Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты падстаўляюцца, калі іхны пратэст беспадстаўны


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу 4 верасьня.


Мяркуючы па тэлефанаваньнях, людзі ўсё больш выразна адчуваюць старт чарговай выбарчай кампаніі.

Cпадарыня: “Калі Лукашэнка прызнаўся ў тым, што ён сфальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары, ён і Ярмошына павінны былі быць арышаваныя. Аднак пракуратура з апэтытам праглынула прызнаньне Лукашэнкі”.

Спадарыня: “Ніякіх новых прэзыдэнтаў у нас ня будзе, бо будзе толькі гэты. Новы можа зьявіцца толькі тады, калі будзе абмежаваны тэрмін канстытуцыйнага тэрміну прэзыдэнта на пасадзе, а яго няма!”

Спадар: “Як толькі наступае час прэзыдэнцкіх выбараў, Лукашэнка зноў абяцае народу, што верне ільготы. Як ён ужо вярнуў уклады... Досыць дурыць народ, Лукашэнка!”

Не застаюцца ўбаку й чаканыя “дажынкі” — сьвята заканчэньня ўборкі ўраджаю, якое пройдзе гэтым разам на Берасьцейшчыне. Тут сёлета ня толькі займаюцца рамонтам дамоў ды дарог — гасьцей чакае сюрпрыз: аквапарк у райцэнтры.

Спадарыня: “У сьпешцы будаваны ў Кобрыні аквапарк раптам аднойчы абрынецца. Грамадзкасьць, напэўна, ня будзе пратэставаць, як маўчыць яна і сёньня. Папросту будуць моўчкі і ўслых пляжыць тых, хто мае свой голас ужо сёньня. Вось такое яно, наша грамадзтва...”

Мы папрасілі пракамэнтаваць гэтае меркаваньне грамадзкага рэдактара тыдня — аднаго зь лідэраў гарадзенскай абласной філіі Партыі БНФ Станіслава Судніка.

Суднік: “Гэта — галаслоўна. Нічога дрэннага ня бачу ў тым, што ў нашай краіне некаторыя аб’екты будуюцца хутка. Іншая справа, каб пры гэтых тэмпах захаваць неабходныя тэхналягічныя патрабаваньні. А што да незадаволенасьці шарагоўцаў наконт нейкіх дзеяньняў актывістаў, то часта тое тлумачыцца тым, што мы актыўнічаем на такіх вось надуманых будоўлях, па надуманых прычынах. Калі ж трымаць руку на пульсе жыцьця, дык зараз трэба засяроджвацца не на аквапарку ды лёдавых палацах, а, напрыклад, на скарачэньні працоўнага тыдня, што, адпаведна, адбіваецца на заробках…”

Мы штодня просім вас ня толькі дзяліцца сваімі думкамі пра набалелае, але і ацэньваць працу рэдакцыі. Слухаем:

Спадар: “Я лічу, што сёньняшняе эсэ Дубаўца трэба надрукаваць! Там ёсьць парады, як жыць, за што змагацца — вельмі добрыя словы. Надрукуйце, зьмясьціце ў газэтах”.

Паважаны слухач! Эсэ Сяргея Дубаўца апублікаваныя ў інтэрнэце і ў асобнай кнізе з сэрыі Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе”.

Тацяна Барэль, Асіповічы: “Сёньня быў дзень народзінаў Алеся Адамовіча. На жаль, так ніхто і ня ўспомніў пра гэты дзень”.

Ну, і напрыканцы — пажаданьні беларускаму ўраду ад слухачоў “Свабоды”.

Спадар Яцкевіч: “У кожным раённым цэнтры лядовыя палацы хутка вымруць, там ня будзе каму ганяцца за гэтай шайбай. Ды цэны якія! Сьмеху варта, калі тры праграмы хакейныя ідуць па тэлебачаньні! Прыдурства адно дый годзе!”

Валер Курневіч, Барысаў: “Падчас крызісу трэба ахову прэзыдэнта скарачаць, на бясьпеку яго безь перашкод, кажуць, ідзе 37 мільёнаў рублёў штогод. Можа, хопіць на ўсенародна абранага прэзыдэнта майго, на ахову яго і аднаго, як некалі пры Леніне было? А зэканомленае трэба на мэдыцыну дадаць, каб падпітаць яе слабыя капіляры”.


Надваем: тэлефон “Свабоды” у Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG