адзінага Сяргея Калякіна зь яго надзвычай своеасаблівым, скажам так, стаўленьнем да Расеі. А іншага кандыдата, з палітычнай вагой, аўтарытэтам і рэсурсамі ў АДС няма. Мілінкевічу , асабліва пасьля сёньняшняга з’езду БНФ, няма ніякага сэнсу ўдзельнічаць у АДСаўскіх гульнях па вылучэньні адзінага.

Такім чынам з’езд БНФ даволі моцна зьмяніў палітычны ландшафт краіны, і так выглядае, што прэзыдэнцкія выбары ўжо, калі ня ўплішчацца моцныя дадатковыя фактары, ператварыліся у спаборніцтва адно Лукашэнкі і Мілінкевіча.

А што да вяртаньня ў рэчаіснасьць у шырокім сэнсе, то гэта пары. Выступаючы на з’ездзе, Юрась Губарэвіч адзначыў, што каля будынку зьезду - ДК МТЗ – не стаіць натоўп рабочых трактарнага, якія б пратэставалі супраць рэжыму і выказвалі падтрымку БНФ. Ён гэта выказаў у папрок былому кіраўніцтву Фронта, але гэта насамрэч – самы галоўны крытэр ацэнкі дзейнасьці палітыкаў. І новага кіраўніцтва Фронту таксама.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG