Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: барацьба за чысьціню партыі павінна быць спыненая


Аляксей Янукевіч і Юры Губарэвіч
Аляксей Янукевіч і Юры Губарэвіч

Сёньня раніцай у Менскім палацы культуры трактарнага заводу пачаў працу 12-ы зьезд Партыі БНФ. На яго сабраліся больш за 320 дэлегатаў з усёй Беларусі.

Зьезд абраў старшынёй Партыі БНФ Аляксея Янукевіча і вызначыць прэтэндэнта на кандыдата ў прэзыдэнты. Пра тое што адбывалася ў першай палове дня на зьезьдзе перадае наш карэспандэнт Алесь Дашчынскі.

У залі нацыянальная сымболіка – бел-чырвона-белы сьцяг, герб “Пагоня” і расьцяжка “Незалежнасьць!”. Чырвона-зялёны сьцяг ня зьняты, але згорнуты. Зьезд адкрыў Лявон Баршчэўскі звонам звана “Свабоды”, усталяванага на сцэне. Потым дэлегаты прасьпявалі гімн “Магутны Божа”. Далей вітаньне зьезду ў аўдыёзапісе выказаў сябра сойму, народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Пасьля перад дэлегатамі выступілі Станіслаў Шушкевіч і Аляксандар Мілінкевіч. Спадар Мілінкевіч адзначыў, што БНФ быў ёсьць і будзе самай галоўнай нацыянальна-дэмакратычнай сілай на Беларусі.

Аляксандар Мілінкевіч
“Рух “За свабоду” – гэта не канкурэнт і не праціўнік БНФ. Гэта самы бліжэйшы партнэр. Бо мы маем аднолькавыя задачы і аднолькавыя каштоўнасьці. Я жадаю вам посьпехаў. Сёньня, я маю надзею, што вы ўзмацніцеся пасьля гэтага зьезда, не разьяднаецеся, што вы абераце правільны шлях і БНФ будзе ўзмацняцца, і я гатовы гэтаму спрыяць”.

Таксама спадар Мілінкевіч патлумачыў свой скепсіс адносна працэдуры аб’яднаных дэмсілаў па вылучэньні адзінага кандыдата на прэзыдэнцкія выбары:

“Ці можа БНФ, як і Рух “За свабоду” даць цьвёрдае абяцаньне, што падтрымаем любога адзінага кандыдата, які будзе абраны ў працэдуры, калі гэты кандыдат можа быць за прызнаньне Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, за ўвядзеньне расейскага рубля, за будаваньне супольнай дзяржавы з Расеяй?! Адказваючы на гэтае пытаньне мы павінны выбіраць стратэгію”.

У сваім пасланьні Аляксандар Казулін адзначыў, што вынікі зьезду “гэта не справа чыста Партыі БНФ. Яны будуць мець вырашальны ўплыў на ўсю беларускую палітыку. Падтрымайце асобаў, якія ніколі не здраджвалі прынцыпам”.

У справаздачы аб дзейнасьці Лявон Баршчэўскі сказаў, што вырашана асноўная задача: партыйцы вызначыліся, хто займаецца палітыкай у шэрагах БНФ, а хто аналітычнай, праваабарончай дзейнасьцю ў складзе Руху “За свабоду”. А вось фармалізацыю дачыненьняў з Рухам “За свабоду” павінна завершыць новаабранае кіраўніцтва партыі. Ён сказаў, што перашкаджалі так званыя падвойныя агенты і часам адкрыты сабатаж рашэньняў зьезду і сойму.

Лявон Баршчэўскі
“Мы змагаемся ня супраць асабіста Аляксандра Лукашэнкі, а супраць той сыстэмы, пабудаванай на хлусьні, падтасоўках, гэбельсаўскай прапагандзе, якую стварыла атачэньне Лукашэнкі зь яго чынным удзелам. Партыя БНФ ня лічыць, што гэтая сыстэма рэальна можа дэмакратызавацца пад вонкавым ціскам Эўропы, а тым больш Расеі. Крызіс дыктатуру аўтаматычна ліквідаваць ня зможа. Але зможа актывізаваць наша грамадзтва, вывесьці палітычныя дэбаты з кухні ў іншую прастору. Інакш перамогі ня будзе. Партыя БНФ не прарасейская і не праэўрапейская. Яна партыя, перад усім, беларуская. Легітымізаваць ведучы пад рукі сёньняшні рэжым у Эўропе мы не зьбіраемся. Бо гэта была б абсалютная авантура”.

Спадар Баршчэўскі адзначыў, што кандыдат ад партыі БНФ дазволіць вызначыцца кожнаму, хто і ў чыёй камандзе працуе. У сваім выступе Юрась Губарэвіч сказаў, што БНФ апынуўся пад уплывам прарасейскіх сілаў у складзе АДС. Ён сказаў, што ня будзе вылучацца на пасаду намесьніка старшыні партыі, але падтрымае каманду Аляксея Янукевіча. Намесьнік старшыні грамадзкага аб’яднаньня БНФ Алесь Міхалевіч заявіў, што вылучае сябе на кандыдата ў прэзыдэнты.

Алесь Міхалевіч
“У мяне ёсьць каманда, якая, упэўнены, хутка і эфэктыўна зьбярэ 100 тысяч подпісаў. Я не зьбіраюся ні пад каго здымацца і крок за крокам упэўнена буду ісьці да перамогі. Калі новаабраны сойм Партыі БНФ вырашыць адмяніць рашэньне пра мае выключэньне, для мяне будзе гонарам прадстаўляць нашу з вамі партыю на выбарах прэзыдэнта Беларусі”.

Асноўная інтрыга адносна таго, хто стане старшынёй партыі пачала вырашацца пасьля таго, як у выступе падчас спрэчак Віктар Івашкевіч заявіў, што падтрымлівае кандыдатуру Лявона Баршчэўскага ў якасьці старшыні Партыі БНФ і кандыдата ў прэзыдэнты. Пасьля спадар Баршчэўскі апавёў пра сваю размову з Зянонам Пазьняком, які яго папрасіў вылучыцца на старшыню партыі. Спадар Баршчэўскі прыняў гэтую прапанову.

Яшчэ адным кандыдатам на пасаду старшыні стаў Аляксей Янукевіч. Падчас зьезду ён выступіў з крытыкай спадара Баршчэўскага і назваў тупіковай лінію на пошук ворагаў і здраднікаў. Ён заявіў, што партыя БНФ павінна стаць насамрэч самастойнай і ствараць уласныя сцэнары палітычнай дзейнасьці. Спадар Янукевіч заявіў, што вылучаецца дзеля таго, каб у партыі зноў запанавала пазытыўная атмасфэра.

“Я лічу, што барацьба за чысьціню партыі павінна быць спынена як мага хутчэй, што камісія партыйнага кантролю мусіць таксама спыніць сваю дзейнасьць. Я перакананы, што калі мы будзем шукаць ворагаў у коле сваіх сяброў, гэта шлях тупіковы, які вельмі хутка прывядзе нас да самаразбурэньня. Вельмі неразумна ствараць з уласных паплечнікаў палітычных апанэнтаў”.

Сваімі намесьнікамі Аляксей Янукевіч прапанаваў Рыгора Кастусёва, Ігара Лялькова і Ўладзімера Лабковіча.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG