Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цянюта ўжо здаровы і выязны, але яшчэ не студэнт


Гомельскі сябра “Маладога фронту” Андрусь Цянюта, раптоўна выключаны зь ліку студэнтаў-завочнікаў Бранскай сельгасакадэміі, атрымаў зь Міністэрства адукацыі Расеі адказ на свой запыт.


Міністэрства паведамляе, што ягоны запыт наконт адлічэньня пераадрасаваны рэктару Бранскай сельгасакадэміі. Як студэнт спадар Цянюта меў адтэрміноўку ад прызыву ў войска.

Сам хлопец апошнім часам знаходзіўся на абсьледаваньні ў Гомельскім абласным клінічным шпіталі. Андруся накіраваў сюды гарадзкі ваенкамат, які не пагадзіўся з папярэдняй высновай мэдыкаў пра наяўнасьць у Цянюты скаліёзу 2 ступені. З такім адхіленьнем у войска звычайна не бяруць.

“Сёньня я сышоў са шпіталя, — паведаміў Андрусь. — Мяне пакідалі тут да панядзелка. Магчыма, каб ваенкамат адразу забраў мяне ў войска. Ніякага лекаваньня ў мяне ўжо не было. У панядзелак я толькі забяру заключэньне траўматалягічнага аддзяленьня. На словах лекар паведаміў мне, што дыягназ наконт скаліёзу 2 ступені будзе зьменены — на першую. З такім адхіленьнем могуць ужо прызываць у войска”.

Маладафронтавец кажа, што высновы будзе рабіць, калі атрымае пісьмовы эпікрыз.

Цянюта паведаміў таксама, што па ягонай скарзе абласны ваенкамат адмяніў рашэньне гарадзкога ваенкамату на абмежаваньне яму выезду за межы Беларусі за няяўку 24 ліпеня паводле позвы.
XS
SM
MD
LG