Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскае радыё: Беларусы сталі прызнаваць Міцкевіча сваім


Усё меней жыхароў Польшчы наведваюць музэй Адама Міцкевіча ў Наваградку. Але расьце колькасьць беларусаў, якія бываюць у сядзібе аўтара “Пана Тадэвуша”.

Са штогадовых 15-ці тысяч сталых наведнікаў сядзібы беларусы складаюць найбольшую частку, падае Польскае радыё. Большасьць зь іх лічаць Міцкевіча нацыянальным беларускім паэтам.

Як падае Польскае радыё, зьніжэньне цікавасьці да малой радзімы Міцкевіча сярод палякаў, асабліва маладых, выклікана існуючым візавым рэжымам, а таксама неабходнасьцю рэгістрацыі. Акрамя таго, многім палякам падаецца дзіўнай тая легенда пра беларускасьці паэта, якую яны чуюць у музэі – маўляў, знойдзеныя тэксты Міцкевіча на беларускай мове. Хаця фактычных доказаў гэтаму няма.

Паводле публікацыі, усе болей беларусаў атаясамліваюць сябе з нашчадкамі Вялікага княства Літоўскага і ахвотна прызнаюць сваё дачыненьне да яго шматвяковай спадчыны. У дадатак да трактоўкі Міцкевіча, як беларускага нацыянальнага паэта, беларускія гісторыкі сьцьвярджаюць, што беларусы падчас Грунвальдзкай бітвы дапамагалі каралю Ўладзіславу Ягайлу.

Як рэзюмуюць польскія журналісты, палякам ня варта зьдзіўляцца сьцьвярджэньням падобнага кшталту. Трэба прыняць пад увагу, што на тэрыторыі сучаснай Беларусі знаходзілася большасьць земляў ВКЛ, званых ў народзе як Літва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG