Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Наталка Бабіна — літаратарка. Нарадзілася ў Заказанцы (Берасьцейшчына). Жыве пад Мінскам у Ждановічах. Піша па-беларуску і па-ўкраінску. Журналістка газэты “Наша Ніва”. Аўтарка зборніка апавяданьняў “Крыві не павінна быць відна” і раману “Рыбін горад”. Маці трох дзяцей.


Што для вас свабода?

Я ўспрымаю жыцьцё не як Свабоду, а як наканаваньне.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?

Нішто не абмяжоўвае маю Свабоду, якую я ўспрымаю як наканаваньне.


Што для вас шчасьце?

Шчасьце — магчымасьць рабіць тое, што трэба.


Чаго вы найбольш баіцеся?

Хвароб дзяцей і блізкіх людзей. Сьмерці.


Які талент вы хацелі б мець?


Граць на музычных інструмэнтах, сьпяваць галосна і прыгожа.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Такіх людзей шмат. У топ-лісьце — рэдактар “Нашай нівы” Андрэй Дынько і нацыянальны лідэр Беларусі Зянон Пазьняк.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Лавіць натхненьне.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

Усё. І пражыла б яго абсалютна інакш — хіба можна губляць такі супэрунікальны шанс?


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

“Ня можаш ср...ць, ня мучай ср..ку”. Гэтая парада датычылася ўзяцьця складанага інтэгралу і была атрымана ад маёй найлепшай сяброўкі падчас навучаньня ў Політэхнічным інстытуце.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Я пачула яго ад аднаго старога менчука, які шмат бачыў на сваім вяку, у тым ліку і вайну: “Змагацца і шукаць, знайсьці — і перахаваць”.


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

Госпадзе! Я хацела б жыць у Заказанцы — маёй роднай вёсцы, да якой бы краіны і якой бы палітычнай сыстэмы яна ні належала.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У прыгожай і незасьмечанай.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?

У эпоху Хмяльніччыны — калі б (глядзі вышэй) мела б магчымасьць пражыць жыцьцё яшчэ раз.


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Вышыхтавала ўсіх грамадзян шчыльнымі радамі і павяла б у лясы — зьбіраць сьмецьце.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Такія ж, як Эўразьвяз зь Беларусьсю.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

“Как мало берет Россия, как много дает взамен” — напісаў ня так даўно рускамоўны беларускі паэт. Але я з таго пакаленьня, якое яшчэ чула пра “Расею”, а не “Россию”, як месца, куды падчас Першай сусьветнай сілком гналі ў эвакуацыю... У той эвакуацыі загінула ці не палова гнаных... З таго часу сытуацыя мала памянялася. “Падазрыцельна” стаўлюся я да Расеі.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А вы?

Дэмакратыя — гэта лад, які гарантуе, што намі кіруюць так, як мы заслугоўваем. Дыктатура таго не гарантуе.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Ня ведаю.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Калі ўсьвядомяць, што нацыянальная ідэнтычнасьць — стрыжань асобы і галоўная зброя ў змаганьні са злом.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

Нічога добрага. Думаю, гэтыя абставіны могуць спрычыніцца да глябальнай катастрофы — бо ўсё ў сьвеце ўзаемазьвязана. Але такое цалкам можа быць, і тым большая адказнасьць кладзецца на нашы пакаленьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG