Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы старшыня Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі пракамэнтаваў абраньне Аляксея Янукевіча старшынём Партыі БНФ:

“Я рэаліст. Наступная прэзыдэнцкая кампанія пройдзе фактычна бяз удзелу БНФ. Гэта ў абозе іншага кандыдата будзе лічыцца Партыя БНФ. Гэта шкада, бо ёсьць шанец у 2010-2011 гадах. З другога боку, авантурныя заявы пра тое, што трэба разбураць АДС – гэта аслабляе і рэальна аслабіць магчымасьці супольнага змаганьня за паляпшэньне выбарчага заканадаўства. Бо ніводная партыя паасобку ня можа выставіць тых патрабаваньняў, якія будуць успрымацца беларускай уладай і тымі заходнімі структурамі, якія ціснуць на гэта. Рэальнае аслабленьне гэтага змаганьня за лепшыя ўмовы выбараў. Каму гэта выгодна, можна толькі здагадвацца. Але гэта ўсё не выгодна Беларусі”.

Карэспандэнт: “Для Вас было нечаканым тое, што перамог Янукевіч?”

Баршчэўскі: “Рашэньне пра балятаваньне старшынём я прыняў у апошнюю хвіліну. І я ня мог пралічваць: чакана ці нечакана. Калі я ўбачыў, што пытаньне з прэзыдэнцтвам сёньня ня будзе вырашана, то ў мяне не заставалася іншага выйсьця, акрамя як паспрабаваць сёньня заняць пазыцыю старшыні і вырашыць гэта пытаньне хаця б у бліжэйшай будучыні. Але колькасьць галасоў супраць партыйнай працы па кандыдату аказалася значна большай, чым гэта было дапушчальна, каб сапраўды сур’ёзна разьлічваць на ўваход у прэзыдэнцкую кампанію”.

Карэспандэнт: “Многія зьвязваюць абраньне А.Янукевіча з абнаўленьнем у партыі. Якім яно можа быць?”
Гэта будзе не абнаўленьне. Гэта сыход у абоз іншых палітычных сілаў” ...

Баршчэўскі: “Я дастаткова добра ведаю асоб, якія гавораць лёзунг абнаўленьня. Гэта будзе не абнаўленьне. Гэта сыход у абоз іншых палітычных сілаў”.

Карэспандэнт: “Ці ўдалося пераадолець раскол у Партыі БНФ?”

Баршчэўскі: “Партыя БНФ нікуды не дзенецца. Яна ёсьць і будзе. У ёй заўсёды будзе здаровая плынь, якая зможа забясьпечыць выхад з гэтага абозу. Для гэтага спатрэбіцца час. Каманда, якая прыйшла, да таго як наступіць чарговы зьезд не дапусьціць сваёй замены. Але праз два гады больш спрактываная, падрыхтаваная партыйная моладзь будзе больш рашуча ў партыйны справы ангажавацца. І такія асобы як Аляксандар Мех, вельмі таленавіты, змогуць сябе праявіць. Я думаю, што партыя вернецца на рэйкі, на якія яе паставіла гісторыя”.

Карэспандэнт: “Ці можна гэта параўнаць з той сытуацыяй, калі на зьмену З.Пазьняку прыйшоў больш малады В.Вячорка...”

Баршчэўскі: “Чыньнік супрацьпастаўленьня паводле ўзросту псыхалягічна прысутнічае, але не думаю, што ён быў вырашальны. Вырашальны чыньнік у тым, што былі мабілізаваныя пазапартыйныя рэсурсы, каб уплываць на фармат правядзеньня перадвыбарчых сходаў, асабліва ў Берасьцейскай вобласьці, дзе тэрмінова ў ліпені ўступалі ў партыю групы людзей, каб правесьці сходы і абраць патрэбных дэлегатаў на зьезд. Мы такой маніпуляцыяй не займаліся. Статут дазваляе так рабіць. Але гэтыя асобы пасьля зьезду забудуцца ў якой партыі яны былі і ніякай партыйнай працы рабіць ня будуць”.
Буду памочнікам і дарадцам Віктару Івашкевічу ...

Карэспандэнт: “Вашыя пляны далей у партыі?”

Баршчэўскі: “Да наступнага зьезду я нічога рабіць ня буду. Я буду кантактаваць зь людзьмі, у якіх я веру. І буду дапамагаць кіраўніку гарадзкой арганізацыі Віктару Івашкевічу. Буду ў яго памочнікам і дарадцам”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG