Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На прадпрыемстве “Гродна Азот” адбылося аварыйнае спыненьне цэху аміяку, сыравінай для вытворчасьці якога зьяўляецца прыродны газ.


Працэс быў аўтаматычна спынены, рэшткі газу пад высокім ціскам трапілі ў факельную ўстаноўку, адбыўся гэтак званы “тэхналягічны хлапок”, які людзі называюць проста выбухам. Лішкі газу былі спалены, паходню жыхары Горадні бачылі здалёк, некаторых гэта напужала. Улады, аднак, не сьпяшаліся апэратыўна інфармаваць насельніцтва.

На першы погляд, чыноўнікі павінны быць зацікаўленыя ў тым, каб як найхутчэй паведаміць людзям пра здарэньне. Нават калі сытуацыя цалкам пад кантролем, гэта таксама патрэбна, каб не ўзьнікала чутак і панічных настрояў. Чаму пасьля здарэньня на “Азоце” гэтага зроблена не было?

На гэтае пытаньне адказвае Ірына Алёхіна - начальнік Гарадзенскай гарадзкой інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя: “Ну так, паднялі паніку, хаця там нават выкідаў не было ніякіх на “Азоце”. Але паколькі выкідаў у атмасфэру не было, мы ніякай інфармацыі і не даем, там цягам паўгадзіны ўсё было прыведзена ў парадак. У панядзелак ужо будзе цэх запушчаны…”

Але хіба ня варта супакоіць людзей, даць ім больш інфармацыі?

Алёхіна: “Я лічу, што калі зыходзіць з таго, што людзі баяцца ўзьнікненьня надзвычайнай сытуацыі, такую інфармацыю ў нас звычайна дае МНС, калі насамрэч штосьці сур'ёзнае здарылася. Па любым факце яны ў газэтах друкуюць паведамленьні пра пажары і пра экалягічныя сытуацыі, калі яны ўзьнікаюць. Але ўчора нічога такога страшнага не адбылося”.

Спадарыня Алёхіна зазначыла, што ў горадзе існуюць чатыры стацыянарныя пасты, на якіх вядзецца пастаянны маніторынг стану паветра, але ніякіх парушэньняў у зьвязку са здарэньнем на “Азоце” зафіксавана не было.

З дому вучонага-эколяга Валянціна Лучко добра відаць комін “Азоту”, але пра здарэньне ён нічога ня чуў. Спадар Лучко сваім часам стажыраваўся ў Японіі. Як у Японіі дзейнічаюць, калі штосьці здарыцца?

Лучко: “Калі я быў у Кіёта, здарыўся выкід радыеактыўнай пары на бліжняй атамнай электрастанцыі. Інфармацыя пра гэты інцыдэнт была пададзена літаральна празь дзьве гадзіны ўсімі сродкамі масавай інфармацыі. На працы толькі і гаварылі пра інцыдэнт, бо пра яго было абвешчана па ўсіх каналах радыё і тэлебачаньня”.

Ці не важней было для гарадзенцаў пачуць пра сытуацыю на “Азоце”, чымсьці пра сельгасработы? Чаму такіх зьвестак насельніцтва не атрымлівае?

Лучко: “Нам навязваюць гэтыя радыёкропкі а-ля пачатак 1920-х гадоў якраз для тэрміновага папярэджваньня, каб паведаміць пра нейкае здарэньне, якое выклікае чуткі, а чуткі могуць перарасьці ў паніку, калі бракуе дакладнай інфармацыі. Даваць інфармацыю, каб апярэдзіць чуткі, гэта - нармальная практыка, якая павінна быць і ў нас. Тое, што гэтага ня робіцца, тлумачыцца боязьзю выклікаць неадэкватную рэакцыю кіраўнічых колаў. Бо ў нас, напэўна, нават дакладную інфармацыю нельга даць у СМІ, папярэдне не ўзгадніўшы яе з чыноўнікамі. Вось і ўсё, такое маё меркаваньне”.
XS
SM
MD
LG