Лінкі ўнівэрсальнага доступу

5 верасьня ў Менску ў Палацы культуры МТЗ адбудзецца чарговы зьезд Партыі БНФ. Якія галоўныя інтрыгі чакаюць свайго разьвязаньня на гэтым зьезьдзе, якія выклікі цяпер найбольш яскрава стаяць перад БНФ?


Пры ўсёй важнасьці праблемы стратэгіі і тактыкі дзеяньняў партыі, відавочна, што самым рэзанансным і прыцягальным для грамадзкасьці будзе “асабістае пытаньне” - хто стане новым лідэрам БНФ. Нагадаем, старшыня партыі Лявон Баршчэўскі ўжо заявіў, што не зьбіраецца выстаўляць сваю кандыдатуру, і на пасаду старшыні прэтэндуюць два цяперашнія намесьнікі - Віктар Івашкевіч і Аляксей Янукевіч.

Паводле неафіцыйных зьвестак з атачэньня Аляксея Янукевіча, колькасьць ягоных прыхільнікаў сярод дэлегатаў зьезду відавочна большая, чым колькасьць прыхільнікаў Івашкевіча. Аднак дакладна нельга сказаць, што Янукевіч набірае патрэбныя 50%. Магчыма, усё будзе вырашаць літаральна некалькі галасоў. Тым болей, што каля 20 працэнтаў дэлегатаў зьезду яшчэ ня вызначыліся з тым, за каго будуць галасаваць. Зрэшты, падчас зьезду ня выключаныя самыя розныя павароты, і нават цьвёрдыя прыхільнікі нейкага кандыдата пры пэўным павароце падзеяў могуць прагаласаваць за другога. Нагадаем, што на мінулым зьезьдзе кандыдатура Лявона Баршчэўскага зьявілася ў якасьці кампрамісу пасьля таго, як Вінцук Вячорка і Алесь Міхалевіч не набралі неабходнай для абраньня колькасьці галасоў.

Многія фронтаўцы лічаць, што вызначальным для ходу зьезду стане пытаньне формы ўдзелу БНФ у прэзыдэнцкай кампаніі. Калі гэтае пытаньне будзе пастаўлена першым у парадак дня і кандыдатам будзе абраны Лявон Баршчэўскі, то шалі вагаў могуць хіснуцца на карысьць каманды Баршчэўскага-Івашкевіча. Цяперашняму старшыні партыі, найхутчэй, будзе процістаяць Ігар Лялькоў, які таксама заявіў пра свае прэзыдэнцкія амбіцыі.

Палітоляг, рэдактар газэты “Новы час” Аляксей Кароль адзначае, што БНФ, як і ўсе іншыя партыі, пасьля ўсталяваньня аўтарытарнага рэжыму не пазьбег пагрозы маргіналізацыі.

Кароль: “Таму галоўным вынікам зьезду хацелася б бачыць, каб у гэтай складанай сытуацыі перамаглі здаровыя тэндэнцыі. Гэта найперш аб'яднаньне, а не разьяднаньне, не раскол. Гэта выбар той тактыкі, якая дазволіць, па-першае - захавацца, па-другое - прывесьці ў парадак свае шэрагі, па-трэцяе - вылучыць тыя лёзунгі і дзеяньні, якія будуць адпавядаць сёньняшняй сытуацыі і выклікам. Канкрэтна, гэта найперш адзінства кіраўніцтва ў партыі, несупрацьстаяньне пакаленьняў, і праз асобу выхад на адзінства. Тое, чаго не хапае ўсім дэмакратычным сілам Беларусі”.

Вялікую дыскусію ў БНФ апошнім часам выклікае ўдзел партыі ў дэмакратычнай кааліцыі - АДС. Адзін з кандыдатаў на пасаду старшыні партыі Аляксей Янукевіч лічыць, што Фронт можа панізіць фармат свайго ўдзелу ў кааліцыі. Старшыня Палітрады АДС, лідэр АГП Анатоль Лябедзька лічыць, што сёньня ў сувязі з крызісам у дэмакратычных сілаў зьявіўся рэальны шанец, і таму зараз, як ніколі, патрэбна адзінства:

Лябедзька: “У кааліцыі дэмакратычных сілаў розныя арганізацыі, але ўсе роўныя - паводле статусу ў кожнага адзін голас. Але разам з тым ёсьць некалькі ключавых структур, сярод якіх і БНФ, безь якога ня можа быць моцнай дэмакратычнай кааліцыі, якая ставіць амбітныя задачы і іх дасягае. Таму мне хацелася б, каб рашэньні, якія будуць прынятыя на зьезьдзе БНФ, яны якраз захоўвалі дэмакратычную кааліцыю і ўмацоўвалі ўсіх нас, а не разьядноўвалі”.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG