Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што абавязаныя рабіць улады Беларусі для захаваньня беларускай мовы?


Грамадзкі рэдактар тыдня — галоўны рэдактар тыднёвіка “Наша слова” Станіслаў Суднік — замовіў журналістам “Свабоды” падрыхтаваць перадачу на тэму: “Што мусіць зрабіць дзяржава дзеля захаваньня беларускай мовы?”

Спэцыялізаваная структура Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у пытаньнях адукацыі навукі і культуры (UNESCO) заявіла пра пагрозу зьнікненьня беларускай мовы. Ад сёлета гэтая міжнародная арганізацыя зарэгістравала нацыянальную мову беларусаў у міжнародным атлясе “Мовы сьвету ў небясьпецы” (“World's Languages in Danger”). Што абавязаныя рабіць улады Беларусі для захаваньня беларускай мовы?

Заява ЮНЭСКО пра магчымасьць зьнікненьня беларускай мовы падштурхнула кіраўніцтва аршанскага музэю імя Ўладзімера Караткевіча супольна з гарадзкімі ўладамі правесьці ў горадзе тыдзень роднай мовы. Але тэматычныя выставы, адмысловыя экскурсіі і творчыя сустрэчы цягам аднаго тыдня — гэта далёка ня ўсё, што можа зрабіць дзяржава для папулярызацыі роднай мовы, мяркуе навуковы
Далёка ня ўсе маладыя спэцыялісты пасьля ВНУ добра валодаюць беларускай мовай.
супрацоўнік музэю Марыя Нікіфарава:

“Увесьці беларускую мову ў праграму выкладаньня ВНУ, каб моладзь, якая заканчвае ВНУ, добра размаўляла па-беларуску. Бо далёка ня ўсе маладыя спэцыялісты пасьля ВНУ добра валодаюць беларускай мовай. У школах таксама — гадзіны па вывучэньні той жа гісторыі Беларусі скарачаюцца. Падручнікі па гісторыі друкуюць на расейскай мове. Я думаю, што ня варта гэтага рабіць”.

Летась Берасьцейскі аблвыканкам выступіў з ініцыятывай для чыноўнікаў: адзін дзень на тыдзень размаўляць па-беларуску. Абласныя ўлады Магілёўшчыны сёлета прадоўжылі і пашырылі гэтую ідэю: стварылі адмысловую камісію па распрацоўцы праграмы вяртаньня беларускай мовы ў публічнае жыцьцё. Зараз чыноўнікі абмяркоўваюць дасланыя прапановы, але пытаньне захаваньня роднай мовы выходзіць далёка за рамкі любой праграмы, кажа галоўны спэцыяліст управы культуры Магілёўскага аблвыканкаму Аляксандар Ліпскі:

“Гэта трэба зламаць псыхалёгію, а таксама зь дзяцінства вывучаць беларускую мову. Бо ў мяне, да прыкладу, псыхалёгія савецкая. У мяне, папраўдзе сказаць, нават у школе беларускай мовы не было, мы не вывучалі беларускую мову. Але калі б так здарылася, што ўсе раптам загаварылі па-беларуску, каб да мяне ў кабінэт прыходзілі людзі і размаўлялі па-беларуску, то праз два-тры дні і я б размаўляў, прынамсі напалову. Натуральна, што мы павінны захоўваць і разьвіваць беларускую мову, бо мы ж кажам пра сувэрэнітэт і заўсёды падкрэсьліваем, што нават у зямлянкі гатовыя пайсьці дзеля яго абароны. А калі ёсьць сувэрэнітэт, калі ёсьць беларуская дзяржава, то і мова павінна разьвівацца і павінна быць калі не на другім месцы, то на першым абавязкова”.

Напярэдадні 1 верасьня актывісты “Маладога фронту” правялі пэрформанс “Вучыцца па-беларуску”, заклікаючы ўлады пашыраць беларускамоўнае навучаньне ў школах. Маладафронтаўцы таксама праводзілі шэраг іншых акцыяў у падтрымку роднага слова, у тым ліку за беларусізацыю апэратараў мабільнай сувязі, грамадзкага транспарту і вулічнай рэклямы. Але тут перадусім неабходна мець падтрымку дзяржавы, заяўляе лідэр МФ Зьміцер Дашкевіч:

“Насуперак антынацыянальнай палітыцы, якая ёсьць у нашай дзяржаве, беларуская мова карыстаецца вялікай папулярнасьцю. Усё больш і больш моладзі размаўляе па-беларуску, фармуецца мас-культура, зьяўляецца беларускамоўная музыка. Гэта сьведчыць пра попыт на мову, і яна мае пэрспэктывы для разьвіцьця, а таму павінна быць дзяржаўная палітыка, перадусім у сфэры адукацыі. Мы ня маем
Насуперак антынацыянальнай палітыцы беларуская мова карыстаецца вялікай папулярнасьцю.
ніводнай ВНУ, дзе б выкладаньне цалкам вялося па-беларуску. І школьнікі, якія заканчваюць нават беларускія школы, пасьля ня ведаюць, што ім далей рабіць з гэтай беларускай мовай”.

Каб ратаваць беларускую мову, захадаў існуе дастаткова, у тым ліку з ініцыятывы дзяржаўных уладаў. Аднак усе яны фармальныя і на практыцы не рэалізоўваюцца, канстатуе старшыня Таварыства беларускай школы Алесь Лозка:

“Любое пытаньне ўзяць — да прыкладу, рэформы школы. Відавочна, што мы тут шмат у чым прайграем, вельмі пасьпешна была
зробленая гэтая рэформа. Беларуская мова на дзяржаўным тэлебачаньні, у СМІ, стаўленьне да роднай мовы чыноўнікаў — тут вельмі шмат можна казаць, як выправіць становішча. Але самае галоўнае, што яно не выпраўляецца, хоць я ўпэўнены, што гэта давядзецца рабіць у будучыні. Бо становішча мовы проста жахлівае і ў адукацыі, і ў культуры, і ўвогуле ўсюды”.

Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны зьвярнулася да кіраўніка краіны з прапановай абвясьціць 2010 год Годам беларускай мовы, а таксама ўключыць у парадак працы Палаты прадстаўнікоў пытаньне пра зьмены ў “Закон аб мовах”. Аднак старшыня таварыства Алег Трусаў перакананы, што ў захаваньні, разьвіцьці, папулярызацыі і масавым выкарыстаньні роднай мовы з боку дзяржавы можа быць адзін і галоўны крок:

“Прэзыдэнт і ўсе міністры павінны размаўляць па-беларуску пры любых абставінах, так, як яны робяць гэта зараз па-расейску, і больш нічога рабіць ня трэба. Праз год усё стане на сваё месца. У нас цудоўнае заканадаўства. Яно дазваляе нам ні слова не казаць па-расейску, так, як гэта зараз робяць зь беларускай мовай. Таму нічога ня трэба мяняць, дастаткова толькі кіроўнаму клясу перайсьці на беларускую мову, і за год-два бацькі цугам пабягуць у беларускія школы, а рэктары пачнуць пераводзіць ВНУ на беларускую мову. Бо беларусы размаўляюць на мове начальства”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG