Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі зьніклых просяць не пускаць Лукашэнку ў Літву


Жонка зьніклага 16 верасьня 1999 году Віктара Ганчара, маці апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага, які зьнік 7 ліпеня ў 2000 годзе, і маці Юрыя Захаранкі, які зьнік 7 траўня 1999 году, зьвярнуліся да прэзыдэнта Літвы з просьбай не пускаць у краіну Аляксандра Лукашэнку. 16 верасьня ў Літве адбудзецца бізнэс-форум, на які можа быць запрошаны кіраўнік Беларусі.


Вольга Завадзкая, Зінаіда Ганчар і Ўльяна Захаранка накіравалі ліст прэзыдэнту Літвы Далі Грыбаўскайце. Жанчыны адзначаюць, што бізнэс-форум адбудзецца менавіта на дзясятую гадавіну зьнікненьня палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.

3-га верасьня ліст быў перададзены амбасадару Літвы. Яго аўтары зьвяртаюць увагу пра наяўнасьць доказаў дачыненьня вышэйшых асобаў дзяржавы да злачынных дзеяньняў і просяць задаць Аляксандру Лукашэнку пытаньні пра лёс сваякоў, у іншым выпадку — не запрашаць яго ў краіну.
Мы хочам, каб нейкія адказы нам прыйшлі з адміністрацыі кіраўніка Беларусі


“Нашы шматлікія хадайніцтвы аб праверцы дачыненьня да злачынстваў вышэйшых асобаў дзяржавы кампэтэнтнымі органамі нематывавана адхіляліся. Улады Беларусі працяглы час дэманструюць нежаданьне расьсьледаваць гэтыя справы”,- гаворыцца ў лісьце.

16 верасьня 1999 году Зінаіда Ганчар і Ірына Красоўская чакалі сваіх мужоў усю ноч, а раніцай пакінулі заяву ў міліцыі пра тое, што іх мужы разам паехалі ў лазьню і больш яны іх ня бачылі.

Паколькі Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі зьніклі праз чатыры месяцы пасьля зьнікненьня экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, у людзей не было сумневу ў тым, што мелі месца палітычныя выкраданьні.

Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што нібыта Ганчара і Захаранку бачылі за мяжой. Але афіцыйнага адказу на звароты сваякоў зьніклых так і не было.

Сьледчыя дапыталі некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку камандзіра палку спэцназу Зьмітра Паўлічэнку. Згодна з загадам Аляксандра Лукашэнкі, палкоўніка, які падазраецца ў выкраданьнях людзей, адпусьцілі са сьледчага ізалятара.
Ня трэба праводзіць палітыку, у якой няма сэрца і душы, маралі


Менш чым праз год зьнік апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Былых байцоў спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” абвінавацілі ў выкраданьні журналіста, але ягоны лёс дагэтуль невядомы. Гаворыць Вольга Завадзкая:

“Мы хочам, каб нейкія адказы нам прыйшлі з адміністрацыі кіраўніка Беларусі. Мы давялі да ведама кіраўніка Літвы, што нічога з боку адміністрацыі Лукашэнкі ня робіцца.

Мы прасілі прыняць яго, альбо не прыняць. Калі прыняць, то задаць яму вызначаныя пытаньні. Альбо, на падставе таго, што мы ёй паведамілі — не прыняць яго”.

Сваякі зьніклых зьвярталіся ня толькі да кіраўніка Беларусі, але й да прэзыдэнтаў краінаў Эўразьвязу, Расеі і ЗША. Шэраг службоўцаў, якіх падазравалі ў датычнасьці да выкраданьня людзей, трапілі ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу і ЗША.

Юры Захаранка і Віктар Ганчар дагэтуль застаюцца ганаровымі сябрамі АГП. Іх паплечнікі неаднаразова зьвярталіся ў пракуратуру з просьбай расьсьледаваць іх зьнікненьне і даць адказ.

Лідэр партыі Анатоль Лябедзька лічыць лягічным зварот сваякоў зьніклых да прэзыдэнта Літвы.

“Ня трэба праводзіць палітыку, у якой няма сэрца і душы, маралі. Вось тое, што хочуць сказаць сваякі. Тым больш што беларускія ўлады нават у пэрыяд так званай лібэралізацыі не прыкладаюць ніякіх намаганьняў, каб даць зразумелыя адказы нават ня толькі пра тое, хто арганізатар забойстваў, але нават пра тое, што расьсьледаваньне праводзіцца”.

Сёлета ўлады не далі дазволу на правядзеньне ланцуга ў дзясятую гадавіну зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Цягам амаль шасьці гадоў за ўдзел у акцыях салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых арышты адбылі некалькі соцень чалавек, яшчэ некалькі дзясяткаў студэнтаў былі адлічаныя з унівэрсытэтаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG